Общество

«Ай-яй-яй. Ёханый бабай». У Купалаўскім тэатры сьпявалі шансон пра «флейцістку», «чацікі» і «Латушку»

На сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы сёньня выступіў баранавіцкі гурт «Галасы ЗМеста», удзельнікі якога вядомыя сваім удзелам у праўладных аўтапрабегах, піша Радыё Свабода.

Выступ гурта «Галасы ЗМеста» у Купалаўскім тэатры

Рэпэртуар каманды складаецца зь песьняў, у якіх высьмейваюцца «жанчына з Прыбалтыкі», Павал Латушка, «флейцістка», каранавірус і Эўразьвяз. Гучалі таксама кавэры на «Муры» і «Купалінку» з каверканьнем беларускай мовы.

«Гэтыя хлопцы зь беларускай правінцыі ўжо сталі знакамітымі, а ўсё таму, што „паляць словам і нотай“ нядобразычліўцаў нашай цудоўнай краіны», — так «Галасы ЗМеста» прадстаўляе «СБ — Беларусь сегодня», у чыім youtube-канале адбывалася трансьляцыя канцэрту.

Публіка на канцэрце

«Галасы ЗМеста» пішуць на сваім сайце: «мы ня можам заставацца абыякавымі», калі «пад соўсам „палітычнай барацьбы“ спрабуюць разбурыць краіну, якую мы любім і ў якой жывём».

Лідэр гурту Дзьмітрый Бутакоў паміж песьнямі чытаў іранічныя вершы пра бел-чырвона-белы сьцяг, Усебеларускі зьезд 1917 году, які адбыўся ў Купалаўскім тэатры, і людзей, якія «прысягалі Гітлеру».