Актывісты дапоўнілі пікет Лукашэнкі

У Менску каля крамы ГУМ 16 кастрычніка адбылася акцыя салідарнасьці, якую зладзілі сябры БХД і «Маладога фронту».

Насупраць пікету па зборы подпісаў за Аляксандра Лукашэнку некалькі актывістаў дасталі плякаты з партрэтамі Лукашэнкі і надпісамі: «Злачынца мусіць быць пакараны», «Забойца мусіць сысьці». На іншых плякатах былі партрэты зьніклых апанэнтаў дзейнай улады – Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Антоля Красоўскага і Зьміцера Завадзкага з пытаньнем: «Дзе?».

Адзін з удзельнікаў Мікола Дземідзенка патлумачыў:

– Гэты інфармацыйны пікет – дадатак да таго жоўтага намёту прэзыдэнта дзяржавы Лукашэнкі. Мы вырашылі дапамагчы ім і даць інфармацыйны пасыл пра невядомую біяграфію Лукашэнкі, пра яго зьніклых апанэнтаў. І тое, што ён непасрэдна мае да гэтага дачыненьне. Мы адмыслова сталі каля пікету Лукашэнкі, каб людзі, якія хочуць падпісацца за яго, ведалі дакладна, за каго яны падпісваюцца, Бо Аляксандар Рыгоравіч, відаць, забыўся і не адлюстраваў гэта ў сваёй біяграфіі. І мы вырашылі дапамагчы яму ў дзень беларускай салідарнасьці.

Міліцыянты ў цывільным, якія назіралі за акцыяй, загадалі згарнуць акцыю, але не перашкаджалі ёй. Яна працягвалася каля 15 хвілінаў. Мінакі цікавіліся інфармацыяй пададзенай актывістамі, адвярнуўшыся ад пікету па вылучэньні Лукашэнкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)