Общество
Сяргей Балай

«Аднаўляць вытворчасць слуцкіх паясоў няма сэнсу»

«Аднавіць вытворчасць слуцкіх паясоў можна, але навошта?», – пракаментаваў «Салідарнасці» ініцыятыву кіраўніка дзяржавы старшыня «Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» Антон Астаповіч.

– Аднавіць вытворчасць слуцкіх паясоў можна, але навошта? – задаецца пытаннем старшыня грамадскага аб’яднання «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» Антон Астаповіч. – Слуцкі пояс, тое, што мы лічым творам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, цалкам утылітарная рэч, прадмет адзення, які вырабляўся выключна для заможных людзей. У наш час ён прадстаўляе цікавасць толькі як музейны экспанат.

Як мяркуе спецыяліст, аднаўляць масавую вытворчасць слуцкіх паясоў нескладана.

– Любы ткач можа засвоіць гэтую, безумоўна складаную і тонкую тэхналогію, – лічыць суразмоўца «Салідарнасці». – Залататканыя паясы, апрача Слуцку, рабіліся у Карэлічах, у Гродна на мануфактуры Тызенгаўзаў. Апрача таго, у Замасці армяне хутка наладзілі выраб так званага кантрафакту.

Калі весці размову пра выраб паясоў сёння, напрыклад для фальклорных калектываў, паўстае пытанне мэтазгоднасці, бо кошт такога вырабу будзе баснаслоўны, а культурная каштоўнасць – мінімальная.

– Усе адно гэта будзе штучная вытворчасць – «навадзел», які не мае культурнай каштоўнасці, – мяркуе Антон Астаповіч. – Можна рабіць дакладныя копіі, якія будуць каштаваць вельмі дорага, бо гэта ручшая праца і выкарыстанне каштоўных матэр’ялаў у вытворчасці. Натуральна, іх не набудзеш каб насіць на джынсах, а ў фальклорных калектываў на іх проста не хопіць бюджэту.

Нагадаем, што тэма аднаўлення вытворчасці слуцкіх паясоў была асноўнай на працоўнай нарадзе пад кіраўніцтвам упраўляючага справамі прэзідэнта Беларусі Мікалая Корбута. Па ягоных словах, адраджэнне слуцкіх паясоў ініцыяваў сам Аляксандар Лукашэнка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)