Общество
Галіна Абакунчык, Радыё Свабода

Алег Хаменка пад забаронай

Кіраўніцтва FM-станцыі “Радыё Мінск” забараніла музычную праграму “Тузін Гітоў на “Радыё Мінск”. Заснавальнікам і вядучым гэтай праграмы быў лідэр гурту “Палац” Алег Хаменка. Праграма выходзіла ў эфір а 23-й гадзіне кожную пятніцу ад траўня мінулага году. “Тузін Гітоў” рыхтаваўся паводле галасаваньня на аднайменным інтэрнэт-сайце й быў сярод самых рэйтынгавых праграм у FM-эфіры...

Афіцыйнай падставай закрыцьця кіраўніцтва “Радыё Мінск” называе неадпаведнасьць беларускага гіт-параду з плянам далейшага разьвіцьця радыёстанцыі. Аднак аўтар перакананы, што закрыцьцё папулярнай праграмы мае палітычную матывацыю.

“Адбылася сустрэча з адным з намесьнікаў дырэктара “Радыё Мінск”, які паведаміў, што мая праграма “Тузін Гітоў” зачынена — у яе, маўляў, нізкі мастацкі ўзровень. Я прыгадаў, што праграма неаднойчы прызнавалася самай рэйтынгавай і высокамастацкай. Тады праз пару гадзін фармулёўка зьмянілася: праграма “не адпавядае пэрспэктыўным плянам разьвіцьця станцыі”. Насамрэч, як мне паведамілі сябры, кіраўніцтва пачула так званыя чарнавікі праграмы. У апошніх зь іх гучалі новыя песьні “N.R.M.” ды іншых гуртоў, якія паўсталі на тле падзеяў у Менску й Беларусі”, - кажа Алег Хаменка.

Намесьнік дырэктара “Радыё Мінск” Андрэй Анісімаў пракамэнтаваць закрыцьцё “Тузіна Гітоў” адмовіўся: "Рашэньне пра замену гэтай праграмы на іншую прыняла рэдкалегія прадпрыемства. Я не хачу вам казаць, але аўтар праграмы Хаменка пра гэта ведае”.

Паводле спадара Хаменкі, “Тузін Гітоў” з эфіру ня зьнікне. Праграма ўжо зьявілася ў раскладзе адной з замежных радыёстанцыяў для Беларусі.

Раней была забаронена яшчэ адна праграма Алега Хаменкі “Настаўніцкая”, якая выходзіла на тэлеканале “Лад”. Таксама пад забарону трапілі некалькі канцэртаў гурту “Палац”, а ўвесь калектыў у поўным складзе звольнілі з працы ў "Белканцэрце". Негалосны ціск на шэраг папулярных беларускіх рок-гуртоў, у тым ліку “N.R.M.”, і "Neuro Dubel" распачаўся пасьля іхнага ўдзелу ў адным з апазыцыйных мітынгаў на плошчы Бангалор.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)