Афіцыйная сацыялогія: рэйтынг даверу Лукашэнку ў Мінску — 24%
Беларускія сацыялагічныя службы не вымяраюць электаральны рэйтынг палітыкаў, бо не атрымліваюць замовы на такія даследаванні ад органаў улады.
Тым не менш у краіне пастаянна праводзяцца сацыялагічныя апытанні, якія вымяраюць «узровень даверу» да розных дзяржаўных органаў — напрыклад, судоў, міліцыі, войска.
Падлічваецца і «ўзровень даверу прэзідэнту». Гэта адзіная сацыялагічная лічба, на якую можа арыентавацца акружэнне Лукашэнка. Вынікі такіх даследаванняў не трапляюць у публічны доступ.
Чарговае такое апытанне праводзілася ў Беларусі ў сакавіку-красавіку 2020 года. У ім прынялі ўдзел каля 2110 чалавек (на розныя пытанні лічба трохі большая ці меншая), з іх каля 395 чалавек — у Мінску.
Нашай Ніве сталі вядомыя вынікі гэтага даследавання. Дакумент быў дасланы ў тэлеграм-канал журналіста Арцёма Гарбацэвіча. Крыніцы выдання пацвердзілі, што гэта рэальны дакумент.
Мы публікуем некаторыя лічбы па Мінску. Апытанне Інстытута сацыялогіі паказала, што ўзровень даверу кіраўніку краіны ў сталіцы апусціўся да 24%. У ранейшыя гады лічба была істотна большай.
Варта мець на ўвазе, што ў аўтарытарных краінах людзі, атрымліваючы званок з пытаннямі пра палітычную сітуацыю, часцяком пазбягаюць адказаў з крытыкай улады.
Цікавая і сітуацыя са стаўленнем грамадства да Цэнтрвыбаркама на чале з Лідзіяй Ярмошынай. Яму давяраюць 11,1% апытаных мінчукоў — такога нізкага даверу няма ні да аднаго ведамства.
Ці давяраеце вы прэзідэнту? (Мінск)
Адказ | Колькасць | Працэнт |
Так | 95 | 24% |
Не | 149 | 37,6% |
Няма адказу/складана адказаць | 152 | 38,4% |
Ці давяраеце вы Цэнтрвыбаркаму? (Мінск)
Адказ | Колькасць | Працэнт |
Так | 44 | 11,1% |
Не | 188 | 47,7% |
Няма адказу/складана адказаць | 163 | 41,2% |
Читайте еще
Избранное