Адвакатку палітвязьняў Бабарыкі, Ціханоўскага і Дзядка адхілілі ад працы
Адвакатку Натальлю Мацкевіч адхілілі ад працы, супраць яе ў Мінюсьце Беларусі распачалі дысцыплінарную вытворчасьць, паведамляе Радыё Свабода.
Адвакатка Натальля Мацкевіч, якая, сярод іншых, абараняла былых прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыку і Сяргея Ціханоўскага
Пра гэта Свабодзе паведаміў былы судзьдзя Аляксандр Дзядок, сына якога палітвязьня Мікалая Дзядка апошнім часам абараняла Натальля Мацкевіч.
Сама Натальля Мацкевіч ад каментару адмовілася.
— Пакуль ніячога казаць ня буду, — сказала Натальля Мацкевіч.
Паводле Аляксандра Дзядка, ён валодае дакладнай інфармацыяй, што Натальлю Мацкеівч ад працы ўжо адхілілі:
— Стаіць пытаньне пра пазбаўленьне яе ліцэнзіі. У майго сына ў выніку ўвогуле прававая катастрофа — ён падчас судовага сьледзтва другі раз застаецца без абароны. Спачатку пазбавілі ліцэнзіі Яўгена Маслава, цяпер пад такой жа пагрозай Натальля Мацкевіч.
Тыдзень таму яна яшчэ змагла наведаць сына ў СІЗА на Валадарскага, плянавалі, што наведае ўчора, а тут такая праблема. Лічу, што гэта мэтанакіраванае пазбаўленьне права на абарону людзей, якія ня ўгодныя рэжыму, — сказаў Аляксандр Дзядок.
Натальля Мацкевіч працуе ў Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў, абараняла шмат каго з палітвязьняў, у тым ліку Віктара Бабарыку і Сяргея Ціханоўскага.
Читайте еще
Избранное