Для мяне ўсё, што робіць нелегітымная ўлада ў Беларусі, выглядае абсалютным дзікунствам. Фашызм асуджаны сусветнай супольнасцю. Як можна судзіць сёння чалавека, які ляжыць у труне?
Алена Маслюкова: «Фашызм асуджаны сусветнай супольнасцю. Як можна судзіць сёння чалавека, які ляжыць у труне?»
Праваабаронца — у інтэрв’ю Филину пра завочныя суды аб генацыдзе насельніцтва БССР у гады Другой сусветнай вайны, якія пачнуцца ў Беларусі напрыканцы года.
— Думаю, у канцы гэтага года мы пачнем завочныя працэсы ў беларускіх судах ў дачыненні не толькі яшчэ жывых катаў, але і памерлых, — цытуе заяву генпракурора Андрэя Шведа ў БДУІР прэс-служба Генпракуратуры.
Пра тое, якіх мэтаў хочуць дасягнуць улады, ініцыюючы завочныя суды, абмяркоўваем з праваабаронцай Аленай Маслюковай.
— Праблемамі генацыду пачалі займацца адразу пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, і рабіла гэта ўся цывілізаваная супольнасць. Адбыўся Нюрнбергскі працэс. Стварыўся прэцэдэнт, што асобы, якія датычныя да гвалту, да нечалавечых адносінаў да людзей, якія правакавалі, ініцыявалі вайну, якія здзейснілі злачынства супраць чалавечнасці і чалавечай годнасці, мусяць быць прыцягнутыя да адказнасці.
У Беларусі таксама ваенныя злачынцы былі пакараныя. Што зараз хоча ініцыяваць пракурор Швед, мне незразумела.
На маю думку, гэта хутчэй за ўсё спроба паставіць акцэнты не на тыя моманты гісторыі. Гэтая ўлада, якая сёння катуе людзей, якая прыцягвае да крымінальнай адказнасці невінаватых, і пры гэтым пракуратура на ўсё беззаконне заплюшчвае вочы, проста пераносіць акцэнты з сучаснай сітуацыі, якая адбываецца ў Беларусі з правамі чалавека, на тое, што рабілася фашысцкай Германіяй у 30-40-я мінулага стагоддзя. Для іх гэта нармальная практыка.
Успомніце, у 2020-м годзе пасмяротна прызналі вінаватымі людзей, якія загінулі падчас пратэстаў, а тых, хто забіваў, прызналі пацярпелымі. І тое, што зараз збіраюцца зрабіць улады, гэта паўтарэнне пройдзенага для іх матэрыялу. Напэўна, яны думаюць, што змогуць змясціць акцэнты, хаваючы свае парушэнні закона і свае злачынствы. Мяркую, што зараз у іх ужо нічога не атрымаецца.
Над ім суд ужо адбыўся — і гэта быў вышэйшы суд, на які мы не можам паўплываць. Яму ўжо быў вынесены прысуд. Больш жорсткі пэўна, чым сёння пракурор Швед можа запатрабаваць, умоўна кажучы, у судзе Добрушскага раёна.
— Генпракурор Швед казаў пра тое, што разгляд у судах спраў, звязаных з расследаваннем генацыду, дазволіць «вызначыць віну канкрэтных фашыстаў, нават тых, якія памерлі, дзеля таго, каб нашчадкі ведалі, у чым была іхняя віна».
— Мы і так ведаем імёны усіх фашыстаў, якія былі асуджаныя. Няхай Швед вывучае гісторыю. У тым ліку і сапраўдную гісторыю Беларусі, і тады напэўна адбудуцца працэсы і над нашчадкамі тых, хто катаваў у ГУЛАГу людзей.
Чаму нквдэшнік, які забраў майго дзеда, завёз яго на Салаўкі і там дзед згінуў, не з’яўляеццца злачынцам? Ён жа удзельнічаў у генацыдзе супраць беларускай нацыі?
Пытанне таксама да ўладаў: чаму не адкрылі архівы КДБ? Чаму не адкрылі архіўныя дакументы, якія тычацца Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі, партызанскага руху, рэпрэсій, якія рабіліся?
Я разумею, што нашчадкі не вінаватыя ў тым, што рабілі іх бацькі ці дзеды. А кожны чалавек за свае дзеянні мусіць несці персанальную адказнасць. Таму трэба адкрываць архівы і паказаць ўсяму свету, што на тэрыторыі Беларусі рабіла савецкая ўлада.
Так што ініцыятывы беларускай пракуратуры выглядаюць, умоўна кажучы, слабенькімі патугамі змясціць акцэнты і адвесці віну ад сябе саміх, бо сённяшнія ўлады і сілавыя структуры настолькі сябе заплямілі, што ніколі не адмыюцца ад гэтага.
Паглядзіце, колькі ў СІЗА і па турмах сядзіць невінаватых людзей. Колькі ў папраўчых калоніях сядзіць… У краіне амаль паўтары тысячы палітзняволеных — гэта толькі тых, каго прызналі вязнямі сумлення. А пра каго мы не ведаем… Каго не прызналі… Пра гэты генацыд трэба казаць!
Бо катуюць людзей за ідэю, за тое, што хочуць жыць у нармальнай цывілізаванай краіне, пры дэмакратычнай сістэме кіравання.
Трэба ўсвядоміць — пакуль людзі не навучацца цаніць агульначалавечыя каштоўнасці, пакуль не зразумеюць, што свабода даражэй за жыццё, не думаю, што будзе штосьці хутка змяняцца. А такія каштоўнасці, як свабода ад катаванняў, права на жыццё, права на свабоду слова і думкі, якія з’яўляюцца неад’емнымі правамі чалавека, дзяржава не мае права аднімаць у людзей.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное