Адкрыты зварот да гендырэктара «Белкалій»: «Як да прадстаўніка эліты дырэктарскага корпусу Беларусі»

Грамадзянін Беларусі, салігорац, прэсавы сакратар Незалежнага Прафсаюза Гарнякоў» у 2005-2008, якi ў дадзены момант жыве ў ЗША, звярнуўся да Iвана Галаватага.

— На працягу апошніх тыдняў ўсе беларусы і сусветная супольнасць стала сведкай забойстваў мірных грамадзян падчас акцый пратэсту супраць шматлікіх фальсіфікацый, зафіксаваных на працягу правядзення выбараў прэзідэнта Беларусі, — пiша Дзяніс Талпека ў звароце, якi даслаў «Салiдарнасцi». — Ужыванне агнястрэльнай зброі прадстаўнікамі сілавых структур у дачыненні мірных дэманстрантаў і нават людзей, якія знаходзіліся ў сваіх кватэрах, задакументавана на тысячах відэа.

Прадстаўнікамі сілавых структур ў дачыненні да грамадзян Беларусі была ўжытая абсалютна неабгрунтаваная і папросту жахлівая па сваіх памерах і масштабу сіла.

На сённяшні дзень ужо зафіксаваны тысячы фактаў збіцця падчас затрыманняў на вуліцах гарадоў па ўсёй Беларусі, у будынках раённых аддзелаў унутраных спраў і ў ізалятарах часовага ўтрымання. У будынках, якія было прынята называць праваахоўнымі, адбываюцца садысцкія здзекі у дачыненні затрыманых.

Грамадзян Беларусі збіваюць да смерці і калецтва. Гвалтоўныя дзеянні зафіксаваныя і ў адносінах цяжарных жанчын і непаўнагадовых дзяцей. Ад неабгрунтавана жорсткіх дзеянняў сілавікоў у шпіталь патрапіла нават 5-цігадовая дзяўчынка!

Усе вышэй апісаныя факты фіксуюцца медработнікамі па ўсёй краіне, а таксама ў сотнях калі ўжо не тысячах сведчанняў людзей, што былі затрыманыя альбо знаходзіліся ў ізалятарах часовага ўтрымання.

Звяртаюся да Вас як да прадстаўніка эліты дырэктарскага корпусу Беларусі. Вы чалавек, які не можа быць абмежаваны ў достпуах да крыніцаў інфармацыі.

Як вядома, пад пагрозамі звальненняў, арыштаў альбо турэмнага зняволення шматлікім прадстаўнікам сілавых ведамстваў папросту забараняюць карыстацца рознастайнымі крыніцамі інфармацыі, і таму яны часта папросту знаходзяцца ў прасторы абману, штучна створанага вакол іх.

У Вашым жа выпадку Вы можаце валодаць ўсёй неабходнай інфармацыяй пра тое, што адбываецца ў Салігорску і іншых гарадах Беларусі.

Рэпрэсіі, якія зафіксаваныя ў дачыненні народа Беларусі і ў тым ліку жыхароў Салігорска, цяперашніх і былых супрацоўнікаў ААТ «Беларуськалій» (сярод затрыманых і збітых быў і мой бацька — раней супрацоўнік «Белкалія», а зараз 66-цігадовы пенсіянер), сталі адной з галоўных прычын бестэрміновага страйку, распачатага шахцёрамі, супрацоўнікамі фабрык і іншымі працоўнымі прадпрыемства.

Лічу, што ў дадзены момант мы як жыхары Беларусі і Салігорска не павінны знаходзіцца па розныя бакі страйку, нягледзячы на тое, што Вы прадстаўляеце адміністрацыю і інтарэсы наймальніка, а працоўныя абараняюць свае правы і свабоды.

Думаю, Вы пагадзіцеся, што самае галоўнае не толькі зараз, але і заўсёды: і Вы, і бастуючыя павінны адчуваць бяспеку за свае сем’і, калегаў, родных, суседзяў.

Заклікаю Вас спыніць ціск на супрацоўнікаў «Беларуськалія», якія распачалі забастоўку. У цяперашні момант з-за рэпрэсій у дачыненні жыхароў Беларусі і Салігорска выконваць прафесійна і бяспечна сваю працу шмат хто з супрацоўнікаў папросту няздольныя з-за маральна-эмацыйнага стану і жаху, створанага ў грамадстве прадстаўнікамі некаторых сілавых структур.

Такая сітуацыя ставіць пад пагрозу здароўе і жыццё тысячы беларускіх працоўных па ўсёй краіне. Працоўныя выконваюць абавязкі, якія патрабуюць не толькі высокай кваліфікацыі, але і пастаяннай увагі і канцэнтрацыі. Зараз гэта яны вымушаныя рабіць ва ўмовах велізарнейшага стрэсу: пастаянныя думкі і турботы пра бяспеку сваіх родных і суайчыннікаў шматкроць павялічваюць рызыку атрымання траўмы на вытворчасці.

Усе мы хочам і імкнемся, каб Беларусь была краінай, дзе б выконваліся не толькі базавыя патрэбы, але і краінай, дзе законы і іх прымяненне былі б фундацыяй упэўненасці беларусаў у сваёй будучыні і забеспячэнні нашых правоў і свабодаў.

Ні для каго не сакрэт у якіх умовах вымушаныя працаваць кіраўнікі ўсіх дзяржаўных прадпрыемстваў. У атмасферы ціску з боку прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, калі пад пагрозай турмой альбо звальненнем часта з-за прычын, не маючых ніякага дачынення да забеспечэння эфектыўнай работы прадпрыемства, клопаты пра бяспеку супрацоўнікаў сваіх прадпрыемстваў часта адыходзяць на другі калі не трэці план. І гэтую жахлівую сітуацыю трэба мяняць. І ў Вашых руках ёсць такая магчымасць.

Таму заклікаю Вас звярнуцца да дырэктароў іншых прадпрыемстваў Беларусі з патрабаваннем спыніць ціск на бастуючых супрацоўнікаў. Бо менавіта яны спрабуюць абараніць зараз не толькі свае, але і Вашыя правы і свабоды як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

Заклікаю Вас падтрымаць бастуючых супрацоўнікаў «Беларуськалія», БелАЗ, МЗКЦ, «Гродна-Азот», «Нафтан», МАЗ, МТЗ, ММЗ, МНПЗ, БМЗ і ўсіх іншых прадпрыемстваў Беларусі сваім зваротам да прадстаўнікоў мясцовых і дзяржаўных органаў улады, следчых органаў і супрацоўнікаў міністэрста ўнутраных спраў і іншых сілавых структур аб спыненні гвалту ў дачыненні грамадзян Беларусі і завядзенні крымінальных спраў у дачыненні асобаў, вінаватых ў злоўжываннях супраць беларускага народу і фальсіфікацыі выбараў.

Мощное обращение к силовикам и военным: «Почему вы еще не с народом?»

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.7 (оценок:44)