Общество

Адкуль у Лукашэнкі 20% рэйтынгу?

Вынікі дасьледаваньня, якое правёў у Беларусі ў сярэдзіне лістапада брытанскі дасьледчы цэнтар Chatham House, выклікалі шэраг пытаньняў. На некаторыя зь іх Свабода папрасіла адказаць супрацоўніка цэнтру Рыгора Астапеню.

Рэспандэнты маглі выбраць да трох чалавек са сьпісу, таму сума рэйтынгаў большая за 100%. Атрымаўся наступны рэйтынг:

Віктар Бабарыка — 38,2%

Аляксандар Лукашэнка — 20,8%

Павал Латушка — 20,3%

Валер Цапкала — 12,1%

Сьвятлана Ціханоўская — 9,9%

Марыя Калесьнікава — 7,5%

Сяргей Румас — 7,2%

Сяргей Ціханоўскі — 5,9%

Уладзімер Макей — 2,5%

Зянон Пазьняк — 2,4%

Андрэй Дзьмітрыеў — 1,5%

Натальля Качанава — 1,2%

Максім Знак — 0,7%

Анатоль Лябедзька — 0,7%

Уладзімер Каранік — 0,6%

Вераніка Цапкала — 0,5%

Юры Караеў — 0,5%

Максім Баграцоў — 0,4%

Кірыл Руды — 0,4%

Івонка Сурвіла — 0,1%

Ніхто з вышэйпералічаных — 18%

Апытаньне было праведзенае з 13 па 18 лістапада 2020 году з выкарыстаньнем мэтаду кампутарнага вэб-інтэрвію (CAWI). Апытвалася гарадзкое насельніцтва Беларусі. Колькасьць рэспандэнтаў — 864 асобы.

– Пытаньні ўзьнікаюць нават з улікам таго, што вы апытвалі толькі гарадзкое насельніцтва. Як так у Лукашэнкі толькі 20%? — абураюцца адны. Адкуль узяліся ў Лукашэнкі цэлых 20%, я нікога ня ведаю, хто за яго, нават пэнсіянэры супраць, — кажуць іншыя.

– Велізарная колькасьць людзей жыве ў малых гарадах. Яны жывуць у пэўнай самаізаляцыі, яны маюць абмежаваны доступ да інфармацыі. Калі яны і маюць доступ да інтэрнэту, гэта ня значыць, што там яны чытаюць сайт ці тэлеграм-канал Радыё Свабода.

Цікавы прыклад — інтэрвію бацькі Вольгі Хіжынковай «Трыбуне». Яго спыталі пра стаўленьне да пратэстаў, пра тое, хто каго біў, на ягоны погляд. Ён адказвае — я ня ведаю, каму верыць, ня ведаю, хто каго справакаваў на бойку. У яго дачка сядзіць у турме, а ён так адказвае.

І такіх людзей нямала. Ён асабіста проста разгублены, бо ў яго дачка за кратамі. А ў каго дзеці не ў турме, тыя могуць думаць: Аляксандар Рыгоравіч — маладзец.

Ёсьць таксама людзі, якія зацікаўленыя ў існаваньні сёньняшняй сыстэмы. Гэта частка сілавікоў, частка чыноўнікаў, якія лічаць, што бяз гэтай сыстэмы яны будуць менш запатрабаваныя, яны будуць у горшым становішчы — фінансавым, кар’ерным.

Гэтыя 20% у Лукашэнкі ёсьць, вось такім чынам яны могуць назьбірацца.

– А хто пераважна тыя людзі, якія падтрымліваюць Лукашэнку, у якіх сацыяльных групах яго прыхільнікаў адносна больш?

– Менчукі схільныя падтрымліваць Лукашэнку ў найменшай ступені. А ў малых гарадах — да 10 тысячаў насельніцтва — значна вышэйшая падтрымка Лукашэнкі. Прыхільнікаў Лукашэнкі больш сярод людзей сталага веку — 55 гадоў і старэйшых, асабліва сярод жанчын. У яго большая падтрымка наагул сярод жанчын, чым сярод мужчын.

Гэтыя розныя пазыцыі полаў праяўляюцца, дарэчы, і ў іншых палітычных пытаньнях. Скажам, мужчыны аддаюць перавагу бел-чырвона-беламу сьцягу ў параўнаньні з чырвона-зялёным, а сярод жанчын пераважае чырвона-зялёны.

Тыя, хто падтрымлівае Лукашэнку, вельмі часта кваліфікаваныя і некваліфікаваныя рабочыя. Гэта не крэатыўная кляса, сярод якой большая доля праціўнікаў Лукашэнкі.

Калі казаць пра адукацыю, то сярод тых, хто мае вышэйшую адукацыю, прыхільнікаў Лукашэнкі істотна менш, чым сярод тых, хто мае ніжэйшую адукацыю — сярэднюю, прафэсійна-тэхнічную і сярэднюю спэцыяльную.

– Чаму рэйтынг Ціханоўскай упаў у 5 разоў?

– Тут няма супярэчнасьці. Ціханоўская дагэтуль успрымаецца як сымбаль пратэсту, як сымбаль гэтага лета. Але няшмат людзей галасавала за Ціханоўскую таму, што марылі, каб менавіта яна стала прэзыдэнтам. Гэта было пратэставае галасаваньне, галасаваньне супраць Лукашэнкі. Высокі рэйтынг у пратэсту, які ўвасабляе Ціханоўская, а ў палітыка Ціханоўскай самой па сабе — невысокі. Яна не прадстаўляла ніякай праграмы, ніякага свайго бачаньня Беларусі.

Чаму людзі павінны хацець бачыць яе саму прэзыдэнтам, калі ўся яе праграма — гэта абвясьціць новыя выбары? Людзі разумеюць, хто такія Бабарыка і Латушка. У людзей ёсьць разуменьне, што палітыка — гэта ўнутрыэлітныя рахункі. Бабарыка і Латушка — гэта людзі з высокім статусам.

Цяперашнія чуткі пра тое, што Ўладзімір Пуцін нібыта дамагаецца вызваленьня Бабарыкі — гэта таксама ўскосны паказьнік яго статусу і «вагі», нават калі гэтыя чуткі — няпраўда.

Васкрасенскі расказаў, як схадзіў у СІЗА КДБ да Эдуарда Бабарыкі

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.6(58)