Общество
Вольга Слуцкая

Адзінага сына Алеся Бяляцкага асудзілі за хуліганства

Адама-Дамініка Бяляцкага затрымалі падчас акцыі «Стоп бензін» і 23 жніўня аштрафавалі на 10 базавых велічыняў.

Як паведаміў «Салідарнасці» праваабаронца Уладзь Лабковіч, у панядзелак падчас акцыі «Стоп-бензін» аўтамабіль, якім кіраваў Адам Бяляцкі, спыніўся на перакрыжаванні праспекта Незалежнасці і Машэрава непадалёк ад Плошчы Перамогі. Кіроўца ўключыў аварыйку і быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ.

Аўтамабіль пагрузілі на эвакуатар, а Адаму Бяляцкаму надзелі кайданкі, пасадзілі ў машыну ДАІ і даставілі ў Цэнтральны РУУС. Праваабаронцы мяркуюць, што сын Бяляцкага правеў ноч у ізалятары на Акрэсціна.

Паводле праваабарончага цэнтра «Вясна», на Адама Бяляцкага склалі адміністрацыйны пратакол за парушэнне арт. 17.1 КаАП РБ — дробнае хуліганства.

Цэнтральны суд сталіцы 23 жніўня аштрафаваў яго на 10 базавых велічыняў (350 тысяч рублёў).

Нагадаем, праваабаронца Алесь Бяляцкі знаходзіцца пад вартай. Яго абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Адам – ягоны адзіны сын. Юнаку 22 гады. Ён рэжысёр. У гэтым годзе скончыў магістратуру Акадэміі мастацтваў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)