Филин

Юлія Кот

Алена Маслюкова: «Што робяць у дзіцячым садку памочнік пракурора і АМАП у студэнцкім інтэрнаце? Гэта абсалютнае вар’яцтва»

Праваабаронца і педагог — пра запалохванне і пакорлівасць як метады навучання.

На пачатку снежня ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня» зладзілі «дзелавую гульню» пад назвай «Суд над экстрэмізмам». Яе ўдзельнікамі былі навучэнцы профільнага атраду з красамоўнай назвай «Клуб будучых выбаршчыкаў».

Мерапрыемства праходзіла пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі і грамадазнаўства Ігара Новікава, які распавёў правілы, раздаў ролі і, мяркуючы па фотасправаздачы, сам выканаў ролю суддзі.

«Мэтай дзелавой гульні было стварэнне ўмоў для фарміравання ўстойлівай адмоўнай пазіцыі ў дачыненні да праяваў экстрэмізму ў навучэнцаў, — паведамляе сайт цэнтру. — Вынікам судовага паседжання стала вынясенне прысяжнымі засядальнікамі, у ролі якіх выступілі навучэнцы профільнага атраду, абвінаваўчага вердыкту, які лёг у аснову прысуду».

Падлеткі ў ролі пракурораў, сведак і пацярпелых у «экстрэмісцкай справе», гульня ў суд, хіба толькі без кратаў і кайданкоў, — ці гэта наогул пра адукацыю і выхаванне? І што насамрэч фарміруюць падобныя мерапрыемствы — разуменне, як працуе беларуская судовая сістэма, альбо абсалютную лаяльнасць да дзеючай улады, яе рашэнняў і прысудаў?

— Калі я прачытала гэтую навіну, я таксама была ў абсалютным шоку, — прызнаецца ў каментары Филину праваабаронца і педагог з больш як 25-гадовым досведам Алена Маслюкова. — Прычым у шоку ва ўсіх іпастасях: і як праваабаронца, і як былая настаўніца, і як маці і бабуля.

Алена Маслюкова

Нават не магу так адразу вызначыць, што ўва мне ўзбурылася найперш. Пэўна, усё ж былая настаўніца, а потым праваабаронца і ўсё астатняе, бо, дзякуй богу, не патрапіўся такі Ігар Уладзіміравіч у якасці настаўніка майму сыну і маім унукам.

Выкладаючы гісторыю і грамадазнаўства, гаворыць Алена Маслюкова, можна ўжываць методыку «дзелавой гульні», якую спрабавалі выкарыстаць у «Зубраняці». Але ж справа не ў методыцы, а ў сэнсе і пастаўленай мэце — чаго выкладчык хацеў дасягнуць?

— Я адмыслова для сябе адзначыла: у справаздачы аб мерапрыемства гаворыцца пра «фарміраванне ўстойлівай адмоўнай пазіцыі да экстрэмізму» — прабачце. Але якім бокам клуб выбарцаў адносіцца да экстрэмізму?

Сілілася гэтыя паняцці звесці ў адзінае цэлае — і зразумела, што зараз уся сістэма адукацыі накіраваная не на адукацыю, а на выхаванне грамадства, якое б не ставіла пад сумнеў ні словы, у дадзеным выпадку, выкладчыка, ні прысуды, каторыя выносяцца ў цяперашніх беларускіх судах, ні прамовы так званага кіраўніка дзяржавы.

Гэта такі пакорлівы статак, які будзе выконваць любы загад. Некалі Бертальд Брэхт напісаў верш, праз які Гітлер пасля забараніў усю ягоную творчасць: «Ідуць бараны і б’юць у барабаны,/ І скуры нясуць бараны/ На новыя барабаны». Вось гэты ўрок мне цалкам нагадаў той верш. Бо ў ім няма выхавання. Няма сэнсу ўсіх гэтых дзеянняў, акрамя як, па-першае, напалохаць гэтых маладых людзей, а па-другое, загнаць іх у пэўныя рамкі, за межы якіх яны не змогуць выйсці ні фізічна, ні ментальна, аналізуючы сітуацыю.

Алена Маслюкова прыгадвае, як калісьці была ў Польшчы ў прыватнай трохступенчатай гімназіі, дзе існаваў школьны парламент, адбываліся выбары і прымаліся законы, паводле якіх жыла школа.

— І вось тое, што я бачыла ў Польшчы, і тое, што прачытала пра «Зубраня» — гэта два абсалютна, цалкам супрацьлеглых света....

Зараз усю Беларусь запалохалі «экстрэмізмам». Мне падаецца, нават Крымінальны кодэкс «заточаны» менавіта на тое, каб паўсюль знаходзіць «экстрэмізм». Але паўстае пытанне: чаму да 2020 года Беларусь была спакойнай краінай, з законапаслухмянымі грамадзянамі, і раптам усе ператварыліся альбо ў «экстрэмістаў», альбо, крый божа, у «тэрарыстаў», а ў некаторых выпадках — у тых і другіх.

То бок жылі сабе спакойна выкладчыкі, медыцынскія сёстры, студэнты, супрацоўнікі ІТ-сферы, грамадскіх арганізацый, журналісты, — і знянацку сталі «экстрэмістамі». Тады хто ж у гэтым вінаваты?

Напэўна, трэба задаваць пытанні кіраўніцтву краіны, чаму яно зрабіла грамадства «экстрэмісцкім». Чаму ў «экстрэмісцкім» спісе больш як 3,5 тысячы чалавек, і ці адпавядаюць вынесеныя ім прысуды значэнню слова «экстрэмізм»? А яны ў спісе выключна таму, што прага да ўлады адной асобы большая, чым сіла волі ўсіх гэтых і многіх іншых людзей. Як грамадзянка Беларусі я не магу гэта прыняць.

Мэтай падобных «гульняў», мяркуе Алена Маслюкова, з’яўляецца не развіццё мысліцельных працэсаў у падлеткаў, не навучанне іх жыццю ў грамадстве, і ўжо дакладна не дэманстрацыя таго, што судовая сістэма мусіць грунтавацца на Канстытуцыі і абараняць правы чалавека.

— Хоць, як мне падаецца, з самых малодшых класаў у школе, і нават з дзіцячых садкоў, найперш павінен быў быць арганізаваны курс па вывучэнні правоў чалавека і тлумачэнні ўніверсальнасці гэтых правоў.

Каб кожны з маленства засвоіў, што такое яго права — на выбар, на мірны сход, на свабоду выказвання; што ён мае гэтыя правы і можа іх адстойваць. Гэтаму дзяцей трэба вучыць, бо не кожныя бацькі і самі разумеюць, што робіцца ў краіне, не кожны дарослы можа прааналізаваць і данесці гэтую сітуацыю.

Якраз задача адукацыі — распавесці і навучыць крытычна мысліць. А такія мерапрыемствы, па сутнасці, дыскрэдытуюць сістэму адукацыі ў поўным аб’ёме. Таму вельмі балюча за тое, што адбываецца сёння з Беларуссю, што робяць з беларускім грамадствам, з дзецьмі, якія павінны стаць светлай будучыняй, асновай развіцця нашай краіны — і мне сорамна за тое, што робяць такія настаўнікі.

Што робіць у дзіцячым садку памочнік пракурора? Што робіць АМАП у студэнцкім інтэрнаце, а суддзя з выязным працэсам над 48-гадовым мужчынам — у баранавіцкім каледжы? На мой погляд, гэта абсалютнае вар’яцтва.

Памятаеце, у фільме «Іронія лёсу» казалі, што памылкі настаўнікаў не такія заўважныя, як памылкі дактароў, але абыходзяцца грамадству не менш дорага. Я з гэтым пагаджуся. Бо чалавек можа загінуць не толькі калі памыляецца хірург, але і калі памыляецца настаўнік. Не фізічна — але маральна, этычна можна знішчыць нацыю, што зараз і робіцца, каб дагадзіць аднаму чалавеку і ягонай празе да ўлады.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(19)