Скандалы

Адміністрацыя Лукашэнкі сочыць за расследаваннем смерці ў міліцэйскай машыне пад Нясвіжам

Паводле сястры загінулага Іны Русак, вынікі дадатковай праверкі ў Менскім абласным упраўленьні СК павінны агучыць у канцы красавіка, паведамляе Радыё Свабода.

Пра сьмерць затрыманага міліцыянтамі жыхара Нясьвіскага раёну стала вядома на пачатку сьнежня 2018 году. Паводле папярэдняй вэрсіі, 48-гадовы Сяргей Абрамовіч павесіўся ў салёне міліцэйскага «УАЗіка» на шнурку ад уласнага чаравіка. Іншых падрабязнасьцяў здарэньня міліцыя не раскрывае. Канчатковай афіцыйнай вэрсіі трагедыі дагэтуль няма.

У лютым справу зь Нясьвіжу перадалі ў Менскае абласное ўпраўленьне Сьледчага камітэту. За гэты час аднаго зь міліцыянтаў, які затрымліваў Сяргея Абрамовіча, падвысілі ў званьні — ён атрымаў пагоны старшага лейтэнанта.

2 красавіка Іна Русак была на прыёме ў начальніцы ўпраўленьня адміністрацыі кіраўніка краіны Сьвятланы Скалабан. Чыноўніца паведаміла сястры загінулага, што справа яе брата знаходзіцца пад іхным кантролем. Акрамя Скалабан, на сустрэчы прысутнічала кіраўніцтва нясьвіскага Сьледчага камітэту, пракуратуры, суду і міліцыі.

— Я тэлефанавала сьледчаму на мінулым тыдні, пыталася пра вынікі новай праверкі, — расказала Свабодзе Іна Русак. — Мне адказалі, што пасьмяротная псыхоляга-псыхіятрычная экспэртыза будзе гатовая ў канцы месяца, тады ж мне агучаць нейкія высновы.

Іна Русак, фота Радыё Свабода

Па словах сястры загінулага Сяргея Абрамовіча, яна па-ранейшаму катэгарычна ня згодная з афіцыйнай вэрсіяй аб самагубстве і невінаватасьці міліцыянтаў, якія затрымлівалі яе брата. Ад знаёмых жанчына даведалася, што цяпер разглядаецца вэрсія аб злачыннай халатнасьці прадстаўнікоў праваахоўных органаў, аднак афіцыйнага паведамленьня пра гэта яна ня мае.

— Калі мне скажуць, што новая праверка ня выявіла ніякіх парушэньняў, я буду настойваць на эксгумацыі цела брата, — кажа Іна Русак. — Буду дамагацца, каб яго адкапалі і зрабілі новую экспэртызу.

З дня сьмерці Сяргея Абрамовіча прайшло ўжо амаль пяць месяцаў. Пра спагнаньне альбо пакараньне для міліцыянтаў, якія знаходзіліся побач з Абрамовічам у момант ягонай гібелі, дагэтуль нічога невядома. Падрабязнасьцяў абставінаў яго сьмерці сьледзтва таксама не раскрывае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(18)