Адвакаты, якіх пазбавілі права на прафесію. Чым яны займаюцца сёння?

Пазбаўленне абаронцаў адвакацкай ліцэнзіі — гісторыя ўжо звыклая ў сучаснай Беларусі. «Не той кліент», палітычная справа, каментары ў незалежных СМІ…

Прычыны розныя, а вынік адзін і той жа — забарона на працу. «Наша Ніва» спытала ў вядомых адвакатаў, якіх пазбавілі ліцэнзій, чым яны займаюцца сёння.

«Пра пазіцыю не шкадую. Спадзяюся, яшчэ змагу быць адвакатам»

Сяргей Зікрацкі быў пазбаўлены ліцэнзіі ў сакавіку 2021 года: камісія вырашыла, што ён «не мае дастатковай кваліфікацыі для працы адвакатам», прычынай сталі ў тым ліку каментары Сяргея для СМІ.

Зікрацкі абараняў шмат журналістаў, у тым ліку і галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча, адкрыта выказваўся ў прэсе і пра справы і пра сітуацыю ў краіне.

—  Мяне запрасілі на працу ў Офіс Святланы Ціханоўскай, і сёння я працую прадстаўніком Ціханоўскай па прававых пытаннях.

Я не шкадую пра справы, якімі я займаўся, не пашкадаваў ані разу. Так, мне вельмі крыўдна, што мяне пазбавілі ліцэнзіі, бо адвакацкая праца вельмі цікавая і я адчуваў, што я патрэбны людзям. І мне шкада хіба, што цяпер не магу аказваць дапамогу, бо шмат маіх кліентаў дагэтуль знаходзяцца за кратамі, і я не маю магчымасці дапамагчы ім.

Таксама шмат кліентаў звяртаюцца да мяне і па сёння, але вымушаны шукаць ім іншых адвакатаў, хоць мне б вельмі хацелася самому дапамагаць. Крыху крыўдна, што сам не магу ўдзельнічаць у некаторых цікавых працэсах.

Таму мне шкада, што я не працую адвакатам, але я не шкадую пра выбар, які зрабіў, не шкадую, што ўдзельнічаў у палітычных працэсах, ніколі не шкадаў, што актыўна каментаваў гэта ўсё.

Ну і я спадзяюся, што ўсё ж здолею вярнуць ліцэнзію ў будучыні і вярнуся ў адвакатуру, каб зноў дапамагаць людзям.

У Беларусі я не атрымліваў прамых пагрозаў, таму напэўна, мог бы заставацца там. Але ж адна справа пагрозы, а іншая — пачуццё уласнай бяспекі. І мае родныя вельмі хваляваліся за бяспеку таксама, таму мы вырашылі з’язджаць.

І калі мне паступіла прапанова ад штаба Ціханоўскай — гэта таксама падштурхнула мяне да ад’езду. Я перавёз усіх дачок з Беларусі.

Што тычыцца заробкаў, то відавочна: весці свой бізнэс у Беларусі і працаваць у Штабе — дзве розныя рэчы. Бізнэс прыносіў значна болей грошай, чым тая фінансавая падтрымка, якую я атрымліваю сёння. Але грошай хапае, каб спакойна жыць у Літве, а грошы я ўжо зараблю, калі вярнуся ў Беларусь. На сёння для вялікага заробку непрынцыповае.

«Пазбаўленне ліцэнзіі закранула асабіста мяне, бюро працягвае працу»

Канстанцін Міхель з адвакацкага бюро «ВМП Уласава, Міхель і Партнёры» быў пазбаўлены ліцэнзіі ў лютым 2021 года. Фармулёўка: за «здзяйсненне ўчынку, несумяшчальнага з высокім званнем адваката» — Міхель быў затрыманы ў лістападзе на «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», адсядзеў 14 сутак.

— У маім жыцці змянілася няшмат, бо я практыкаваў у вобласці камерцыйнага права. І цяпер мы гэтую практыку працягваем, кампанія працягвае працу. Пазбаўленне ліцэнзіі закранула асабіста мяне, астатнія адвакаты як працавалі, так і працуюць.

Хіба толькі з упраўляючага партнёра я стаў старшынём камітэта партнёраў кампаніі, бо без ліцэнзіі быць упраўляючым партёнрам нельга. Старшыня — гэта як старшыня на сходзе партнёраў, скажам так.

Мне ў працы не стала ані лягчэй, ані цяжэй, усё працягваецца ў працоўным парадку.

Ці шкадую я пра тое затрыманне? (Смяецца). Лепш пакінем гэтае пытанне без каментароў».

Адзначым, што адвакацкае бюро «ВМП Уласава, Міхель і Партнёры» па ацэнцы міжнароднага рэйтынгу IFLR 1000 стала лідарам у абедзвюх намінацыях: Financial & Corporate и Project Development.

«Мы не павінны з’ехаць з Беларусі ўсёй краінай»

Адвакат Андрэй Мачалаў удзельнічаў у палітычных працэсах, абараняў журналістак Кацярыну Барысевіч і Кацярыну Андрэеву. Быў пазбаўлены ліцэнзіі за каментар у СМІ: расказаў, што яго кліентку Вольгу Залатар катавалі. Пра тое, што дзейнасць яго ліцэнзіі прыпынілі, Мачалаў даведаўся непасрэдна падчас іншага гучнага працэсу. Ён быў абаронцам Вольгі Сінялёвай, якую судзілі за тое, што папрасіла з’ехаць са сваёй кватэры пракурорку Аліну Касьянчык.

— Сёння я працягваю юрыдычную практыку, але ўжо без магчымасці працаваць у судах. Дапамагаю былым кліентам, сваім калегам таксама, але ўжо не хаджу на працэсы і ў СІЗА. Прадастаўляю юрыдычныя кансультацыі як памочнік адваката.

Даходы ўпалі, канечне, але пазбаўленне ліцэнзіі не было для мяне вялікім ударам. Думаю, многія страцілі больш у падобнай сітуацыі. Мне хапае грошай на жыццё.

Псіхалагічна я таксама перанёс гэта лёгка, бо быў гатовы і разумеў, што калі-небудзь гэта здарыцца і са мною. Таму стараюся ставіцца да сітуацыі пазітыўна.

Але цікава, што мяне пазбавілі ліцэнзіі за тое, што я нібыта паведаміў недакладную інфармацыю, калі распавёў, што Вольгу Залатар катавалі. І дысцыплінарная камісія прызнала гэта «недаставернай інфармацыяй», таму што па гэтых фактах на той момант працягвалася праверка, яна яшчэ не была скончаная. Вось такая абсурдная фармулёўка, якая сама сабе супярэчыць.

Змяняць сферу дзейнасці не хачу. У адвакатуру я ішоў свядома, гэта справа, якую я люблю.

Я ўпэўнены, што раней ці пазней вярнуся да адвакацкай практыкі. Калі сённяшняя сітуацыя зацягнецца надоўга — ну што ж, значыць буду доўга чакаць.

Раней я атрымліваў пагрозы, разумеў, што могуць прыйсці і па мяне. Але ж зразумела, што калі будзе прынятае нейкае палітычнае рашэнне, то прыйдуць. Таму не бачу сэнсу хавацца.

З’язджаць кудысьці не хачу, бо я не здзяйсняў ніякіх злачынстваў. Калі нехта хоча сам здзейсніць злачынства і прад’явіць мне загадзя хлуслівыя абвінавачванні — то гэта будзе тычыцца ў першую чаргу тых людзей.

Я ў сябе дома. Так, пагроза можа і ёсць, але ж гэта не значыць, што мы цяпер павінны з’ехаць з Беларусі ўсёй краінай.

Таму пра эміграцыю я не думаю. Адназначна не. Магчыма, нейкі час буду падарожнічаць і працаваць аддаленна, але толькі часова.

«Сумую па страчанай прафесіі»

Людміла Казак была адвакаткай Марыі Калеснікавай. У верасні 2020-га Людмілу незаконна затрымалі сілавікі, суткі пратрымалі на Акрэсціна, пасля аштрафавалі на 25 базавых нібыта за непадпарадкаванне міліцыі.

Пасля гэта і стала прычынай пазбаўлення ліцэнзіі. У лютым 2021 года ліцэнзію скасавалі за «здзяйсненне ўчынку, несумяшчальнага з высокім званнем адваката».

— Справы мае так сабе. Знаходжуся ў Мінску, тут працую, праўда, пакуль не па спецыяльнасці, але блізка да юрыдычнай сферы. Але спадзяюся, у бліжэйшы час знайду больш блізкі па духу занятак.

Сумую па страчанай прафесіі. Разумею, што ў бліжэйшыя гады яе не вярнуць, бо калі пазбаўляюць ліцэнзіі з такой фармулёўкай як мяне, то цягам трох гадоў нельга вярнуцца ў прафесію.

І нават пасля — трэба будзе здаваць экзамен. Я магу працаваць юрыстам на прадпрыемстве, але не магу аказваць юрыдычныя паслугі як ІП — зноў жа, праз фармулёўку, з якой мяне пазбавілі ліцэнзіі.

Цікава яшчэ, што калі пазбаўляюць ліцэнзіі за дыскрэдытацыю «высокага звання адваката», то нельга працаваць нават памочнікам адваката. А калі за недастатковую кваліфікацыю, то можна. Вось такі каламбур.

Эміграваць пакуль не планую. Буду шукаць варыянты тут, каб годна працаваць і зарабляць.

Пакуль канечне хочацца вярнуцца ў прафесію, рана яшчэ надта свежая, не загаілася. А што будзе далей — паглядзім. Але я падсвядома разумела, што штосьці будзе, таму пазбаўленне ліцэнзіі не было нечаканасцю. Калі цвяроза глядзець на сітуацыю, то іншага выніку і не магло быць. Але нечаканасцю было тое, як хутка гэта было зроблена.

Што ўзялася абараняць Калеснікаву я ніколі не шкадавала, наадварот. Я ганаруся, што была яе абаронцам і аказвала бы любую дапамогу і зараз, каб гэта было магчыма. Нават каб ведала загадзя, чым усё скончыцца, сваё рашэнне ўзяцца за яе справу я б не змяніла.

Я думаю, прысуд Марыі Калеснікавай будзе такі, які і чакаюць усе — суворы. А ўжо пасля пачнуцца спробы дзяржавы неяк выкруціць усё на сваю карысць: магчыма, будуць прапаноўваць напісаць прашэнне аб памілаванні ці яшчэ штосьці.

Я ўпэўненая, што скончыцца ўсё добра, але ж невядома калі. Вельмі хочацца, канечне, каб як мага хутчэй.

Сёння я адчуваю пэўны ціск і ўвагу. Напрыклад, пару дзён таму вярталася з дзіцём з адпачынку і ў аэрапорце мяне фактычна адзіную спынілі і ператрэслі ўсе рэчы. І гэта другі выпадак за апошнія чатыры месяцы.

Фігурую, напэўна, у нейкіх іх базах, бачу, што трымаюць на кантролі, бачу, што цікавяцца. Таму складана сказаць, што адчуваю сябе ў бяспецы і мне нічога не пагражае. Але рукі не складваю, лічу, што ўсё будзе добра. Я ўпэўненая.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(18)