Филин

Сяргей Васілеўскі

«Адносна Перамогі сёння ёсць думка іхняя і думка «няправільная»

Пра тое, як памяць пра вайну ператварылася ў інструмент прапаганды, Филин пагутарыў з гісторыкам, сябрам Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксандрам Пашкевічам.

Аляксандр Пашкевіч, фота: Еўрарадыё

— Трыццаць год таму на плошчу Перамогі не пусцілі Васіля Быкава ды іншых ветэранаў-фронтаўцаў. Ён тады напісаў артыкул пра тое, што ўлады пачалі прыватызацыю перамогі над фашызмам. Ці можна сказаць, што сёння гэты працэс завершаны?

— Безумоўна, пра гэта можна казаць. Улічваючы атмасферу апошніх гадоў, ні пра якія альтэрнатыўныя думкі, як можна святкаваць Перамогу і як шанаваць памяць ахвяраў, герояў Другой сусветнай вайны, нават гаворка не заходзіць унутры Беларусі.

Тут ёсць толькі дзяржаўная пазіцыя, як гэта ўсё павінна адбывацца. І ніякіх адступленняў ад яе не дапускаецца. Тут усё адназначна.

І, на жаль, можна казаць пра тое, што адносна Перамогі, адносна Другой сусветнай ці Вялікай Айчыннай вайны, як яе часцей называюць у афіцыйным дыскурсе, сёння ёсць думка іхняя і думка «няправільная».  

Таму так, канечне, гэта прыватызацыя ў сваіх утылітарных мэтах.

— Вы ўзнялі тэму неабходнасці перагляду даты адзначэння Дня Перамогі. Украінцам спатрэбілася паўнамаштабная вайна, каб прыйсці да згоды аб пераносе дзяржаўнага адзначэння на 8 траўня. Наколькі складаным можа быць гэты працэс у нас?

— Гледзячы, з якога пункту ацэньваць тут простасць ці складанасць. Безумоўна, будзе шмат незадаволеных, шмат тых, хто не захоча пераносіць дзяржаўныя святкаванні з 9 на 8 траўня.

Зразумела, што тут будзе даволі моцная ўнутраная апазіцыя. Але мы ж не вядзем гаворку пра тое, каб 8-га святкаванне ўвесці, а 9-га забараніць.

Не пра гэта зусім гаворка ідзе. Яна ідзе пра растаноўку прыярытэтаў з боку дзяржаўных органаў, з боку гістарычнай супольнасці, адмыслоўцаў.

Я не думаю, што гэта выкліча нейкія вялікія грамадскія хваляванні. Практыка паказвае, што нашых людзей не надта цікавіць дзяржаўная палітыка ў гэтым плане, калі няма нейкай забароны.

А тое, што такі перанос трэба рабіць, што трэба ісці ў нагу з Еўропай, а не з Расіяй, то гэтага сама сітуацыя вымагае. Расія і звязаны з ёй рэжым Лукашэнкі пераступілі шмат чырвоных ліній, перакрочылі многія рубіконы.

І калі раней яшчэ можна было гаварыць, што ўсё гэта можа суіснаваць, што дата тут нерэлевантная, што давайце, можа, упішамся ў савецкую канцэпцыю Другой сусветнай вайны як Вялікай айчыннай, то цяпер такія стаўкі зробленыя, што варыянт застаўся толькі або-або.

І тут вінаватыя менавіта гэтыя рэжымы, якія ўзялі Другую сусветную вайну на ўзбраенне, паставілі яе ў падмурак сваёй ідэалогіі, скарысталі яе для апраўдання сваёй агрэсіўнай палітыкі, у тым ліку для апраўдання ўнутраных рэпрэсій.

Наша грамадства да такой змены часткова гатовае, часткова — не. І пытанне тут у тым, на якую з гэтых частак абапірацца ў сваіх дзеяннях.

Калі казаць пра сучасныя беларускія рэаліі, то украінцы па-свойму праходзяць праз свой траўматычны досвед, а мы па-свойму.

Нельга сказаць, што ў нас тут ўсё ціха-спакойна, што няма нічога такога, што б надавала імпульс для перагляду нашых светапоглядных момантаў.

Беларусы праходзяць праз уласны траўматычны досвед. І я думаю, што калі з’явіцца магчымасць гэтыя пытанні задаваць, свабодна дыскутаваць пра гэта, калі да ўлады прыйдуць цалкам ці часткова праеўрапейскія сілы, то гэтае пытанне нельга будзе спускаць на тармазах, маўляў, давайце пачакаем, пакуль грамадства будзе да гэтага гатовае.

Грамадства ніколі цалкам не гатовае. Яго да такіх рэчаў трэба рыхтаваць. І менавіта з дамапогай адпаведнай дзяржаўнай гістарычнай палітыкі. Пра гэта сведчыць не толькі наш досвед, але і досвед нашых суседзяў.

— Да ўдзелу ў афіцыёзных святкаваннях, якія ўсё больш нагадваюць так званае расійскае пабедабесіе, актыўна далучаюць дзяцей. У Беларусі расце колькасць ваенізаваных клубаў для школьнікаў.

Наколькі трывожнай выглядае сёння сітуацыя і якія наступствы можа мець уцягванне дзяцей у мілітарысцкія гульні ўладаў?  

Травень-2024, Плошча Пабеды

— Вядома, гэта вельмі небяспечна. Небяспеку ўяўляе само існаванне гэтага рэжыму з ягонымі тэорыяй і практыкай. І тое, што ў падуладных рэжыму навучальных установах дзеці вымушаныя праходзіць сацыялізацыю, безумоўна, з’яўляецца вельмі негатыўным фактам, якому мы, на жаль, не можам нічога інстытуцыйна супрацьпаставіць у сучасных умовах.

Вядома, пэўны ўплыў гэта будзе мець. І ўплыў выключна негатыўны. Гэта безумоўна.

Іншая рэч, што тут пытанне стаіць, наколькі глыбока гэта ўздзейнічае на дзяцей. Наколькі гэта ўсё, што сёння практыкуецца ў Беларусі, кладзецца ў дзіцячыя мазгі і сэрцы, наколькі дзеці ўсё гэта ўспрымаюць.

Таму што мы ведаем, што часта такія мерапрыемствы ладзяцца максімальна паказушна, бо правесці іх загадалі зверху. Нейкую лекцыю прачыталі, у форму апранулі, кудысьці вывелі, прайшліся, фота зрабілі і даслалі вышэйшаму начальству. І да наступнай даты забыліся.

Калі гэта ўсё казённае і фармальнае, то не заўсёды тое, што ўнутры чалавека, адпавядае таму, што на фота. Нібыта на фота ўсё добра, усеагульны энтузіязм, а калі пачнеш разбірацца, то апынецца, што ўсё гэта было арганізавана, што ніхто дабраахвотна туды не ішоў. І з дзецьмі тое самае.

Да іх трэба прабівацца, улічваючы іх сучасную псіхалогію, іх інтарэсы, тое, што ім цікава, чым яны жывуць і да чаго яны самі цягнуцца без прымусу. А калі тут голы прымус дзеля карцінкі, то прыгожыя здымкі можа і застануцца, а ў рэальнасці не так гэта ўсё дзяцей і кранае.

Таму гэтае пытанне неадназначнае. Безумоўна, гэта ўсё негатыўна ўплывае на дзяцей. Але наколькі глыбока яно ламае, пакажа час.

Не факт, што гэта ўсё ўздзейнічае ў высокім працэнце. Але нават калі яно ўздзейнічае і не надта моцна, безумоўна, нічога добрага ў гэтым няма.