Алексіевіч: філасофіяй Статкевіча мы не заваюем грамадства

Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч у інтэрвью Сяргею Шапрану для «Новага Часу» скрытыкавала «барыкадную культуру».

Пісьменніца прыгадала ў якасці станоўчай альтэрнатывы арганізацыю Дня Волі ў Мінску год таму.

— Дарэчы, і са святкаваннем 100-годдзя БНР сітуацыя, па-мойму, неадназначная, бо ў той час, калі адны (іх тады часам называлі «менеджарамі ад апазіцыі») ладзілі мітынг і канцэрт, іншыя — як, напрыклад, паэт Уладзімір Някляеў — знаходзіліся за кратамі, то-бок калі адны святкавалі, іншыя сядзелі. І калі пасля па выніках года СМІ героямі назвалі першых, то мне была бліжэй пазіцыя тых, хто героямі года лічыў Змітра Дашкевіча і іншых абаронцаў Курапатаў, якія рызыкавалі і па сёння рызыкуюць уласнай свабодай і спакоем сваіх сем’яў, — агучыў сваё меркаванне Сяргей Шапран.

— Але формы барацьбы Дашкевіча асуджаюць яго на адзіноцтва, — адказала Святлана Алексіевіч. — На святкаванне ж Дня Волі прыйшло шмат людзей. І размова ідзе пра тое, каб уцягнуць у супраціўленне як мага большую частку грамадства, якая сёння ці цалкам індыферэнтная, ці знаходзіцца ўбаку і толькі назірае за тым, што адбываецца. Уцягнуць жа можна, прапанаваўшы іншыя, не такія агрэсіўна-апазіцыйныя формы супраціўлення. Таму я і на баку тых маладых, якія зрабілі летась вельмі разумны выбар. А тое, што робяць Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў… Пры тым, што я сама з іх пакалення і паважаю кожнага з іх, але скажу, што гэтай філасофіяй мы не заваюем грамадства.

Увогуле трэба сказаць, што я захапляюся такімі людзьмі, як Зміцер Дашкевіч, але падобных фанатыкаў ідэі няшмат. Гэтаксама больш людзей не становіцца і ў Мікалая Статкевіча. Іх і не будзе больш, бо народ у бальшыні сваёй не падтрымлівае іх. А мы павінны гаварыць з народам. Пакуль жа гаворым адзін з адным. Дваццаць пяць гадоў ужо гаворым! І які ў тым сэнс?..

Цалкам інтэрвью чытайце тут

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.7(24)