Адкуль у Беларусі «расейская агульнавайсковая групоўка»?

БНФ патрабуе тлумачэньняў ад Рады Бясьпекі і Мінабароны Беларусі з нагоды заявы расейскага абарончага ведамства аб «значных зьменах у расейскай агульнавайсковай групоўцы ў Беларусі».

Як паведамляе прэсавая служба Партыі БНФ, Управа Партыі зьвярнулася па тлумачэньні ў Раду Бясьпекі і Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь:

«Паводле інфармацыі агенцтва „Інтэрфакс“, 15 чэрвеня 2015 году каардынатар Упраўленьня генэральных інспэктараў Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі генэрал арміі Ю. Якубаў заявіў, што ў бліжэйшы час „претерпит значительные изменения российская общевойсковая группировка в Белоруссии“.

Паводле дадзеных з адкрытых крыніц, Управа Партыі БНФ мае зьвесткі пра наяўнасьць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь двух вайсковых аб’ектаў Расейскай Фэдэрацыі, — радыёстанцыі „Антэй“ і радыёлякацыйнай станцыі „Волга“, — а таксама аб дысьлякацыі зьвяна расейскіх ваенных самалётаў у раёне горада Баранавічы. Зьвесткі пра наяўнасьць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь „расейскай агульнавайсковай групіроўкі“ ў адкрытых крыніцах адсутнічаюць.

На падставе артыкула 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і артыкула 59 Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь, Управа Партыі БНФ зьвяртаецца да Рады Бясьпекі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь з патрабаваньнем пацьвердзіць альбо абвергнуць факт дысьлякацыі агульнавайсковай групоўкі Ўзброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

У выпадку пацьверджаньня наяўнасьці названай групіроўкі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, Управа Партыі БНФ патрабуе ад названых структураў публічна праінфармаваць грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, на падставе якіх прававых актаў гэтая групоўка знаходзіцца на тэрыторыі нашай дзяржавы, яе колькасны склад і раёны дысьлякацыі».

Генэрал Якубаў заявіў пра ўзмацненьне расейскай групоўкі ў Беларусі у адказ на пляны ЗША разьмясьціць цяжкае ўзбраеньне ў краінах Балтыі, Польшчы, Румыніі і Балгарыі.

«Калі цяжкая баявая тэхніка ЗША ў складзе танкаў, артылерыйскіх сыстэмаў і іншай баявой тэхнікі сапраўды зьявіцца ў шэрагу краінаў Усходняй Эўропы і Прыбалтыкі, гэта будзе самым агрэсіўным крокам Пэнтагону і НАТО з часу „халоднай вайны“ мінулага стагодзьдзя. І Расеі нічога не застанецца, як нарошчваць свае сілы і сродкі на заходнім стратэгічным напрамку, — сказаў Якубаў. — У першую чаргу будзе ўзмоцненая групоўка войскаў па ўсім пэрымэтры заходняй мяжы Расеі, уключаючы новыя фармаваньні танкавых, артылерыйскіх і авіяцыйных частак. Ракетная брыгада ў Калінінградзкай вобласьці будзе паскоранымі тэмпамі пераўзбройвацца на новыя апэратыўна-тактычныя ракетныя комплексы „Іскандэр“, зьведае значныя зьмены расейская агульнавайсковая групоўка ў Беларусі, і гэтак далей».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)