Алексіевіч пра Курапаты: «Гэта злачынства. Ні пры якое пакаянне пакуль гаварыць нельга»

Нобелеўскі лаўрэат па літаратуры Святлана Алексіевіч пракаментавала сітуацыю, якая склалася ў Курапатах, дзе дэмантуюць і вывозяць крыжы.

— Ясна адно, што дзяржава наступае на народную ініцыятыву. Дзяржава хоча ўзяць усё пад свой кантроль, не разумеючы, што ўсё ўзяць пад кантроль немагчыма. Гэтыя крыжы ўсё адно застануцца ў памяці, у нашай свядомасці.

Гэта наступ, наступ на ўсю грамадзянскую ініцыятыву. Я думаю, што Курапаты былі сімвалам народнай самастойнасці, народнай памяці. І дзяржава не хоча з гэтым мірыцца, асабліва перад выбарамі. Таму ідзе такая зачыстка. Гэта ўсё формы свабоды, а дзяржава не хоча мірыцца ні з якой свабодай.

Што казаць, калі міністр унутраных спраў надзявае касцюм генерала НКВД і ідзе на нейкае святкаванне. І калі Лукашэнка выступаў, то сказаў міністру: «Вам няма чаго саромецца». Дзяржава не хоча мірыцца, прызнаваць рэпрэсіі. Дзяржава хоча пакінуць мінулае ў разуменні тых сталінскіх часоў.

Ні пры якое пакаянне пакуль гаварыць нельга. Яны думаюць, што паставяць помнік свой і такім чынам выкупяць свае грахі, кроў, смерці. Не, гэтым яны не выкупяць. Гэтым яны зробяць толькі тое, што больш сур’ёзным будзе да іх рахунак у будучыні. А ён абавязкова будзе.

Курапаты — унікальны народны помнік. Сам народ знайшоў яму форму, сам народ ваяваў за яго, адваяваў яго. Нічога падобнага, колькі б я ні ездзіла па свеце, я не бачыла. І яны думаюць, што паставяць кавалак гэтага казённага камяню і людзі пойдуць туды плакаць? Не, гэтага не будзе ніколі. І нават таму гэта злачынства.

«У соты раз прабітае дно». Лідэры меркаванняў пра знос крыжоў у Курапатах

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(61)