Адміністратарка друкарскага цэнтру «Карандаш» адхіленая ад працы
Алена Рыбак адмовілася друкаваць мапу Усходніх могілак з пазначэньнем магілаў 50 выбітных беларусаў, якія прысьвяцілі жыцьцё беларускай справе, культуры ці мове.
Спадар Крывальцэвіч — дырэктар акцыянэрнага таварыства «Інфаэксперт», якому падпарадкаваны «Карандаш», адрэагаваў на звароты барысаўскіх праваабаронцаў.
Ігар Леднік і Алег Мацкевіч публічна выказалі абурэньне дзеяньнямі Алены Рыбак у гісторыі з мапай Усходніх могілак «Беларускі некропаль».
У прыватнасьці Алег Мацкевіч папярэдзіў аб сваім намеры зьвяртацца ў пракуратуру, бо палічыў, што супрцоўнікі цэнтра «Карандаш» злоўжывалі сваімі службовымі паўнамоцтвамі, з-за чаго былі парушаныя ягоныя правы на інфармацыю.
Нагадаем, напярэдадні Дзядоў Радыё Свабода падрыхтавала мапу Усходніх могілак «Беларускі нэкропаль» з пазначэньнем магілаў 50 выбітных беларусаў, якія прысьвяцілі жыцьцё беларускай справе, культуры ці мове. Аднак менская друкарня палічыла яе антыдзяржаўнай агітацыяй і адмовілася браць замову.
Наклад мапы меў вырабіць друкавальны цэнтар «Карандаш», які знаходзіцца на плошчы Незалежнасьці ў Менску. На этапе падрыхтоўкі да друку пытаньняў не ўзьнікла: напярэдадні былі вырабленыя пробныя асобнікі і складзеная замова. Але пасля адміністратарка друкарні Алена Рыбак заявіла, што лічыць матэрыялы агітацыйнымі, а Радыё Свабода, сайт якога пазначаны на мапе, — антыдзяржаўным, а таму цэнтар адмаўляецца іх друкаваць.
«З улікам сур’ёзнасьці і важнасьці Вашага звароту для нашай кампаніі, на час пэрыяд праверкі Алена Рыбак будзе адхіленая ад выкананьня абавязкаў мэнэджэра», — паведаміў у сваім адказе дырэктар «Інфаэксперта» А.М. Крывальцэвіч 6 лістапада.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное