Алексіевіч: «Наш чалавек хоча мець шэнгенскую візу і яшчэ партрэт Сталіна»

Сьвятлана Алексіевіч расказала, каго з маладых беларускіх пісьменьнікаў чытае; прызналася, што больш за ўсё баіцца крыві; патлумачыла, чаму да ролі Расеі і яе імпэрскіх амбіцыяў ставіцца кепска; пажартавала пра перапісваньне падручнікаў і Колю і выказала сумны прагноз пра лёс «айцішнікаў» у будучыні, паведамляе Радыё Свабода.

9 лютага ўвечары на Менскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы адбылася сустрэча з нобэлеўскай ляўрэаткай Сьвятланай Алексіевіч. Яе кнігі дэманстраваліся на стэндзе расейскага выдавецтва «Время», мадэраваў сустрэчу дырэктар выдавецтва Барыс Пастарнак.

Яшчэ да пачатку сустрэчы каля стэнду стаяла вялікая чарга па аўтограф да Сьвятланы Алексіевіч. Заля не магла зьмясьціць усіх ахвочых. Але высопастаўленых чыноўнікаў, якіх было шмат на ўрачыстым адкрыцьці выставы, на сустрэчы з нобэлеўскай ляўрэаткай заўважана не было.

Толькі ў разгар вечарыны прыбег намесьнік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі і незадаволена запытаўся ў дырэктара выставы Дзьмітрыя Макарава: «Хто дазволіў весьці стрым з выставы?» А пасьля імпрэзы Макараў папракнуў мадэратара Барыса Пастэрнака за тое, што сустрэчу крыху зацягнулі, і дадаў: «Ну мы ж з вамі дамаўляліся...»

Пра свой пяцітомнік і перастрахоўку бібліятэк

— Я вельмі ўдзячная дырэктару «Белгазпрамбанку» Віктару Бабарыку: менавіта яму належала ідэя выдаць мой пяцітамовік. І дзякуй Богу, што ў нас ёсьць такія бізнэсоўцы.

Самае галоўнае, што мае творы былі аддадзеныя для перакладу нашым найлепшым пісьменьнікам. Усе пяць перакладаў вельмі добрыя, я чытала перакладзеныя кнігі з радасьцю.

Ну а тое, што ў некаторых бібліятэках ад маіх кніг адмовіліся, — я ня думаю, што гэта быў загад зьверху. Гэта самацэнзура бібліятэкараў зьнізу. У такім грамадзтве, як у нас, шмат залежыць ад чалавека: ён можа штосьці зрабіць, а можа перастрахавацца і не зрабіць. Нельга ж у краіне ўсё пракантраляваць. Многае на сумленьні асобных людзей.

Альгерд Бахарэвіч і Віктар Марціновіч — абсалютна новы ўзровень літаратуры

— Я зь вялікім задавальненьнем прачытала «Сабакі Эўропы», хоць гэта і вельмі салідная кніга, але гэта была вельмі цікавая чытанка, гэта абсалютна новы ўзровень беларускай літаратуры, новы досьвед.

Вядома, мне вельмі і цікавы Віктар Марціновіч, які піша многа і хутка. І гэта таксама новы досьвед. Абодва аўтары працуюць не ў традыцыйнай прозе, а прапануюць свой шлях, цікавы і незвычайны.

«Тое, што мы доўга «паразытавалі» на расейскім бюджэце, — на сумленьні нашай улады»

Мадэратар сустрэчы Барыс Пастарнак на свой страх і рызыку прапанаваў пагаварыць пра палітыку. Сьвятлана Алексіевіч заўважыла, што гэта ў Беларусі небясьпечна. Абодва пажартавалі пра матэматыку і чарвякоў, прычым абодва ўжывалі выключна цытаты.

Пастарнак узгадаў цытату расейскага палітоляга Ліліі Шаўцовай: «Беларусь не жадае разьлічвацца сваім сувэрэнітэтам за паразытаваньне на расейскім бюджэце».

Сьвятлана Алексіевіч абурылася самой пастаноўкай пытаньня быццам бы дэмакратычнага палітоляга — «разьлічвацца за газ сувэрэнітэтам».

— Тое, што мы «паразытавалі» цягам 20 гадоў — гэта на сумленьні нашай улады, і яна нясе за гэта адказнасьць, за тое, што было ясна яшчэ 20 гадоў таму: рана ці позна за гэта прыйдзецца разьлічвацца, бо нельга жыць за чужы кошт. Мы і так былі «спозьненай» нацыяй, а цяпер яшчэ больш часу страцілі.

Але цяпер пытаньне пастаўлена вельмі сур’ёзна, і расейскі бок настроены вельмі рашуча. Я на апошняй сустрэчы размаўляла зь некалькімі маладымі людзьмі, якія казалі, што бачаць сябе ў беларускіх лясах...

Больш за ўсё я баюся крыві. Можна жыць без усяго, нават без гарачай вады, але галоўнае — каб без крыві. Я ня ведаю, якое можа быць выйсьце. Мала таго, што ўсё наша пакаленьне ў пазыках, дзеці, праўнукі ў даўгах... Гэта, вядома, злачынства з боку ўлады».

«Да ролі Расеі я стаўлюся кепска. У Расеі заўсёды была імпэрская сьвядомасьць»

Барыс Пастарнак прыводзіць наступную цытату — галоўнага рэдактара расейскай «Независимой газеты» Канстанціна Рамчукова: «Расея не дапусьціць ні пры якіх умовах НАТО ля Смаленску».

— Чаму сувэрэнітэт краіны зьвязваецца з варожым процістаяньнем Расеі? Чаму гаворка ня можа ісьці пра абавязковы нэўтралітэт, бязьядзерны статус? — пытаецца ў Алексіевіч Барыс Пастарнак.

— У расейскіх СМІ зьяўляецца шмат артыкулаў пра тое, што Лукашэнка глядзіць на Захад і тым самым «здраджвае Расеі». З аднаго боку, Расея ня хоча плаціць, каб ёй ня здраджвалі, а зь іншага боку, яна абвінавачвае Лукашэнку, што ён гэта робіць. Але ён позна гэта робіць, даўно трэба было глядзець на Захад.

Але досьвед Украіны, маёй самай любімай краіны, трагічны. Твары загінулых немагчыма бачыць, гэта маладыя, прыгожыя твары — гэта ня твары Матаролы.

Я б не хацела такога ў Беларусі, цяжка пра гэта думаць. Завязаўся нейкі вузел, і цяжка ўвяціць, як яго разьвязаць. Але ўлада наша настроеная на тое, каб здабыць грошы на адзін год. Няма доўгатэрміновага бачаньня, што будзе далей з краінай. Ну яшчэ на год можам адцягнуць праблему, але праблема ёсьць. Але і ў Расеі ёсьць свая рацыя.

Да ролі Расеі я стаўлюся кепска. Менавіта Расея пачала вайну ва Ўкраіне, Расеі не спадабалася, што Ўкраіна сыходзіць ад яе. І Расея будзе зараз трымаць Беларусь, бо гэта такі геапалітычны калідор. Гэта таксама зразумела, бо ў Расеі заўсёды была імпэрская сьвядомасьць.

Я маю адзін рэцэпт: мы мусім ісьці ў Эўропу, да нармальнай чалавечай супольнасьці. Іншага выйсьця я ня бачу. Але мы памятаем, як горка гэта скончылася для Ўкраіны!

Той шлях, што Прыбалтыка прайшла ў 1990-я гады, у нас наперадзе. Думаю, у нас будуць дрэнныя часы. Ня ведаю, у якой форме, але яны будуць...

Пра «айцішнікаў» і Колю

Барыс Пастарнак узгадаў нядаўнюю сустрэчу нобэлеўскай ляўрэаткі з ІТ-супольнасьцю і запытаўся: ці мае яна спадзеў на новых людзей, на новую эканоміку, на «айцішнікаў»? Ці гэтыя людзі маюць шанец стаць лідэрамі перамен?

— Па-першае, іх хутка будуць «адбіраць» — гэта абсалютная лёгіка нашай улады. Як гэта было некалі з банкамі: як толькі зьявіліся ў банкаў грошы, іх пачалі «адбіраць».

І наагул я не разумею, пра якую лічбавую эканоміку ідзе гаворка, калі кажуць, што «гэтую матэматыку трэба скараціць, зрабіць прасьцей?» Як тады вырасьце канкурэнтаздольная моладзь? Вядома, бацькі з грашыма будуць браць рэпэтытараў. А астатнія што? І я наагул не разумею, чаму час ад часу паўстаюць гэтыя пытаньні. Вось «царскі нашчадак» вучыць некалькі замежных моваў, яму гэта чамусьці патрэбна, а астатнім нармальным дзецям гэта не патрэбна.

Зараз перапісваюць падручнікі, скарачаюць і спрашчаюць матэматыку, бо «яго высокасьць» сказала, што матэматыку трэба скараціць...

Стала шкада Колю, што ён рана ўстае, і ва ўсёй краіне перапісваецца расклад заняткаў. А што дзеці па гадзіне стаяць пад дзьвярамі, прыходзяць рана ў школу — гэта нікога не хвалюе».

«Беларусі патрэбны лідэр кшталту Вацлава Гаўла»

— У нас з грамадзкай думкай дрэнна, у нас ёсьць добрыя людзі, ёсьць культурныя людзі, ёсьць бліскучыя прафэсіяналы. А грамадзтва, аб’яднанага маральнымі пачуцьцямі, адказнасьцю, — яго няма.

Мы — несфармаванае грамадзтва. З намі можна зрабіць усё! Паспрабуй адзін з такіх «пэрлаў» прамовіць дзе-небудзь у Нямеччыне ці Партугаліі — і на вуліцу выйдуць сотні тысяч людзей. А ў нас усе пасьмяюцца, «пасьцябаюцца», як я зараз, але ўсё вырашыць адзін чалавек. Хіба гэта грамадзтва, калі ўсё вырашае адзін чалавек? Не!

Калі я пісала свае кнігі, ішла пасьля сустрэчаў зь людзьмі літаральна ў сьлязах і думала: чаму гэты чалавек пасьля такіх пакутаў ператвараецца ў раба ды яшчэ можа любіць Сталіна?

Чаму нашыя пакуты не канвэртуюцца ў свабоду, у пачуцьцё чалавечай годнасьці — гэта для мяне вялікае пытаньне. Наш чалавек хоча мець шэнгенскую візу і яшчэ партрэт Сталіна. Як гэта ўмяшчаецца ў адным чалавеку?

Але я ганаруся сваім народам. Нават Гітлер быў зьдзіўлены: літоўцы, палякі расстрэльвалі сваіх габрэяў, а беларусы гэтага не рабілі, ратавалі сваіх габрэяў.

Я думаю, наш народ — зь вялікім патэнцыялам. Я хацела б верыць у свой народ. Нам патрэбны лідэр кшталту Вацлава Гаўла, які не апускаецца разам з самай цёмнай часткай грамадзтва, а ўздымае свой народ.

Пра адмову ўзначаліць камісію ў справе помніку ў Курапатах

— Мяне ўлада запрашала ачоліць камісію па ўсталяваньні помніку ў Курапатах. Я адказала: «Які сэнс, што вы паставіце там камень? Патрэбна абмеркаваньне ў грамадзтве, каб усе ўзгадалі і расказалі пра сваіх загінулых сваякоў».

Трэба, каб прэзыдэнт устаў на калені, пакаяўся, як гэта зрабіў некалі нямецкі прэзыдэнт. А потым ужо камень, помнік. Камень — гэта канец працы, а ня так: паставілі і забыліся, у сьвята прынесьлі кветкі.

Вось узьвялі «лінію Сталіна» — а якая там лінія была, хто там супраціўляўся? А калі ты запытаесься, чаму загінула столькі людзей, чаму яны ляжаць дагэтуль у балотах, нявыкапаныя, а тыя, хто выжыў — чаму яны так убога жывуць? Чаму ў іх такія мізэрныя пэнсіі?

Мінулае ў нас табуявана, нельга пра яго гаварыць. Гэта таксама форма хлусьні — жаданьне ўлады падмануць нас. Каб ня думалі пра галоўнае, а думалі пра тое, што ў Сырыі ці Аўганістане горш. Уся гэтая міталёгія не дае нам думаць.

«Сваёй мовы нас пазбавілі, а расейскую мы ведаем дрэнна»

— Мне часта кажуць, што ў маіх кнігах вельмі прыгожа размаўляюць людзі. Мова быццам бы «сьцертая», але вельмі прыгожая. Я заўсёды адказваю, што побач са сьмерцю і каханьнем чалавек вельмі прыгожа гаворыць, ён быццам на дыбачкі ўздымаецца.

Адзін фрагмэнт з «Чарнобыльскай малітвы», дзе жонка пажарнага, звычайная кандытарка, так прыгожа і ўзьнёсла распавядае пра каханьне, як яна любіла мужа, як ён паміраў — выкарыстоўваецца ў спэктаклях па ўсім сьвеце.

Але ў нас наагул дрэнная расейская мова. Бо сваёй мовы нас пазбавілі, а тая мова, на якой мы размаўляем, яна быццам і расейская, і не расейская. Калі я бываю ў Расею, я адчуваю, што там зусім іншыя абароты, іншы сынтакс, іншая энэргетыка. А ў нас расейская мова, апрацаваная ўжо нашай сьвядомасьцю.

Пазбавіў нас роднай мовы Сталін, сталінскі час, калі пасадзілі ўсю нашу эліту, зьнішчылі інтэлігенцыю. Спачатку гэта рабілі палякі, бо беларуская мова лічылася мужыцкай, потым Сталін.

І нават тая беларуская мова, якую ў нас вывучаюць як замежную (бо ўрокаў беларускай у школах нават менш, чым замежнай) — гэта ня тая беларуская мова, якая павінна быць, гэта так званая «наркамаўка». А сапраўдная беларуская мова іншая. Яна вельмі музычная, вельмі мяккая, гэта зусім іншая мова, якую мы, на жаль, ня ведаем.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(95)