Общество
Ганна Соўсь, Радыё Свабода

«Алексіевіч закідалі ветлівыя прапановы, каб яна была ў выказваньнях мякчэйшай. А яна не захацела»

Празь некалькі дзён Сьвятлана Алексіевіч спраўляе 70-гадовы юбілей. Што дала Беларусі Нобэлеўская прэмія Алексіевіч? Ці зьмянілася пісьменьніца? Ці зьмянілася стаўленьне да яе? Абмяркоўваюць Юры Дракахруст, Сяргей Дубавец, Аляксандар Лукашук і вядучая Ганна Соўсь.

Тры гады таму ў Стакгольме Сьвятлана Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію па літаратуры. Сваю нобэлеўскую лекцыю ляўрэатка прамаўляла па-расейску, але ў прамове на ўрачыстасьцях яна гаварыла і па-беларуску:

«Я хацела б, каб у гэтай цудоўнай залі прагучала беларускае слова, мова майго народу:

У адной беларускай вёсачцы старая жанчына праводзіла мяне са словамі: «Хутка мы разыдземся з табой у розныя бакі. Дзякуй табе, што ты слухала мяне і панясеш маю больку людзям. Прашу цябе, калі пойдзеш, агляніся на маю хатку. Агляніся не адзін, а два разы. Другі раз чалавек аглядваецца не па чужынцы, а ўжо з сэрцам...

Я хачу падзякаваць вам за ваша сэрца, за тое, што вы пачулі наш боль».

— Прызнаюся, што слухаючы гэта ў жывой трансьляцыі, не стрымала сьлёз. Сяргей, вы тады напісалі ў блогу, што заплакалі, калі пачулі гэтыя словы. Чаму?

Сяргей Дубавец: Мабыць, азірнуўся другі раз на Алексіевіч. Гэта жарт, вядома. Заплакаў ад пачуцьцяў, якія перапаўнялі мяне. Потым падумаўшы, я адчуў, што гэта былі, як мне падалося, сьлёзы Ларысы Геніюш, якая ўсё жыцьцё аддала Беларусі, Беларусі вечна паганянай, непрызнанай у сябе ж на радзіме, якая раптам апынаецца ў эліце сусьветных культураў. Гэта вельмі важнае прызнаньне, сымбалічнае, вельмі важнае на нейкім базавым узроўні чалавека. Таму што Нобэлеўская прэмія ў літаратуры — гэта не інтэрпрэтацыі, сярод якіх мы бясконца жывем, спрачаемся, сварымся, а гэта — дадзенасьць, якую нічога ня зьменіць.

— Шмат гадоў у сьвеце Беларусь выклікала хіба не адну ўстойлівую асацыяцыю — Лукашэнка, часам Чарнобыль. І ўсё. Пасьля 2015 году ці зьявілася ў сьвеце станоўчая візытоўка краіны: Беларусь-Алексіевіч?

Аляксандар Лукашук: Любы сапраўдны пісьменьнік — грамадзянін свайго тэксту, прапіска ў яго пашпарце — назвы яго кніг. Але сам пашпарт усё ж выдадзены Беларусьсю. Менавіта — дзейсны пашпарт. Арыгінальны, савецкі, даўно скончыўся, ён быў, але сплыў. І Нобэлеўскую прэмію атрымала грамадзянка Беларусі Алексіевіч Сьвятлана Аляксандраўна, украінка па маці, беларуска па бацьку, якая піша па-расейску, а чытаюць яе па-беларуску і па-ангельску, па-швэдзку і па-нямецку, па- кітайску і па-японску — і на ўсіх вокладках напісана, што гэта пісьменьніца зь Беларусі ці беларуская пісьменьніца. Для Беларусі на міжнародным полі гэта зьява, думаю, раўназначная вываду ядзернай зброі. Зьяўленьне нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч — як вяртаньне самай магутнай зброі ў арсэнал Беларусі.

— Падчас цырымоніі ўручэньня Нобэлеўскай прэміі Сьвятлану Алексіевіч прадстаўлялі, як беларускую пісьменьніцу. Але ўсе яе кнігі напісаныя па-расейску. Ці ўспрымаюць яе ў Расеі як сваю ляўрэатку ў шэрагу — Бунін, Пастарнак, Шолахаў, Салжаніцын, Бродзкі?

Юры Дракахруст: І так і не. З аднаго боку гэта аўтарка, якая піша на расейскай мове. Дарэчы, палітычныя расколы, якімі ў свой час суправаджаліся Нобэлеўскія прэміі Буніну, Пастэрнаку, Салжаніцыну, адбываюцца і зараз наконт Алексіевіч. Мы чулі галасы ў Расеі, што гэта, маўляў, Захад даў ёй прэмію, каб нагадзіць Расеі. І гэта гаварылі даволі вядомыя, аўтарытэтныя людзі, не адно штатныя прапагандысты. Так што расейская традыцыя і тут вытрымліваецца. Пасьля ўручэньня ёй прэміі гучалі ў Расеі галасы, а ці ня стане яна пасьля гэтага расейскай палітычнай фігурай. Але ў мяне адчуваньне, што ў расейцаў узьнікла пэўная дыстанцыя, адчуваньне, што Алексіевіч — не зусім іх. Яе прэмія абазначыла пэўную мяжу, культурную ў тым ліку.

— А ці зьмянілася стаўленьне грамадзтва да Алексіевіч пасьля яе прэміі? Не сакрэт, што некаторыя раней адмаўлялі Алексіевіч нават у прыналежнасьці да беларускай культуры, літаратуры. Ці гэта зьмянілася? ​

​Сяргей Дубавец: Зьмянілася, таму што тыя, хто адмаўляў, перасталі бачыць у гэтым сэнс. І потым гэта ўсяго толькі словы. Я прывяду прыклад беспрэцэдэнтнага грамадзкага чыну, грамадзкай справы, калі на плятформе «Вулей» абвясьцілі збор сродкаў на выданьне пяцітомніка Сьвятланы Алексіевіч па-беларуску. Я, шчыра кажучы, трошкі затаіў дыханьне, што ж гэта будзе і як яно пойдзе. Абсалютна беспрэцэдэнтны і на «Вулею» і сярод грамадзкіх чынаў вынік — людзі сабралі ў шэсьць разоў больш сродкаў, чым трэба было. Калі зьяўляецца з такімі вынікам супольнае грамадзкае дзеяньне, побач з гэтым грамадзкае меркаваньне ня мае асабліва значэньня, асабліва ў нас у Беларусі, дзе грамадзкае меркаваньне вельмі адноснае.

— А ці назвалі бы вы яе савецкай антысавецкай пісьменьніцай?

Юры Дракахруст: У пэўным сэнсе так. І чым далей тым больш. Алексіевіч мяняецца. Яе палітычныя погляды сталі больш выразнымі і больш рэзкімі. Я думаю, што ёй закідалі і з афіцыйнага Менску, і з афіцыйнай Масквы ветлівыя прапановы, каб яна была ў палітычных выказваньнях мякчэйшай. А яна не захацела быць больш мяккай, а стала хіба ня больш жорсткай.

Аляксандар Лукашук: Выказваньні пра вайну ва Ўкраіне, пра Крым, пра Данбас, падтрымка палонных, зьняволеных. Па-мойму, адназначныя і ясныя палітычныя маркеры, якія паказваюць, што яна знаходзіцца па гэты бок — дэмакратыі, свабоды, каштоўнасьцяў і правоў чалавека.

— Давайце ўявім, што Сьвятлана Алексіевіч — прэзыдэнтка Беларусі. Гэтую ідэю пасьля нобэлеўскай прэміі неаднойчы абмяркоўвалі беларускіх інтэлектуалы і грамадзкія дзеячы. А, можа, і без фармальных палітычных рэгаліяў і пасадаў Сьвятлана Алексіевіч — гэта ўлада ў Беларусі? Прынамсі духоўная.

Аляксандар Лукашук: Пісьменьнікаў называюць уладарамі — уладарамі думак. Але і трохі рэальнай улады не зашкодзіла б. Я шкадую, што Сьвятлана Алексіевіч адмовілася ад прапановы балятавацца на пасаду старшыні беларускага ПЭН-цэнтру. І шкадую, што беларускі ПЭН-цэнтар не знайшоў магчымасьці надаць ёй статус ганаровай старшыні.

У аўтарытарнай дзяржаве ўлада спрабуе не дапусьціць ніякіх альтэрнатыўных цэнтраў улады — парлямэнцкай, судовай, прэсы ці царквы. І на сваім адрэзку часу гэта ёй удаецца, бо сёньня гэта ўлада трансьлюецца не праз кнігі, а праз тэлевізар. Але калі мяняецца ўладар тэлевізара ці ён становіцца свабодным, тады раптам аказваецца, што рэальная духоўная ўлада належыць зусім іншым.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)