Скандалы
Анастасiя ЗЕЛЯНКОВА

Адкладзены юбiлей

Кніга выбраных твораў Уладзіміра Караткевіча, выданне якой было запланавана ў серыі “Беларускі кнігазбор”, сёлета не вый-дзе. Чаму ў аўтараў праекта не атрымалася выдаць яе да юбілея пісьменніка і з якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца Міжнароднаму грамадскаму аб’яднанню “Беларускі кнігазбор”, расказаў “Салідарнасці” яго выканаўчы дырэктар Генадзь Вінярскі.

— Выданне твораў Караткевіча планавалася ў гэтым юбілейным годзе, і кніга была падрыхтаваная да друку яшчэ ўлетку. Але ў сілу фінансавых прычынаў яе выданне зацягнулася. Мы самастойна шукаем грошы на ажыццяўленне гэтага праекта. На жаль, сёлета кніга будзе толькі падпісана ў друк.

— І як даўно ваша арганізацыя вымушана самастойна здабываць сродкі на выданне кніг?

— Толькі першыя чатыры кнігі нашай серыі выйшлі пры частковай дзяржаўнай датацыі. У 1998 годзе гэтае фінансаванне скончылася: дзяржава палічыла, што мы ўжо сталі на ногі і можам развівацца самастойна. Напэўна, не трэба казаць, што “стаць на ногі”, займаючыся выданнем беларускай літаратуры, а тым больш класічнай, ніяк немагчыма. Ва ўсім свеце выданне класічнай літаратуры — справа датацыйная і сама па сабе стратная. Класіка — гэта не тая літаратура, якая карыстаецца штодзённым попытам, як, напрыклад, бульварныя раманы ці дэтэктывы. Нават пры самай лепшай рэалізацыі наша кніга не акупіцца. Па-першае, кніжныя магазі-ны могуць з намі разлічыцца толькі недзе праз год. А за гэты перыяд цэны значна падымуцца. Па-другое, мы нават не можам прадаваць кнігі па сабекошце, бо тады частка нашых чытачоў (студэнты і выкладчыкі) проста не зможа іх набыць. Таму нам прыходзіцца значна зніжаць цэны за кошт фундатарскай дапамогі. Фактычна мы займаемся дабрачыннасцю.

— Але ваш кніжны праект існуе ўжо 10 год. У серыі “Беларускі кнігазбор” выйшла ўжо больш за 30 кніг.

— Ідэя стварэння гэтага праекта ўзнікла ў нашага цяперашняга старшыні і галоўнага рэдактара серыі Кастуся Цвіркі. Хутка знайшліся і аднадумцы — людзі, якія не баяліся цяжкасцяў. Бо вядома, што шматлікія кніжныя праекты такога кшталту часта спыняліся пасля выхаду першых 3-4 кніг. Мы ж былі і застаемся фанатыкамі сваёй справы. Міжнародны фонд “Беларускі кнігазбор” быў створаны ў 1995 годзе, а ў 1996-м выйшла першая кніга — “Ян Чачот. Выбраныя творы”.

— Гэтую кнігу ў хуткім часе ўжо немагчыма было знайсці ў крамах. Паўтары гады назад за яе, здаецца, гатовыя былі вылажыць 50 долараў...

— Першыя кнігі ў нас ішлі проста нарасхват. Нават даходзіла да таго, што мы яшчэ не паспявалі выдаць кнігу, а па пярэдніх замовах увесь тыраж быў ужо прададзены. Нават кніжныя магазіны ішлі на перадаплату. Наклад на “Філаматах і філарэтах” выйшаў ажно на 10 тысяч. Але паступова сітуацыя пачала змяняцца. Фінансавае становішча нашых патэнцыйных пакупнікоў станавілася ўсё горшым. Менш пачалі заказваць нашых кніг і бібліятэкі, бо дзяржава скараціла фінансаванне на набыццё літаратуры ў недзяржаўных арганізацыях. Хаця паказальна, што кнігі «Беларускага кнігазбору» ёсць і ў бібліятэках заходнееўрапейскіх і амерыканскіх універсітэтаў. Якімі шляхамі яны туды трапляюць, мы не ведаем, але ўсё роўна прыемна.

Сёння ў нас узніклі праблемы з тым, што, паводле новай рэдакцыі Закона “Аб грамадскіх аб’яднаннях”, мы не маем права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Праўда, назваць нашу дзейнасць, якая не дае ні капейкі прыбытку, прадпрымальніцкай, на мой погляд, даволі складана. Свае сімвалічныя зарплаты мы атрымліваем толькі за кошт выдання пазасерыйных кніг. Але зараз мы не можам рабіць і гэтага. Пакуль што шукаем выйсце. Для стварэння сваёй камерцыйнай арганізацыі трэба і шмат часу, і шмат фінансавых укладанняў. Нам пакуль што гэта не па сілах. Але кнігі “Беларускага кнігазбору” ўсё роўна будуць выходзіць.

— Чаму такім разам вам не заняцца выданнем твораў выключна раскручаных пісьменнікаў?

— Прыбытак — гэта, канешне, добра. Але ж мы — грамадскае аб’яднанне, і перш за ўсё наша задача — гэта паказаць чытачу велічнасць нашай літаратуры. Раскручаных пісьменнікаў выдаюць і іншыя выдавецтвы. Мы ж хочам данесці невядомыя імёны, падняць з забыцця тых, пра каго ведаюць ва ўсім свеце, але забыліся тут, на радзіме. Такіх аўтараў у нас шмат. Той жа самы Ігнат Дамейка. Яго кнігі выходзілі ў розных краінах свету, толькі вось на беларускай мове ён не выходзіў ні разу. Трэба выратоўваць гэтую несправядлівасць. Зараз ужо ідзе праца над кнігамi Змітрака Бядулі, Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага, выбраных прац Адама Багдановіча.

— За гэтыя дзесяць год, напэўна, здараліся і розныя кур’ёзныя сітуацыі?

— Самыя кур’ёзныя выпадкі былі з назвай нашай арганізацыі. Як толькі яе не перакладалі! Часам у рахунак-фактуры ці на іншых дакументах можна прачытаць: “Белорусский книгообзор” ці “Белорусский книгозабор”, альбо нават “Белорусский книгодрюк”. Шчыра кажучы, часам здзіўляе неадукаванасць нашага грамадства. Калі мы выдалі зборнік “Філаматы і філарэты”, я звязваўся па тэлефоне з кніжнымі магазінамі, каб удакладніць, колькі ў іх будзе заказаў. Вось тады і пачуў, як гандлярка адной мінскай кніжнай крамы перапытвала ў тавараведа: “Слушай, Зин, там “Беларускі кнігазбор” какую-то книгу религиозную выдал про Филарета. Сколько будем брать?..”

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)