Профсоюзы
Вячаслаў Кулік, ”Радыё Свабода”

Алена Захожая выходзіць з галадоўкі

Прызначаная на сёньня ў Бабруйску сустрэча кіраўніцтва акцыянэрнага таварыства “Белшына” й прадстаўнікоў Беларускага незалежнага прафсаюзу некалькі разоў пераносілася. На гэты час ні старшыня прафсаюзу Васіль Корабаў, ні намесьнік генэральнага дырэктара “Белшыны” Аляксандар Казлоў не камэнтуюць гутаркі. Тым часам лекары, родныя й сябры дапамагаюць Алене Захожай выйсьці з галадоўкі. Жанчына, якая працуе на “Белшыне” электрыкам, на 29-ты дзень галадоўкі страціла прытомнасьць на працоўным месцы й цяпер знаходзіцца ў гарадзкой бальніцы Бабруйску.

Ад вынікаў сёньняшняй сустрэчы на “Белшыне” залежала тое, ці хутка Алена Захожая вырашыць спыніць галадоўку. Але ўжо ў першай палове дня адбыўся кансыліюм мэдыкаў, якія канстатавалі, што для захаваньня здароўя Алена Захожая мае выйсьці з галадоўкі. Лекарам галадоўніца верыць:

(Захожая: ) “Вельмі добрыя. Усе вельмі ўважлівыя. Сёньня абсьледаваньне зрабілі. Аналізы ўзялі”.

Са словаў Алены Захожай, сёньня ёй ставяць кропельніцы, прапісалі лекі для сэрца й прэпараты, што зьніжаюць артэрыяльны ціск. Жанчына кажа, што п’е сок. На рэабілітацыі галадоўніцы настойваюць і яе сябры.

Гаворыць старшыня першаснай арганізацыі БНП “Белшыны” Рыгор Спасюк:

(Спасюк: ) “Я размаўляў і даводзіў пра выхад з галадоўкі. Нагадваў пра зварот Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Казаў, што такая ахвяра не патрэбная. Нагадваў пра іншыя пэўныя магчымасьці гутарыць з кіраўніцтвам”.

Погляд на сытуацыю сябра БНП Міхала Ўсьціновіча:

(Усьціновіч: ) “Нешта ўсё падобнае больш да гульні, чым да вырашэньня пытаньняў. Сёньня я даведаўся, што генэральны дырэктар “Белшыны” ўжо ў адпачынку. Відаць, што калі адміністрацыі “да лямпачкі”, то неабходна іншыя мэтады шукаць. Навошта нішчыць сваё здароўе?! Прапановы такія: зрабіць заяву, што акцыя перапыняецца, і расставіць усе кропкі над і”.

* * *

Алена Захожая пачала галадоўку пратэсту 3 кастрычніка. Раней адміністрацыя таварыства “Белшына”, канцэрн “Белнафтахім” і гарадзкі суд Бабруйску адмовіліся разглядаць заяву першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу “Белшыны”. Сябры БНП патрабавалі выплаціць ім прэміяльныя да Дня хіміка й даплаты на аздараўленьне, якія атрымалі іншыя працаўнікі “Белшыны”. Адміністрацыя гэтага прадпрыемства абвінавачвалася таксама ў дыскрымінацыі БНП, бо пазбавіла арганізацыю юрыдычнага адрасу.

Цягам акцыі пратэсту Алены Захожай і яшчэ дзевяці чалавек кіраўніцтва “Белшыны” саступіла матэрыяльным патрабаваньням галадоўнікаў. Ці зарэгіструюць суполку БНП, пакуль што ня вырашана.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)