Анастасія Зелянкова
Аднойчы лебедзь, рак, шчупак…

Можна яшчэ доўга падсумоўваць вынікі сёлетняй выбарчай кампаніі, шукаць вінаватых, аналізаваць пралікі альбо проста абурацца. Тым не менш адзін плюс ва ўсім гэтым усё ж быў: апазіцыя нарэшце пераадолела вузкапартыйную валтузню і аб’яднала сілы для сумеснай барацьбы. Кааліцыю, якая аб’яднала 10 партый і каля сотні арганізацый, цягам выбараў звязвала дамоўленасць. Цяпер паўстае пытанне, ці захаваецца і надалей перамір’е ў дэмакратыным лагеры?

— Дэмакратычная кааліцыя існуе і яна працягвае працаваць. У аўторак было чарговае пасяджэнне Палітрады,— запэўніў “Салідарнасць” Аляксандр Мілінкевіч. — Нават у структуры самой кааліцыі нічога не змянілася: дагэтуль працуюць Нацыянанальны камітэт і штаб. Мы цвёрда перакананыя, што гэтым разам выбараў у Беларусі не было, таму будзем ісці да канца. Мы проста не маем права змарнаваць тую працу, што была ўжо зроблена.

Аляксандр Мілінкевіч, як і ў ходзе выбарчай кампаніі, застаецца старшынёй Палітычнай рады. Але нядаўна падчас онлайн-канферэнцыі на Радыё Свабода Анатоль Лябедзька заявіў, што гатовы “змагацца, каб быць лідэрам аб’яднаўчага працэсу”. Ці азначае гэта, што ў бліжэйшы час можа разгарнуцца барацьба за вышэйшую пасаду ў кааліцыі і былыя паплечнікі зноў пачнуць высвятляць адносіны?

— Кааліцыя была створана на час выбарчай кампаніі, і ўсе рашэнні, якія яна прымала, тычыліся менавіта выбараў, — адзначае Анатоль Лябедзька. — Яна даказала сваю жыццяздольнасць, аднак сёння патрэбныя пэўнае рэфармаванне і карэкціроўка ўсіх нашых дзеянняў. Я сапраўды казаў, што гатовы стаць лідэрам аб’яднаўчага працэсу, але гэта не азначае, што я прэтэндую на лідэрства ў кааліцыі. Я буду задаволены і тым, каб ажыццяўляць надалей стратэгію сумесных дзеянняў. Сёння не важна, хто будзе лідэрам, галоўнае, каб мы не адмовіліся ад нашай ідэі аб’яднання. Мы выступаем за пашырэнне кааліцыі за кошт новых сіл і рухаў, тых людзей, якія падчас выбарчай кампаніі па-за межамі партый і аб’яднанняў, змагаліся за перамены ў краіне. Бо гэта наша агульная задача.

Александр Мілінкевіч лічыць, што мяняць лідэра сёння немэтазгодна.

— Раскруціць рэйтынг можна толькі падчас выбарчай кампаніі, што і было зроблена нашымі сумеснымі намаганнямі, — кажа ён. — На пачатку кампаніі мой рэйтынг складаў не болей за 1,5%, пад канец нават па самых сціплых падліках 25%. На гэта працавала вялізарная колькасць людзей. І сёння я стаю на чале аб’яднання не таму, што стопрацэнтна лепшы за іншых. Але так здарылася. Іншага чалавека цяпер, у “мірны” час, раскруціць проста немагчыма.

Анатоль Лябедзька, які зараз займае пасаду старшыні Нацыянальнага камітэта аб’яднаных дэмакратычных сіл, у сваіх выказваннях не настолькі катэгарычны:

— Гэта пытанне, якое яшчэ патрабуе абмеркавання. Нельга рабіць выгляд, што не існуе, напрыклад, таго ж Казуліна, які, трэба прызнаць, у асноўным зарэкамендаваў сябе пазітыўна. Нават калі сёння і ёсць лідэр, павінны быць створаны ўмовы і для разумнай канкурэнцыі.

Аб’яднаць сумесныя дзеянні ўсіх дэмакратычных сіл і выпрацаваць новы фармат кааліцыі ўчора ў чарговы раз прапанаваў Аляксандру Мілінкевічу і Аляксандр Казулін. Са следчага ізалятара ў Жодзіна праз свайго адваката ён перадаў наступнае пасланне: “Народ Беларусі стаміўся ад сварак апазіцыі. Надышла пара дзеянняў, а не моўных практыкаванняў. Патрабуецца рэальная палітыка”.

Пакуль жа ёсць толькі заявы аб намеры працаваць разам на перамогу, адзіную для ўсіх.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)