Общество

Марына Міхайлава

«Адзінае прыемнае адкрыццё году — людзі. Гэта дае надзею на лепшае»

«Салідарнасць» працягвае распытваць беларусаў у краіне і па-за межамі пра галоўныя падзеі, дасягненні і расчараванні 2023 года.

«З самых вялікіх планаў — не ўпасці ў роспач»

Юрась апошнія некалькі год жыве ў Польшчы, працуе ў сферы ІТ-тэхналогій. І насуперак перакананням многіх, што айцішнікі пры любых умовах як клёцкі ў масле плаваюць, гаворыць, што гэты год выдаўся надзвычай цяжкім для яго.

— Не перабольшу, калі скажу, што год прайшоў пад знакам няўпэўненасці, стрэсу, амаль што дэпрэсіі. Знянацку злавіў сябе на тым, што часта не магу сканцэнтравацца на працы ці іншай карыснай актыўнасці больш як на 15 хвілін. Таксама расквітнела напоўніцу пракарастынацыя — адкладваю справы да апошняга, некаторыя рэчы раблю нават са спазненнем.

Адчвуваючы стомленасць, пачаў сачыць праз фітнес-трэкер за рэжымам сну — і выявілася, што ў сярэднім сплю па 6 гадзін у суткі, а былі месяцы з яшчэ меншым паказчыкам. Наогул са здароўем, з эмацыйным станам ёсць праблемы — ніколі не думаў, што гэта будзе пра мяне, але даспеў да працы з псіхолагам і, калі спецыяліст палічыць патрэбным, да курсу антыдэпрэсантаў.

Але нават і тут, сумна ўсміхаецца Юрась, ён дацягнуў да апошняга — у выніку псіхолагі, якіх яму параілі сябры з беларускай суполкі, аказаліся ўжо ўсе занятыя, і курс пачнецца толькі ў студзені 2024-га.

— Дасягненні? Ну, калі ўлічыць, што нават у такіх абставінах я больш-менш спраўляюся з працай і дапамагаю на валанцёрскіх пачатках на ІТ-курсах для падлеткаў — чым не дасягненне?

А яшчэ, як бы гэта дзіўна ні гучала, упершыню пасля «сутак» у Беларусі, пераезду і доўгай гісторыі з легалізацыяй, пачаў чытаць, маю на ўвазе не прафесійную літаратуру і не журналісцкія тэксты, а для душы, мастацкія кнігі.

Здолеў прачытаць Гары Потара па-беларуску (раней не чытаў ні ў якім выглядзе і фільм не глядзеў), — добра зайшло. Таксама спадабалася Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?» — пасля інфармацыйнага перагрузу насмрэч адпачыў душой.

Што да планаў, Юрась зазначае — з-за падвешанага стану фірмы, у якой працуе, а таксама з-за асабістых праблем ён на гэты год ніякіх грунтоўных задум не меў, таму і падсумоўваць няма чаго.

— Пакуль з самых вялікіх планаў — не ўпасці ў роспач, вярнуцца больш-менш да нормы, тады ўжо змагу нешта рабіць далей.

«Зноў вярнулася адчуванне нашай неверагоднасці»

Да бягучага года Аляксандра жыла ў Мінску, а сёлета ўсе абставіны і магчымасці склаліся так, што па ўласным жаданні пераехала на вёску, у дом, які застаўся ад старэйшых сваякоў.

— Паколькі праца ў мяне аддаленая, а нязручнасці жыцця ў вялікім горадзе, як я зразумела за апошнія гады, пераважаюць ягоныя ж выгоды, я дазволіла сабе зрабіць тое, што даўно хацела: вярнулася да каранёў, сышла ў гэткі міні-даўншыфтынг і ўнутраную эміграцыю.

Да таго ж, шчыра кажучы, я вельмі-вельмі стамілася. Некалькі год са стабільна дрэннымі навінамі, трывогай за сябе і за сяброў, з якіх усё меншая колькасць застаеццца ў краіне, і ты іх толькі праважаеш увесь час, гаворыш нейкія дзяжурныя словы пра «мы абавязкова сустрэнемся», а ўнутры разумееш, што невядома калі гэта будзе, парушаны сон і стрэс, з-за гэтага праблемы са скурай, валасамі, зубамі — я проста зразумела, што не вывожу болей.

А на вёсцы у нечым, вядома, цяжэй, а ў нечым істотна палягчэла — мясцовыя, умоўна кажучы, прыгадалі, што «гэта Антосева», і прынялі мяне, куток далёка не самы глухі, суседзі добрыя.

Ну і яшчэ адно, што я сабе дазволіла ў сувязі з гэтым — падключылася да валанцёраў і бяру на ператрымку жывёлінак. Не шмат, колькі магу — але бачу і адчуваю, што я раблю карысную справу тут і цяпер, і гэта таксама надае сіл.

Хоць і няслушна будзе сказаць, дадае Аляксандра, што яна зусім выпала з грамадска-палітычнага кантэксту — міжнародную абстаноўку адсочвае, навіны рэгулярна чытае, а сёе-тое чуе ад  суседзяў — і ў глыбіні душы ўсё адно верыць у лепшае.

— Калі ўлетку адбыўся анлайн-марафон салідарнасці, сябры нават тэлефанавалі з-за мяжы: нагадвалі, што я ў краіне і каб нават не думала нічога, — дзякуй ім, тут я была проста назіральніцай, але з іх дапамогай спрычынілася да агульнай справы.

З-пад VPN глядзела, як імкліва мяняюцца лічбы на лічыльніку, і з вачэй цяклі слёзы гонару і захаплення.

Зноў, як у 2020-м, вярнулася адчуванне нашай неверагоднасці. Гэта не робіць 2023-ці агулам добрым годам, але не адзначыць гэты ўздым як адну з найгалоўных падзей года я не магу.

І так — не маю ілюзій, што адна ці нават некалькі такіх кампаній прывядуць да новай хвалі рэвалюцыі — у Беларусі ўсё зачышчана амаль ушчэнт. Але ірацыянальна ўсё адно спадзяюся, што наступны год будзе лепшым за гэты, і працягваю сярод жаданняў задумваць адно агульнае. Вы яго ведаеце.

«Песні дапамагаюць трымацца, калі цяжка »

— Маё галоўнае дасягненне году — я не з’ехаў з Беларусі, — жыццярадасна гаворыць Яўген, які, па ягоных словах, ужо 20 гадоў «водзіць усё, што рухаецца». — Хаця адпаведныя думкі і падставы, шчыра скажам, былі. Але потым вырашыў: якога чорта? Гэта мая зямля, і падладжвацца пад тых, каму не падабаецца, што людзі на ёй розныя, а не ўсе крочаць у нагу — а чаму я мушу гэта рабіць, хай яны лепш з’язджаюць.

Але ж сястра з мужам і плямяшкай яшчэ ўвесну з’ехалі, гавораць, што складана, дорага, няпэўна, але дзіця ў «несавецкай» школе шчаслівае, суполка мясцовая вельмі дапамагае, з новымі знаёмствамі шанцуе, мову паціху вучаць, думаюць наконт уласнага бізнесу — карацей, гаворка пра вяртанне ў іх ужо няма.

А ў мяне наадварот, паводле Вольскага: «Адкуль ні ўцякай, куды ні бяжы, і тут ты чужы, і там ты чужы» — ездзіў да іх, у гасцях спадабалася, а жыць не, хачу быць тут і сваім.

Хаця тое, што напружанне ў грамадстве нікуды не падзелася, а нават вырасла, моцна адчуваецца.

Я ў вольны час падпрацоўваю ў таксі — і калі яшчэ год-два таму пасажыры часцей заводзілі гутарку, нечым дзяліліся, абмяркоўвалі падзеі, то цяпер чатыры чалавекі з пяці будуць сядзець моўчкі ў тэлефоне альбо папросяць музыку ўключыць.

Адзінае выключэнне — ябацькі, іх ужо навучыўся адрозніваць па загаднай ці паблажлівай манеры стасункаў. Вось гэтыя могуць і запытацца: а што, маўляў, ці добра таксісты цяпер зарабляюць — у такіх выпадках аджартоўваюся як-небудзь.

У цэлым год, зазначае Яўген, выдаўся цяжкі, і добрых навінаў бракуе:

— Нават улюбёнае радыё «Мелодыі веку», і тое сёлета зачынілася — сышла эпоха… А з іншага боку, не было б шчасця: з-за гэтай пустэчы ў эфіры я пачаў часцей слухаць беларускіх выканаўцаў — у сэнсе, менавіта беларускіх. І да свайго сораму выявіў, як мала добрай музыкі ведаў. Затое цяпер часта менавіта гэтыя песні дапамагаюць трымацца, калі цяжка.

Не буду называць канкрэтных выканаўцаў — большасць, напэўна, ужо «экстрэмісты», — але хачу сказаць гэтым артыстам, што яны сапраўдныя, і што слухачам унутры краіны вельмі важна, што яны ёсць і працягваюць рабіць беларускую музыку.

«Адзінае прыемнае адкрыццё году — людзі»

Мінчанка Аксана — мама траіх дзяцей. Яна называе 2023-ці кандыдатам у найгоршыя гады з пачатку новага тысячагоддзя.

— Нават калі не браць да ўвагі міжнародныя падзеі. Хаця як ты іх не возьмеш да ўвагі: вайна ва Украіне працягваецца, потым кароткі, але страшны канфлікт у Нагорным Карабаху, цяпер вайна ў Ізраілю на фоне прапалестынскіх акцый у свеце і страляніны ў школах і ўніверсітэтах у розных краінах — поўнае адчуванне, што свет пасля кавіду захоплівае нейкая цяжкая мазгавая хвароба, і мы ўсе паціху вар’яцеем.

Ну і ў плане маёй сям’і — таксама «комба», можна сказаць. Мужа сышлі з працы, прычым далі зразумець — за тое, што ў яго была адміністратыўка падчас пратэстаў. Ён знайшоў іншае месца, там усё няблага, але ці гэта надоўга, пытанне лунае ў паветры.

У малодшага дзіця ў школе шалёная кампанія па ўступленні ў піянеры, прычым асобныя дзеячы ледзьве не адкрыта пагражалі СОПам тым, хто адмаўляецца — а я нават на Чырвоны Крыж не здаю, то даўно ў класнага кіраўніка ў ворагах хаджу. Пакуль адбіваемся ад гэтай дурніны, бо дзіця шмат хварэе, спасылаемся на тое, што ніякую грамадскую нагрузку не пацягне.

Старэйшыя ж сутыкнуліся — адна з перспектывай платнай адпрацоўкі пасля ВНУ (толькі потым стала вядома, што гэта бздура не датычыцца тых, хто паступіў вучыцца да прыняцця пастановы, але нерваў папалілі добра), а другая — спачатку з крадзяжом балаў  скандалам на цэнтралізаваным тэсціраванні, а цяпер вось з павышэннем платы за навучанне ў каледжу. Прычым я калі наведвала той каледж, ад стану класаў, мэблі, наогул матэрыяльна-тэхнічнай базы хацелася плакаць, настолькі ўсё дрэнна.

Таму ў гэтым годзе адчуваю сябе жуком-гнаявіком, на якога сыплецца самі разумееце што, а трэба з гэтага скатаць акуратныя шарыкі. Праз гэту перанапругу ўвосень моцна захварэла, і дагэтуль адчуваю сябе не да канца здаровай.

Адзінае прыемнае адкрыццё году — людзі. Столькі цудоўных, нераўнадушных людзей я даўно не сустракала. А ўся рэч у тым, што пачалі ездзіць з сябрамі больш актыўна па краіне — прыродныя аб’екты, музеі, сядзібы з нацыянальным каларытам.

У маленькіх правінцыйных музеях, у рамесных майстэрнях, на сядзібах няма ніякага ўплыву рускага свету, там такая сапраўдная Беларусь і беларусы, з некаторымі наша сям’я цяпер добра сябруе. І тое, што гэтыя людзі засталіся, што іх нямала, дае надзею на лепшае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(17)