«Агнястрэльны дэбют» новага міністра

Наконт крытыкі шэсьця ў Курапаты («Ня трэба было ў Курапаты ісьці». «Мала народу, бо ў Курапаты», «Стварылі ўражаньне, што пратэсты зьдзьмуваюцца» і г. д.). Піша Сяргей Навумчык на Радыё Свабода.

Памяць

Абмінуць у гэты дзень Курапаты — азначала б здрадзіць памяці сотняў тысяч ахвяраў тэрору камуністычнай сыстэмы, якую стваральнік цяперашняй сыстэмы лічыць прыкладам. Думаю, далей тлумачыць ня трэба.

Масавасьць

Ёсьць моманты, калі ня масавасьць галоўнае. У 1968 у Маскве на Красную плошчу з пратэстам супраць уводу войскаў у Чэхаславаччыну вышлі 8 (восем) чалавек, з 250 мільёнаў жыхароў СССР. Іх было восем, іх зьбіла і схапіла КДБ праз некалькі хвілінаў, але для ўсяго сьвету і на дзесяцігодзьдзі гэта быў знак таго, што ў Савецкім Саюзе «аднадушнай падтрымкі» «міралюбівай» палітыкі КПСС — няма.

25 сакавіка 1989 адзначыць гадавіну БНР выйшаў толькі мастак Алесь Пушкін. Пра гэты «акт нацыяналізму» напісалі ўсе газэты, і калі мала хто ведаў пра БНР — дык цяпер даведаліся мільёны.

Уражаньне

Калі нехта заклапочаны, якое ўражаньне акцыі робяць на замежных палітыкаў і СМІ, дык бронетэхніка, страляніна, выбухі, зьбіцьцё тых, хто ідзе ўшанаваць памяць ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў — як нішто іншае сьведчаць для Захаду сутнасьць гэтага рэжыму. На Захадзе мала каму (хіба акрамя супэрлевых прафэсараў) трэба тлумачыць, хто такі Сталін. І паралелі з рэжымам Лукашэнкі тут відавочныя.

Міністар

Гэта дэталь. Але «агнястрэльны бэнэфіс» новага кіраўніка МУС паклаў канец спрэчкам палітолягаў наконт таго, што азначаюць перастаноўкі ў сілавых структурах. Азначаюць адно: узмацненьне рэпрэсіяў. Так звычайна і бывае пры агоніях дыктатураў. «Кроме мордобития — никаких чудес», — як сьпяваў Высоцкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(48)