Адпачынак Аляксандра Лукашэнкі пад лупай СМІ

У цэнтры ўвагі сэрбскіх СМІ – нечаканы зімовы адпачынак беларускага прэзыдэнта Лукашэнкі на гарналыжным курорце Капаонік. Многія выданьні падкрэсьліваюць: беларускі бок разьлічваў на тое, што візыт будзе тайным, аднак гэтага не здарылася, дзякуючы пільнасьці сэрбскіх журналістаў.

Візыт беларускага кіраўніка ў Сэрбію загадзя не афішаваўся ані Менскам, ані Белградам. Нягледзячы на тое, што беларускі лідэр пастаянна заяўляе пра сваю шчырую сымпатыю да сэрбскага народу і ягонага кіраўніцтва. Прэзыдэнт Беларусі быў адным зь нямногіх эўрапейскіх лідэраў, хто не падтрымаў незалежнасьці Косава і выказаў салідарнасьць з імкненьнем сэрбаў адстойваць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць.

Тым ня менш, пішуць выданьні, у часе прылёту Лукашэнкі на ўзьлётнай паласе не было ні аркестра, ні дзяржаўных сьцягоў. Паводле выданьня Press, беларускі кіраўнік разьлічваў, што непрыкметна і ціха трапіць на адпачынак у Сэрбію, а таму замест галоўнага сэрбскага аэрапорту “Нікола Тэсла”, куды звычайна прыбываюць асобы такога рангу выбраў правінцыйны аэрадром “Канстанцін Вялікі” ў горадзе Ніш.

Журналісты выданьня "Вечернье новости" гутарылі з кіраўніцтвам гэтага аэрапорту. Дырэктар Драган Бугарынавіч удакладніў, што зь Менску прыляцелі два самалёту. На “Boing 737-800” быў беларускі кіраўнік. На іншай, меншай машыне "Embrajer" -- яго сьвіта. Дзеці, унукі, іхныя нянькі, лекары, кухары, ахова ды іншы пэрсанал. Паводле Бугарынавіча, гэта прыкладна, чалавек 40.

Раней сэрбскае выданьне Press, а таксама шэраг іншых СМІ са спасылкай на ўласныя крыніцы называлі больш высокую лічбу – да 150 чалавек. Тым часам у гатэлі Гранд, дзе спынілася каманда беларускага прэзыдэнта, адмаўляюцца гаварыць, колькі канкрэтна нумароў і апартамэнтаў займаюць беларускія госьці. Паведамляецца, што спэцыяльна для высокіх гасьцей былі тэрмінова вызваленыя нумары, дзе жылі іншыя пастаяльцы. Гэтых людзей перасялілі ў астатнія гатэлі курорта.

Дарэчы, на чытацкіх форумах інтэрнэт-сайтаў названых выданьняў ужо зьявіліся першыя камэнтары на гэты конт. Сярод найбольш распаўсюджаных пытаньняў: хто аплачвае ўвесь гэты адпачынак? Можа сэрбскі бок, які запрасіў усю гэту беларускую каманду ў госьці?

Нягледзячы на пастаяннае прыкрыцьце высокага беларускага госьця ягонымі ўласнымі целаахоўнікамі ды мясцовымі ахоўнікамі, сэрбскім папарацы ўсё ж удалося выйсьці на сьлед і нават сфатаграфаваць яго. Як падае выданьне Blic, Лукашэнка да вечару катаўся на лыжах пры дбайным наглядзе семярых целаахоўнікаў.

Паводле кіраўніцтва кампаніі "МК Групп", якой сярод іншых належыць і гатэль Гранд, Лукашэнка ведае пра гэту цікавасьць. Ня выключана, што ў пятніцу ён правядзе прэсавую канфэрэнцыю ў гатэлі Гранд.

На пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода адносна магчымага нэгатыўнага адценьня візыту палітыкаў такога кшталту, памочнік кіраўніка "МК Групп" Яраслаў Ступаўскі адказаў:

“Для нас ён такі ж дарагі госьць, як і іншыя. Палітыка нашага гатэлю не камэнтаваць палітыкаў.У нас усе маюць статус гасьцей і VIP – гасьцей”.

Спадар Ступаўскі ня ведае, ці адбудуцца ў беларускага кіраўніка нейкія сустрэчы на вышэйшым узроўні, бо Лукашэнка “разам са сваёй сям’ёй, сваімі сынамі” праводзіць прыватны сямейны адпачынак, акрамя таго ён праводзіць час у плавальным басэйне ды на лыжах.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)