Общество

Ірына Марозава

Алег Кулеша: «Спыняцца нельга. Бо ў беларускіх вязніцах і сёння, і заўтра людзі ўстануць ранкам і будуць грэсці снег»

Прадстаўнік аб’яднання палітзняволеных у вялікім інтэрв’ю «Салідарнасці» — пра мову і людзей за кратамі, рух на аб’яднанне і добрыя навіны, якія ствараюцца ўласнаручна.

Ужо амаль год пружанін Алег Кулеша вымушана знаходзіцца не ў родным горадзе і нават не ў Беларусі. Пасля зняволення, прысуджанага па «карагоднай справе», ціск на яго не спыніўся — штотыднёвыя раптоўныя візіты сілавікоў і праверкі тэлефону, здзеклівае «ўладкаванне на працу», новы арышт.

У вялікім інтэрв’ю «Салідарнасці» спадар Алег распавёў пра свой тэрмін у трох «Б», стаўленне сілавікоў да беларускамоўнага вязня, адаптацыю ў замежжы і стварэнне Беларускай асацыяцыі палітвязняў «ДА ВОЛІ» — і пра тое, што матывуе рухацца далей.

Першы раз Алега Кулешу арыштавалі яшчэ ўвосень 2020-га — за ўдзел у шэсці са сцягам Пружан. Ён адбыў свае «суткі» ў берасцейскім ІЧУ, і па выхадзе, згадвае былы выкладчык гісторыі, ужо болей ніводнага слова ён не сказаў па-руску: «Кожны павяртаецца да мовы сваім шляхам, у мяне вось такі».

Фота прадстаўленыя Алегам Кулешам

Потым яго яшчэ з дзясятак разоў затрымлівалі, выклікалі на «прафілактычныя размовы», колькі разоў змяшчалі ў Пружанскі ІЧУ. А летам 2021-га затрымалі ўжо па крымінальнай справе, калі на здымках выявілі пружаніна са сцягам на Маршы герояў у Брэсце. У найноўшую беларускую гісторыю гэтыя падзеі ўвайшлі як «карагодная справа» — бадай, самая масавая з палітычна матываваных.

— На волі, як кажуць карнікі, крыху пашкодзіў ім нэрвы і жыццё, а ў чэрвені трапіў у СІЗА, — спакойна расказвае Алег.

Віны па артыкуле 342, ч.1 («арганізацыя альбо ўдзел у дзеяннях, які груба парушаюць грамадскі парадак») ён за сабой не прызнаў, а ў апошнім слове чытаў вершы — як свае, так і класіка Янкі Купалы, каб давесці, што вокліч «Жыве Беларусь!» не экстрэмісцкі:

— Я разумеў, што адбываецца нейкая тэатральная бздура, таму штосьці тлумачыць ім не бачыў сэнсу. А вось кругагляд і адукаванасць удзельнікам працэсу крыху пашырыў, бо пракурор нават не ведаў, адкуль словы «Жыве Беларусь» і хто такі Янкі Купала, не разумеў па-беларуску. Па суддзі было бачна, што яна саромеецца такога становішча — вочы хавала.

«Было разуменне, што людзі на волі пра нас памятаюць»

Алегу Кулешу прысудзілі 19 месяцаў у калоніі агульнага рэжыму — насамрэч у гэты тэрмін увайшло і брэсцкае СІЗА, дзе вязень чакаў выраку, і «цэнтрал» у Баранавічах, і ўласна бабруйская калонія.

— У СІЗА вы сустрэлі дзень народзінаў, прычым «круглую» дату. Ці атрымалася хоць неяк адзначыць?

— Мусіць, праз тое, што ў апошнім слове я чытаў вершы, суддзя мне зрабіла падарунак — абвяшчэнне прысуду адбылося на наступны дзень пасля дня народзінаў. А так у СІЗА адзначылі. Там жа людзі жывуць, і святы таксама сустракаюць, то зрабілі торт — з печыва, згушчонкі, яблыкаў, апельсінаў, гарэхаў — што ёсць пад рукой, і кожны пад гарбату цябе віншуе. Канешне, калі вертухаі дазваляюць, але прынамсі ў Брэсцкім СІЗА не ганялі.

Прыканцы толькі прыехаў з баранавіцкага пастарунка новы начальнік СІЗА, які імкліва рабіў кар’еру — такі выбітны «ябацька», на ўсе 100 адсоткаў. І тады пачаўся трэш, са штодзённымі ператрусамі і даглядамі, прычым «жоўтыя» і «чырвоныя» (палітвязні, пазначаныя цэтлікамі адпаведных колераў як «небяспечныя» — С.) павінны цягнуць свае рэчы яшчэ і з рукамі з кайданках.

Дарэчы, падчас знаходжання ў СІЗА ў Алега Кулешы памёр бацька — вязня не толькі не адпусцілі на пахаванне, але і паведамілі пра гэта з затрымкай, нібыта не маглі перакласці ліст з беларускай.

Самі ж лісты зняволеным не аддавалі — шторанак іх дэманстратыўна палілі ў сметніку, і вязні змрочна жартавалі, што «чытаюць праз дым».

— Зрэдчас, праўда, былі і смешныя рэчы, — гаворыць Алег. — Там жа ёсць крама, можна замовіць за грошы, якія дасылаюць родныя, што-небудзь з ежы ці патрэбных рэчаў.

Я замовіў паперу для прыбіральні — прыносяць тэчку з кнопкай, маўляў, а што такога, падобныя ж словы, «папка» і «папера». Альбо замаўляеш ручнік — прыносяць асадку, нават дзве штукі.

Але нічога, з цягам часу пачалі разумець беларускую. Тады яшчэ ў ШІЗА сядзеў Гундар, вельмі моцны духам чалавек, і ўсе ведалі, што ён беларускамоўны.

Вязень успамінае яшчэ дэталь, якая красамоўна перадае стаўленне ў берасцейскім СІЗА да «палітычных». Уладзімір Гундар мае 2 групу інваліднасці, у яго ампутаваная нага — але гэта не перашкодзіла новай адміністрацыі пасяліць вязня без пратэзу на двугi паверх шмат’яруснага ложку. І калі Алег Кулеша папрасіўся ўніз з прычыны хворай спіны, лекарка працадзіла: «У нас і аднаногія лазяць на другі паверх, так што ў цябе — немае падстаў».

— Новы год сустрэў у Баранавічах, у мяне акурат быў этап. Тут, дарэчы, цікавая гісторыя, яе хачу асобна распавесці. «Этапку» ахоўнікі не чапляюць, нашыя паперы ляжаць у асобных кульках, якія нельга кранаць; фактычна проста як быдла на ператрымцы пабылі, адная ўмова — каб было ціха, ні шуму, ні ляманту. Вертухай нам нават ціхенька ўключыў радыё, прыкладна ў 23.30 мы наварылі гарбаты, запрасілі ўсіх суседзяў па камеры.

А людзі ж на этапе розныя: хтосьці вяртаецца на пасяленне, хтосьці па скарачэнні тэрміну едзе ўжо на волю, хтосьці да суда. Простыя злодзеі, хто адседзеў па 10-15 год, не разумелі, чаму палітычныя накрылі на стол.

Акурат у 23.34 — мы не маглі гэтага бачыць («этапкі» знаходзяцца ў старой частцы будынка і веі такія, што ніхалеры не бачна), але затое было чутна — пачалі бамбіць салюты. І на пытанні, што наогул адбываецца, мы тлумачылі: ёсць беларусы, хто сустракаюць Новы год у 23.34.

І гэта была такая моцная падтрымка, разуменне, што нічога не скончылася, што людзі на волі пра нас памятаюць, клапоцяцца альбо проста трымаюць кулакі. Я разумею, што і сёлета вязні будуць чакаць гэтага знаку, а ў зонах, паколькі веяў няма, з верхніх паверхаў могуць не толькі пачуць, але і падзівіцца…

Гэта можна зладзіць умоўна бяспечна, хоць, думаю, карнікі ў гэты час будуць бегаць па поплавах і сачыць, хто там што запускае — але разумныя людзі прыдумаюць, як зрабіць.

«Выходзіла 80 капеек на месяц»

Пачатак 2023 года спадар Алег сустрэў у бабруйскай папраўчай калоніі. Да палітычных вязняў тут усяляк паказвалі асобнае стаўленне: колькі чалавек адразу «заехалі» ў ШІЗА, іншыя абышліся без пакарання, але каранцінныя ўмовы язык не павернецца назваць лепшымі: паводле мясцовых правілаў, зняволеныя мусілі быць на шпацырным дворыку — увесь дзень, нягледзячы, мароз, ці дождж, ці спякота:

— Сняданак, усе ў строй, праходзіць лекар — нават калі цябе калатун б’е, усё адно скажа, што здаровы, відаць, на інфрачырвоным тэрмометры ўжо загадзя намаляваныя лічбы 36,4 для ўсіх. Зараз каранцін ідзе 6-7 дзён, у нас, мусіць, быў да 21, бо толькі скончыўся кавід. А потым цябе «падымаюць» у атрад, і праз 10 дзён ужо гоняць на працу.

Першая праца ў бабруйскай калоніі, распавядае вязень, — цягнуць абцугамі дроты з гумы (акрамя дрэва- і металаапрацоўкі, тутэйшая вытворчасць спецыялізуецца яшчэ на гумовых вырабах, тым больш, «Белшына» пад бокам і бесперабойна пастаўляе сырую гуму).

Калі простаму зэку патрэбна нацягнуць, напрыклад, кілаграм за змену, то палітвязню — найменш кіло трыста, каб толькі залік быў і каб не трапіць у ШІЗА; лепш болей. Заробак? За гэтую працу выходзіла 80 капеек на месяц.

— А ў мяне ж яшчэ была запазычанасць перад дзяржавай, то опер выклікаў: маўляў, пішы заяву, што будзеш усё заробленае і 20% таго, што будуць дасылаць з дому, аддаваць у даход дзяржавы. Паперу я падпісаў, а потым высветлілася, што бухгалтэрыя іхная сумы да рубля не пералічвае.

Праз пару тыдняў, праўда, перавялі мяне на прамысловую зону — там рабіў у цэху дрэваапрацоўкі цэсляром, зарабляў нават да 7 рублёў. Ну вось іх ужо цалкам з мяне вылічвалі.

Аднаго разу, прыгадвае Алег, яго выклікалі майстры і па савецкай яшчэ  тэлефоннай сувязі пачалі ўдакладняць вопіс здадзеных на склад рэчаў: што такое шкарпэткі, а што ёсць цішотка — давялося ўсё перакладаць. Ад абсурду сітуацыі адзін з майстроў пачаў рагатаць, другі сышоў нервова паліць і лаяцца ў суседні пакой.

— Разумееце, як там з беларускай мовай, — іранічна зазначае Алег. — І з матэматыкай прыкладна таксама, таму я «перабыў» тэрмін у калоніі на некалькі тыдняў, хоць павінен быў выйсці раней, бо час у СІЗА пералічваецца дзень за 1,5. Затое на гэты апошні тэрмін мяне перавялі падмятаць падлогу ў цэху — на палову стаўкі, і вось тады ў першы раз за ўвесь час мой заробак склаў 60 рублёў.

Ну і з таго, што я беларускамоўны, вядома, стаўленне было адпаведнае: паліць хочаш — «папрасі нармальна», у атрад засяляешся — на табе ложак, як усім палітычным, каля ўваходу, ды на самым скразняку. Неяк так і жылі.

З праваабаронцам Леанідам Судаленкам

— Калі да вызвалення адлік пайшоў на дні, ці не было страху, што на выхадзе забяруць зноў?

— Такія выпадкі здараліся, і «палітычных» нават папярэджвалі, каб ішлі да прыпынку іншым шляхам. Таму я папрасіў, каб за мной прыехалі на аўто, і ўжо верш са зваротам прачытаў, калі былі ў бяспецы.

500 рублёў і фуфайка як «сацпакет»

Але па вызваленні нічога не скончылася: як кажа Алег, вязні, па сутнасці, пераходзяць з «зоны» на ўмоўную «хатнюю хімію», застаючыся пад наглядам: раптоўныя праверкі, асабліва пасля 23 гадзін, праверка тэлефону (таму карыстаўся кнопачным), штотыднёвыя выклікі ў РАУС і прагляд прапагандысцкіх фільмаў, ад якіх крывіліся самі міліцыянты.

І вішанькай на торце — абавязковае працаўладкаванне, а «палітычных» ніхто на працу браць не хоча.

— Дасягнулі да таго, што выклікалі мяне на кірмаш працы — праходзіў ён, дарэчы, там жа, дзе выбары падраблялі, а ў камісіі сядзела дачка апошняга першага сакратара райкама партыі. А я ў сваім горадзе быў даволі вядомы чалавек. Калісьці працаваў у Беларускім саюзе моладзі (потым БСМ таксама пацярпеў ад Лукашэнкі, адбыўся фактычна рэйдарскі захоп усіх памяшканняў і рахункаў, і на гэтай базе зрабілі цяперашні БРСМ) і меў стасункі з рознымі людзьмі, у тым ліку ва ўладзе.

І калі я зайшоў, адна з прысутных кабет кажа суседцы: «Ну ўсё, нам п***ц» — у пустым памяшканні ўсе гэта выразна пачулі, — смяецца Алег.

Камісія доўга абмяркоўвала варыянты працаўладкавання. Сышліся было на ЖКУ, але тамтэйшы прадстаўнік ажно падскочыў на месцы: «Вы што, ашалелі?! У нас і так дрэнная сітуацыя з БЧБшнікамі, усё трасецца, калі да нас яго адправіце — лічыце, няма больш такой арганізацыі». Тады прапанавалі працу ў калгасе, на яблычным сховішчы. Плаціць абяцалі «па пяцьсот». Рублёў.

— Кажу: у мяне доўг перад дзяржавай, будуць вылічваць 75%, то на жытло не хопіць — у вас павінен быць нейкі сацыяльны пакет, каб мяне падтрымаць? Кажуць: ёсць куфайка.

Узмоцнены кантроль сілавікоў скончыўся для Алега рэйдам перад Днём Волі і новымі «суткамі», нібыта распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі — за ролік, змешчаны ў сеціве больш 10 год таму.

— «Белсат» распавядаў пра гісторыю Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: калі была прынята, як змянялася. Ніводнага «экстрэмісцкага» слова, проста гістарычны аповед.

Следчыя падзялілі гэты ролік на кадры і прыстрашвалі, што за кожны кадр будуць саджаць. У выніку — трое сутак у ІЧУ, потым суд, прызначылі грамадскія працы — а дома паспеў пабыць толькі 40 хвілін, нават сала засталося недасмажаным на патэльні, бо праз 40 хвілін зноў апынуўся ў ІЧУ.

У Беларусі я дапамагаў людзям, каму мог, было жаданне яшчэ штосьці паспець зрабіць — дзякуй Богу, гэтыя людзі ўсе ўратаваныя, яны ў бяспецы. А тут давялося з’ехаць і самому. Не магу распавесці падрабязнасці, скажу толькі, што эвакуяваў BYSOL.

— Вы распавядалі, што з’язджалі моцна хворым. Як цяпер стан здароўя?

— Так, я ўжо і з калоніі выйшаў не ў лепшым стане. Аднаго разу страціў прытомнасць проста на пастроі, добра, людзі за каўнер злавілі і не далі ўпасці на зямлю — апрытомнеў праз суткі ўжо ў шпіталі.

Другі раз так прыхапіла ныркі, што хлопцы думалі ў возіку у медчастку адвезці, але разумееце, там асфальт, як у Савецкім Саюзе, адна назва — трэсла так, што крычаў ад болю, губляў прытомнасць, то на дошках данеслі да брамкі, а там чакалі ўжо хлопцы-вязні з атраду, давалаклі да шпіталю. І толькі тады далі бальнічны, каб адляжацца некалькі дзён.

Таксама зрок моцна ўпаў. І на апошніх сутках, і на шляху праз мяжу таксама хапануў холаду крыху — карацей, моцна застудзіўся. І ўжо ў Польшчы пачалі вылазіць балячкі адна за адной.

Дзякуй Богу, трапіў пад праграму лекавання, і яна насамрэч працуе. Ведаю, што па ёй людзям рабілі аперацыі на вочы, на слых, зубы — у каго што найбольш абвастрылася ў зняволенні.

Калі палітвязень становіцца былым

Сёння галоўная справа для Алега Кулешы — дапамога палітвязням, бо штодня думкі пра людзей, хто застаецца ў Беларусі за кратамі, не адпускаюць.

Разумею, што пытанне палітвязняў зараз не стаіць так абвострана, як было ў 2021-м — яно існуе, але сыходзіць з цэнтру ўвагі, людзі стамляюцца. І калісьці прыйдзе такі час, будуць казаць: ну, вязні, што з таго. А гэтага нельга дапусціць — бо там людзі працягваюць знаходзіцца ў невыносных умовах проста цяпер, несправядліва асуджаныя сядзяць у беларускіх вязніцах!

— Таму я ўжо на першай вялікай акцыі, у якой узяў удзел у Польшчы, пачаў грукацца з гэтым пытаннем да Паўла Латушкі, да Аляксандра Кабанава. Бо проста закрытая суполка былых вязняў — гэта не той варыянт, трэба рабіць сур’ёзную справу.

Я прапанаваў стварыць асацыяцыю, якая б не толькі аб’ядноўвала, але і дапамагала — прычым не толькі беларусам, якіх прызналі палітзняволенымі праваабаронцы (хоць трэба аддаць належнае «Вясне» — дзякуй ім, яны робяць велічэзную і вельмі важную справу, але рэч у тым, што гэта робіцца па заяўнаму прынцыпу, і не пра ўсе выпадкі палітычнага пераследу праваабаронцы ведаюць і фіксуюць).

Зрэшты, шлях да з’яўлення Беларускай асацыяцыі палітвязняў «ДА ВОЛІ» не быў простым — магчыма таму, мяркуе Алег, што беларусы, не маючы досведу жыцця ў дэмакратычных умовах, атрымліваюць яго толькі цяпер, праз гузакі, сваркі, звадкі і расколы:

— Так і мы падзяліліся — але самае цудоўнае, што ўжо зноў аб’ядноўваемся, — усміхаецца суразмоўца «Салiдарнасцi». — На сёння БАП «ДА ВОЛІ» — гэта вязні ў Швейцарыі, Польшчы і Літве, імаверна хутка далучыцца Грузія.

Мы зразумелі, што не можам афіцыйна рэгістравацца, а будзем існаваць, як грамадская арганізацыя, пакуль не разбярэмся самі, хто мы такія, што мы робім. Зараз ідзе рух на аб’яднанне, паціху расцем — цяпер нас каля 50. І гэта, падкрэслю асобна, не толькі тыя, хто афіцыйна прызнаны палітвязнем, але і тыя, хто быў на «хатняй хіміі», хто зазнаў іншы палітычны пераслед.

— У назве няма азначэння «былыя палітвязні» — калі не памыляюся, гэта прынцыповы момант, і вы казалі, што былых палітвязняў няма?

— Так. Былым палітвязень стане тады, калі ён павернецца дамоў, пройдзе суд і з яго будуць афіцыйна знятыя ўсе абвінавачанні. Інакш, нават выходзячы на волю, палітвязень проста трапляе з маленькай зоны ў вялікую — бо тэрыторыя нашай краіны сёння і ёсць адна велічэзная зона, дзе могуць прыйсці ўначы, падняць з ложку і завезці ў ІЧУ нават «па падазрэнні» ў экстрэмізме, бо законаў няма…

Некаторыя з беларусаў, хто перабраўся ў Польшчу 10-15 і больш гадоў таму, не да канца разумеюць нашу сітуацыю, расказваюць, як цяжка ім давялося працаваць, каб пачаць тут новае жыццё. А я тлумачу прынцыповую розніцу: мы прыехалі не па сваёй ахвоце, не ў пошуках смачнейшага хлеба і вышэйшага заробку, — ніхто з палітвязняў не хацеў пакідаць сваю краіну, але вымушаныя былі гэта зрабіць. І вяртацца, пакуль не адбудуцца перамены, нам няма куды.

За мінулыя паўгады Беларуская асацыяцыя палітвязняў «ДА ВОЛІ» зрабіла нямала: актывісты зладзілі 21 мая ў Музеі вольнай Беларусі вялікую акцыю салідарнасці з  палітвязнямі, далучыліся да марафону «Нам не ўсе адно», дзякуючы чаму значна болей чым 100 сем’яў атрымалі дапамогу; нядаўна разам з іншымі прадстаўнікамі беларускай супольнасці Алег Кулеша сустракаўся з маршалкам Сената Польшчы, а для 30 дзяцей палітвязняў актывісты зладзілі кранальнае свята на Каляды — з імпрэзай, падарункамі і пачастункамі.  

Фота Генадзя Верацінскага

— Калі падводзіць пэўныя вынікі году, трэба яшчэ сказаць: дзякуючы супрацы з польскім фундатарам, нам удалося аказаць грашовую дапамогу 160 чалавекам, палітвязням і ўцекачам, — па 3 тысячы злотых. Калі чалавек толькі прыязджае, гэта вельмі патрэбная падтрымка, — дадае Алег Кулеша. — Ялінка для дзетак палітвязняў таксама атрымалася праз супрацу: па запрашэнні НАУ у Музей Вольнай Беларусі звярнулася прадстаўніцтва Фландрыі ў Польшчы, і сумесна мы зрабілі гэтае свята.

Яліначку знайшлі прыгожую, шмат народу бегала, закупляла падарункі, каб да апошняга пенёнза ўсё пайшло на гэту справу, а тыя беларусы, якія ладзілі салодкі стол, яшчэ дадаткова зрабілі падаруначкі — пашылі цацкі.

«Не заўжды гэта будзе лёгка і нават не заўжды бачна»

— Пытанне палітвязняў — адно з самых балючых. На ваш погляд, ці ёсць сёння рэалістычная стратэгія іх вызвалення?

— Насамрэч, разуменне таго, як вызваліць палітвязняў, ніколі не знікала. Адказ адзін: вызваліць нашу краіну. Паасобку гэтыя пытанні разглядаць немагчыма.

Калі Каардынацыйная Рада абмяркоўвала пытанне гандлю, санкцыі ў абмен на вызваленне палітвязняў, я акурат прысутнічаў на слуханнях. Уразіла, што пра вязняў гавораць людзі, якія маюць завочныя прысуды, у той час як ніводны палітвязень у склад КР не трапіў; што гучаць рэплікі кшталту «Рэвалюцыя прайграла, мы тут не прычым»…

У адказ я спытаў: якімі санкцыямі вы збіраецеся гандляваць — хіба хоць адную санкцыю па палітвязнях вы ўвялі? Па-першае, усе абмежаванні прынятыя не намі, а краінамі Еўразвязу. Па-другое, ніводнай санкцыі па палітвязнях няма. А вось калі з’явяцца санкцыі па групах тавараў, калі Лукашэнку будзе няўтульна сядзець на канапе, бо абысці накладзеныя абмежаванні немагчыма — тады будзе вынік.

І калі хаця б тыя, хто мае абмежаванні па стане здароўя, павыходзяць — ужо вялікі вынік.

Бо Лукашэнка, якога прапаганда падае як «моцнага правадыра», насамрэч моцны цікун, які разумее толькі сілу і будуе нейкую сваю «Беларусіянію», у якой зможа заставацца пры ўладзе. Таму такую вялікую колькасць палітвязняў «арганізуе» сам рэжым, і, як зазначаў у эфіры БТ грамадзянін Швед, на пачатку 2023 года было ўзбуджана 12 тысяч спраў «экстрэмісцкай скіраванасці», а прыканцы — ужо 16 тысяч.

Але нават у такіх умовах, мяркуе Алег Кулеша, важна не апускаць рукі. Альбо — якраз у такіх.

— Магчыма, у нас атрымаецца ўладкаваць на працу аднаго палітвязня. Калі так, то адно жыццё павернецца да лепшага. Ці гэта калядны цуд, ці вынік нашых высілкаў?

То бок, мы самі ствараем прыемныя і непрыемныя падзеі. Калі мроіць аб тым, што заўтра мы заходзім у Беларусь — гэта магчыма толькі са зброяй. Ёсць у нас зброя? Няма. І погляду такога няма. Абраны іншы, мірны шлях, бо ніхто, акрам вар’ятаў, не жадае, каб лілася кроў на нашай зямлі.

Ну а калі мы абралі такі шлях, то мусім ісці па ім, набліжаць пазітыўны вынік штодзённай працай. Не заўжды яна будзе спрыяць грашоваму становішчу, не заўжды гэта будзе лёгка і нават не заўжды бачна. Але — вынік будзе.

Я змог данесці маршалку Сената сваю гісторыю, распавёў, як складана беларусам з выдачай гуманітарных віз — пачулі, звярнулі ўвагу. І гэта таксама вынік, дзеля якога трэба было прайсці доўгі шлях, бо туды з вуліцы не трапляюць. Нам сказалі, што ведаюць беларускую сітуацыю і будуць дапамагаць. Значыць, працягваем рушыць далей.

Спыняцца нельга. Бо ў беларускіх вязніцах і сёння, і заўтра людзі ўстануць ранкам, паснедаюць (у нядзелю дадуць чатыры лыжкі проса, варанае яйка) і будуць грэсці снег. Дзеля іх нам трэба як мага раней прайсці няпросты шлях аб’яднання.

Калі мы павернемся дадому, перадусім трэба будзе аднаўляць зруйнаваную краіну: ствараць новыя законы, рабіць новую армію і сілавы апарат, сумленныя суды, аднаўляць адвакатуру. І толькі тады магчымая рэабілітацыя тых беларусаў, хто пацярпеў ад палітычнага пераследу.