Алег Корбан: «Цуд адбыўся, сёння мяне выпусцілі на свабоду!»

Суд Маскоўскага раёна Мінска 23 красавіка вынес прысуд па крымінальнай справе лідара грамадскай ініцыятывы «Альтэрнатыва».

Алега Корбана абвінавачвалі па частцы 1 і 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Справу разглядала суддзя Вольга Малашэнка, нагадвае Вясна.

Палітвязень Алег Корбан быў затрыманы пасля ператрусу ў кватэры 25 кастрычніка 2020 года. Спачатку яму прысудзілі 15-суткавы адміністрацыйны арышт па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), а пасля яго заканчэння перавялі ў СІЗА-1.

Суддзя Малашэнка на першым судовым пасяджэнні пастанавіла, што суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме.

Вечарам 23 красавіка Алег Корбан напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку: «Цуд адбыўся, сёння мяне выпусцілі на свабоду! Суд вынес 1,5 года абмежавання волі. Падрабязнасці будуць пазней, зараз пачынаю адаптавацца да вашай свабоды. Усім хто падтрымліваў мяне і маю сям'ю – вялікая падзяка».

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:14)