Филин

Ірына Марозава

«Адстаўка Калтовіча — не шараговая падзея. Гэта страта для сістэмы, але для краіны можа быць і добра»

Палітолаг Анатоль Котаў — пра вызваленне ад пасады намесніка кіраўніка апарату беларускага ўраду Уладзіміра Калтовіча.

Адпаведная пастанова Саўміна, датаваная 15 сакавіка, апублікаваная на нацыянальным прававым інтэрнет-партале. Прычыны такога рашэння не называюцца.

Уладзімір Калтовіч

Не так часта з дзяржаўнай абоймы выпадае чалавек, які прайшоў шлях літаральна ад прадаўца да міністра. Акурат пры Уладзіміру Калтовічу Міністэрства гандлю, якое ён узначальваў з 2015 па 2021 год, пераўтварылася ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ).

У міністэрскім крэсле Калтовіч запомніўся адкрытасцю ў параўнанні са многімі іншымі чыноўнікамі, устаноўкай на падвышэнне даходаў беларусаў, а не адміністрацыйнае стрымліванне цэн, наогул, меў рэпутацыю ліберала. Зрэшты, у 2020-м дзяржрэгуляванне цэн у Беларусі ўсё -такі было зацверджанае, і немалую ролю ў гэтым сыграў менавіта МАРГ.

Чаму цяперашнюю адстаўку не выпадае назваць шараговай падзеяй, Филин абмеркаваў з палітолагам і экс-чыноўнікам Анатолем Котавым.

— Спадар Калтовіч як міністр быў сапраўды на сваім месцы, — лічыць суразмоўца.

— Так, пры ім былі эпізоды ўмяшальніцтва ў справы буйных гандлёвых сетак (маю на ўвазе барацьбу з «Еўраторгам»), але, наколькі я ведаю, прэтэнзіі да сеткі былі небеспадстаўнымі. Гаворка ішла пра тое, што рытэйлер пачынаў выходзіць за межы антыманапольных правілаў і практык, іх доля на рынку месцамі перавышала дазволеныя адсоткі.

Але што самае галоўнае: калі адбываўся гэты наезд, менавіта ўмяшальніцтва міністра прывяло да таго, што адмянілі рашэнне аб закрыцці крамаў. У беларускай практыцы чынавенства і кантралёраў — рэч амаль нечуваная і неверагодная.

Таму было прызнанае парушэнне правілаў, аднак рытэйлеру не заміналі працаваць, прынамсі не разбуралі ўжо створанае. 

Хоць фармальна, калі б міністэрства дзейнічала так, як рабілі гэта ўсе астатнія, на месяц-паўтара ўвесь «Еўраторг» быў бы зачынены па ўсёй краіне, знайшлі б усюды парушэнні, пры жаданні. І зразумела, што страты за гэты перыяд былі б вельмі балючымі.

Мінгандлю часоў Калтовіча палітолаг называе «найбольшай абаронай ліберальных практык у беларускім гандлі» — натуральна, з улікам тых межаў, якія былі ўсталяваныя сістэмай.

— Уладзімір Калтовіч, можна сказаць, належаў да той каманды рэфарматараў, якія на свой капыл, але дбалі пра гаспадарку не на словах, а на справе, — дадае Анатоль Котаў.

— Тое, што чалавек з такім досведам і кампетэнцыямі сышоў з апарату ўраду — гэта страта для Саўміна?

— Я сказаў бы, што гэта страта для сістэмы. У рэжыма не так шмат людзей, якія, нягледзячы на ўсе хібы і перакосы, спрабуюць даводзіць знутры — у дадзеным выпадку, калі мы кажам пра гандаль і гаспадарку, — што яе падмуркам з’яўляюцца людзі, бізнес. І што калі хочаш атрымліваць падаткі — не знішчай тых, хто іх сплочвае.

Гэты чалавек менавіта такіх поглядаў. Таму ягоная адстаўка — не шараговая падзея, гэта страта для сістэмы. Для краіны ж, у тых варунках, у якіх яна цяпер знаходзіцца, — гэта можа быць і добра: калі чалавек з падобнымі ведамі і вопытам сышоў, то ўсё гэта, уся сістэма будзе менш трываць. А для сябе асабіста, я ўпэўнены, спадар Калтовіч не прайграў, і спакойна знойдзе сябе ў нейкім буйным бізнесе.

Замяніць адстаўленага намесніка кіраўніка апарату Саўміна, заўважае Анатоль Котаў, у рэжыма ўсё ж атрымаецца:

— Некалі ў мяне адбылася дыскусія на гэты конт з адным з былых прэм’ер-міністраў, які даводзіў, што замену заўсёды можна знайсці. І гэта праўда. На кагосьці Калтовіча заменяць. Тым больш, што праца ў апараце Саўміна — больш бюракратычная, датычыцца таго, каб трошкі каардынаваць працу ўсіх міністраў.

Але ўявіце, калі ў вас ёсць аўтамабіль і ў ім нейкая дэталь зламалася — у сервісе вы можаце яе замяніць ці то на арыгінал, ці то на танную падробку. Пакуль танных падробак у сістэме не так шмат, яна будзе неяк працаваць.

Сёння гаворка не ідзе пра тое, каб Беларусь квітнела і развівалася. Але з пункту гледжання рэжыму трэба захаваць сістэму. А калі так, то не трэба мяняць паўсюль прафесіяналаў: так бы мовіць, арыгіналы — на танныя кітайскія ці турэцкія падробкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.2(19)