Профсоюзы

«Адносіны былі нацягнутымі, але не крытычнымі». Старшыня БНП заступіўся за затрыманых на 1 мая

Старшыня Беларускага Незалежнага прафсаюза Мікалай Зімін выступіў у падтрымку асуджаных анархістаў, якіх затрымала міліцыя падчас першамайскага мітынгу ў Кіеўскім скверы, паведамляе сайт БНП.

У сваім лісце, адрасаваным суддзі Вікторыі Шабуне, прафсаюзны лідар патрабуе перагляду адміністрацыйнай справы і адмены рашэння адносна Вячаслава Касінерава і Аляксея Зуева, называючы прысуд «жорсткім і бесчалавечным».

«Узаемаадносіны арганізатараў мітынгу 1 мая і вышэй адзначаных людзей былі нацягнутымі, але не крытычнымі, каб па выніках таго, што адбылося пакараць Вячаслава арыштам на 10 сутак, а Аляксея штрафам у 10 базавых велічынь», — гаворыцца ў лісце.

Мікалай Зімін адзначае, што як адзін з арганізатараў мітынгу катэгарычна супраць такіх падыходаў і патрабуе перагляду і адмены рашэнняў суда.

Нагадаем, што першы раз Вячаслава Касінерава затрымалі на мітынгу ў Кіеўскім скверы з іншымі двума актывістамі анархісцкага руху, якія закрывалі твары маскамі. Яны разгарнулі транспарант «Свабода, роўнасць, раўнапраўе, самакіраванне», за што былі папярэджаны начальнікам мінскага АМАПа, а затым і арганізатарамі мітынгу. Ужо пасля іх затрымалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным і даставілі ў РУУС Цэнтральнага раёну Менску. Вячаслава Касінерава разам з яшчэ адным удзельнікам пікету адпусцілі з РУУС.

2 траўня, калі Касінераў прыйшоў на суд, каб падтрымаць затрыманага 1 мая Аляксея Зуева, яго зноў затрымалі.  

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)