Общество
Анастасія Зелянкова

Акцыя можа прайсці праз суд

Заяўнікі “Чарнобыльскага шляху-2007” маюць намер звярнуцца ў суд на дзеянні Мінгарвыканкама. Яны лічаць, што ўлады парушылі закон аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў, самастойна змяніўшы маршрут заяўленай акцыі. Сёння ўдзень аргкамітэт “Чарнобыльскага шляху-2007” будзе вырашыць гэтае і іншыя пытанні па арганізацыі і правядзенні акцыі.

Згодна з заяўкай, пададзенай 4 красавіка ў Мінгарвыканкам, шэсце 26 красавіка меркавалася пачаць а 18-й гадзіне ад плошчы Якуба Коласа. Яго удзельнікі збіраліся прайсці па праспекце Незалежнасці да Нацыянальнай бібліятэкі, дзе а 20-й павінен быў адбыцца мітынг. Аднак, паводле рашэння Мінгарвыканкама, пачатак маршруту акцыі мусіць пралягаць ад Акадэміі Навук.

— Учора нам прадставілі гатовае рашэнне, — расказала “Салідарнасці” адна з заяўнікаў акцыі, член палітсавета Аб’яднанай грамадзянскай партыі Валянціна Палевікова. — Мы лічым, што Мінгарвыканкам тым самым парушыў закон аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў. Пытанні пра змену маршруту абавязкова павінны разглядацца і абмяркоўвацца ў прысутнасці заяўнікаў. Нас жа проста паставілі перад фактам.

Па словах Валянціны Палевіковай, заяўнікі спрабавалі дамовіцца з прадстаўнікамі ўлады, каб сустрэць людзей, якія прыйдуць на плошчу Якуба Коласа і правесці іх да месца дазволенага збору, аднак безвынікова.

— Ад плошчы да Акадэміі навук вельмі невялікі адрэзак і нічога дрэннага не здарылася, калі б мы правялі людзей гэтым шляхам, — мяркуе Валянціна Палевікова. — Мы спрабавалі растлумачыць прадстаўнікам Мінгарвыканкама, што гэта не палітычная якцыя, што чарнобыльская трагедыя закранула кожны дом і людзі выходзяць на вуліцу не проста так. Аднак гэта не пераканала ўлады.

У бліжэйшы час аргамітэт “Чарнобыльскага шляху-2007” плануе сустрэцца з прадстаўнікамі МУС, каб абмеркаваць пытанні па правядзенні акцыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)