Политика
Алег Грузьдзіловіч, ”Радыё Свабода”

Адразу пасьля прызнаньня прыдатным да службы Жалезьнічэнка зноў трапіў на бальнічны ложак

Прызванага ў войска грамадзкага актывіста Зьмітра Жалезьнічэнку паклалі на лячэньне ў мэдычную частку ў Жлобіне. Гэта адбылося адразу пасьля таго, як салдата прывезьлі зь Менску пасьля мэдычнага абсьледаваньня, якое прызнала яго прыдатным да службы.

Пра тое, што Зьміцер Жалезьнічэнка зноў апынуўся на бальнічным ложку, стала вядома ад ягонай маці Алы Жалезьнічэнкі. Жанчына спасылаецца на кароткі званок сына з мэдычнага пункту вайсковай часткі ў Жлобіне.

“Пагаварыла зь ім крыху. Сказаў, што як прывезьлі ў Жлобін, хутка паклалі ў мэдчастку, у яго запаленьне нейкае. Магчыма, сёньня вечарам яшчэ патэлефануе і падрабязьней раскажа. Колькі яго там пратрымаюць, ня кажа. Пэўна, сам ня ведае, бо яму і ў Менску ў шпіталі казалі, што будуць дасьледаваць некалькі дзён, а пратрымалі адны суткі, і ўсё”.

Нагадаем, у сярэдзіне студзеня актывіста Зьмітра Жалезьнічэнку адлічылі з Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, як мяркуюць беларускія праваабаронцы, за палітычныя погляды. Ужо празь дзень былога студэнта прызвалі ў войска і накіравалі на службу ў частку чыгуначных войскаў у Жлобіне. Зьміцер абвясьціў галадоўку пратэсту, падчас якой яго паклалі на абсьледаваньне ў Менскі вайсковы шпіталь. Там салдата пратрымалі толькі адзін дзень і вярнулі ў Жлобін. “Дактары лічаць яго цалкам здаровым”, — заявілі ўчора ў прэсавай службе Мінабароны.

Між тым сам Зьміцер у шпіталі казаў, што адчувае сябе блага. Вось фрагмэнт ягонага інтэрвію, запісанага пазаўчора, 29 студзеня:

“Цяпер у мяне ўвесь час моцна баліць галава. Як мне патлумачылі ў паліклініцы, гэта зьвязана з высокім ціскам і стрэсамі. Магчыма, і так”.

Зьміцер Жалезьнічэнка пацьвердзіў маці, што спыніў галадоўку, якая цягнулася пяць дзён.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)