Скандалы

Менская міліцыя – пра затрыманьне журналiста Трафiмовiча. Радыё Свабода – выклала аўдыёзапіс радыёперамоваў

У ГУУС Менгарвыканкаму пракамэнтавалі Радыё Свабода затрыманьне і зьбіцьцё журналiста, які 15 ліпеня вёў жывы рэпартаж ад будынка Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Антон Трафімовіч пасьля затрыманьня

Пры затрыманьні карэспандэнту Свабоды Антону Трафімовічу зламалі нос; пасьля вызваленьня ён зьвярнуўся па мэдычную дапамогу, яму наклалі чатыры швы.

Афіцыйная прадстаўніца ГУУС Менгарвыканкаму Натальля Ганусевіч сказала, што Антон Трафімовіч «аказаў непадпарадкаваньне»:

— Грамадзянін аказаў непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі. У рамках адміністрацыйнага працэсу ён быў затрыманы і дастаўлены для разбору ў Заводзкі РУУС гораду Менску. Цялесныя пашкоджаньні, пра якія паведамляе малады чалавек, былі атрыманыя ім падчас непадпарадкаваньня. Па факце атрыманьня цялесных пашкоджаньняў матэрыял накіраваны ў падразьдзяленьне Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь для правядзеньня праверкі і дачы прававой ацэнкі.

Карэспандэнт Свабоды Антон Трафімовіч сказаў, што ніякага непадпарадкаваньня супрацоўнікам міліцыі ён не чыніў:

— Ніхто не прадстаўляўся, проста падбеглі людзі ў цывільным, схапілі за рукі, выцялі па галаве, не сказаўшы, за што мяне цягнуць. Я не супраціўляўся. Я нават ня меў магчымасьці супраціўляцца, бо іх было чацьвёра, хто мяне цягнуў. Гэта было праз 10-15 хвілін пасьля стрыму. Тое, што гэта былі супрацоўнікі міліцыі, я даведаўся толькі тады, калі мяне прывезьлі ў РУУС.

Ён сьцьвярджае, што ніякага разбору ў Заводзкім РУУС не было: «Нас там ніхто не апытваў, праз гадзіну нас выпусьцілі».

«Карцінкі Радыё Свабода ў эфіры няма». Што кажуць на аўдыёзапісе радыёперамоваў

Антон Трафімовіч перад затрыманьнем 15 ліпеня

Пазьней Свабода атрымала ад ананімнай крыніцы запісы радыёперамоваў невядомых асобаў, зь якіх можна зразумець, што за апэратарам Андрэем Рабчыкам і журналістам Алесем Пілецкім працягвалі сачыць пасьля завяршэньня трансьляцыі.

Журналістаў нейкі час суправаджалі, «перадаючы» іх невядомым асобам. З запісаў можна зразумець, што сачэньнем кіравала невядомая асоба з пазыўнымі «02 Адамава». У працэсе былі задзейнічаныя таксама пазыўныя «03» і «73».

Агулам запісаў радыёперамоваў шэсьць, іх працягласьць вагаецца ад некалькіх да 26 сэкундаў. Падаём іх цалкам у выглядзе аднаго аўдыёфайла, а таксама асобна тэкставую расшыфроўку кожнага з шасьці.

Запіс 1

«Нуль два Адамава, карцінкі Радыё Свабода ў эфіры няма».

Запіс 2

«На сувязі. Ой... 73, 73, набяры нуль трэцяму па правадах».

Запіс 3

«Адамава, кінатэатар «Цэнтральны» праходзяць. 73, дай прывязку па карэспандэнту»

Запіс 4

«Нуль тры Адамава. Вам далі карэспандэнтаў? Інфармацыю па карэспандэнту далі? На сувязі. Нуль тры Адамава. Карэспандэнты стаяць на скрыжаваньні па Незалежнасьці, будуць пераходзіць на бок МУС. Прыняў».

Запіс 5

«На сувязі. Нуль тры Адамава. Незалежнасьці — Камсамольская. Скрыжаваньне. Рэпартэры Радыё Свабода».

Запіс 6

«На сувязі. Нуль тры Адамава. Нуль тры Адамава. Вы журналіста бачыце? Радыё Свабода? Прынята».

Заява БАЖ: Спыніць пераслед журналістаў

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.4(87)