Общество

Наталля Лубнеўская, Наша Нiва, фота з архіву Стрыжакоў

«Аддалі 1700 еўра». Грамадскі актывіст Андрэй Стрыжак расказаў, чаму яны з жонкай паехалі нараджаць у Літву

У канцы красавіка гомельскі грамадскі актывіст Андрэй Стрыжак і яго жонка Яўгенія сталі бацькамі.

Гэта дзіця для пары — доўгачаканае. Пасля доўгіх беспаспяховых спробаў яны вырашылі адкладаць грошы на ЭКА. На шчасце, працэдура не спатрэбілася. А сабранай сумы хапала на тое, каб паехаць нараджаць за мяжу. Стрыжакі выбралі Літву. Як працуе медыцына ў гэтай краіне, колькі каштуюць паслугі і асобныя палаты, што здзівіла ў падыходзе лекараў і чаму партнёрскія роды — гэта цалкам натуральна? Андрэй Стрыжак расказаў пра досвед іх сям'і.

Кожнай жанчыне — асобная палата

Чаму пара не разглядала шпіталі Беларусі?

— Нараджаць мы хацелі ўдваіх, знаходзіцца разам з дзіцём — удваіх. Прынцыповым момантам таксама было абязбольванне родаў. У Гомелі гэтыя паслугі нам прапанаваць ніхто не мог, — расказвае Андрэй Стрыжак.

Можна было б паехаць у Мінск, але роды ў платных палатах сталіцы абышліся б нятанна. Плюс Андрэю давялося б здымаць жыллё. А ў Вільні была магчымасць спыніцца ў сяброў. Да таго ж Літва — гэта еўрапейскія медыцынскія пратаколы і стандарты, з чалавечым стаўленнем да пацыента.

Шпіталь выбралі дзяржаўны: знаёмыя сям'і, якія нараджалі там, казалі, што ўзровень абслугоўвання, абсталявання і лекараў не саступае прыватным клінікам. Затое кошт ніжэйшы.

Па падліках Стрыжакоў, за ўсе паслугі і знаходжанне ў медустанове яны аддалі 1700 еўра. У прыватных цэнтрах цэны стартуюць ад 3000 еўра.

— У Вільнюскім радзільным доме ёсць два паўнавартасныя мадэрнізаваныя аддзяленні, але з кожным годам загружанасць усё меншая, і таму на поўную сілу працуе толькі адно. Кожная парадзіха размяшчаецца ў асобнай палаце, абсталяванай ложкам-трансформерам з электрапрывадам, вялікім гумавым мячом для аблягчэння схватак, апаратам пастаяннага маніторынгу сэрцабіцця і апаратам ШВЛ для дзіцяці, кюветам з падагрэвам для нованароджанага, сістэмай падачы лекаў і раствораў з электроннай дазіроўкай і кучай усялякіх іншых штук, назначэння якіх я не ведаю і якія, на шчасце, не спатрэбіліся, — дзеліцца Андрэй.

Назірацца падчас цяжарнасці Яўгенія таксама ездзіла ў Літву. Асобны прыём — для тых, у каго няма пасведчання на права жыхарства ў Літве і медстрахоўкі — каштуе каля 10 еўра, але больш выгадна стаць на ўлік і заплаціць адразу за месяц 27 еўра. Пры гэтым можна хадзіць і да беларускага лекара. Пастаноўка на ўлік у Літве асабліва карысна на позніх тэрмінах, калі можна ў любы момант прыехаць у радзільню і праверыць стан дзіцяці ці ход цяжарнасці.

Што адчувае тата на родах?

— На роды ў Літве прыязджаюць у дзень родаў, калі схваткі становяцца балючымі. «Хуткую» я бачыў усяго некалькі разоў, у асноўным дабіраюцца сваім транспартам ці на таксі. Напрыклад, мы прыехалі ў пяць вечара і нарадзілі а палове на дзясятую раніцы. Агульны падыход — як мага даўжэй знаходзіцца дома ў натуральным для мамы і будучага дзіцяці асяродку, добра харчавацца і набірацца сіл для сустрэчы з малым, — дзеліцца назіраннямі грамадскі актывіст.

Што цікава: у Літве, каб прысутнічаць на родах, мужчыну не трэба ні пісаць заяву, ні наведваць курсаў, ні дадаткова плаціць. Проста прыходзіш разам з жонкай — і ўсё. Андрэй успамінае, што ўсе парадзіхі, якіх ён бачыў у калідоры, нараджалі разам з партнёрамі.

Мужчыны ў аддзяленні былі настолькі ж натуральнай з'явай, як лекар ці акушэрка.

На пытанне, чаму вырашыў знаходзіцца ў такі інтымны момант разам з жонкай, Андрэй жартуе: «Рабілі разам і нараджаць трэба разам». І дадае, што не верыць, быццам прысутнасць мужчыны на родах можа пагоршыць стасункі ў пары. «Мне падаецца, гэта стэрэатып з тых часоў, калі жанчына не павінна была казаць, што ў яе месячныя. Гэта чалавечы арганізм, і тое, што з ім адбываецца, — натуральна. Прабачце, дзяцей не бусел прыносіць, не ў капусце іх знаходзяць».

Андрэй прызнаецца: ён чалавек з багатым досведам розных крытычных сітуацый. Але на родах, стоячы ў бахілах і пінжаку ля ложка, адчуваў усю нерэальнасць таго, што адбываецца.

— Літоўскія медыкі ангажуюць бацьку, які знаходзіцца на родах, — ты не проста сядзіш на крэсліцы і глядзіш, што адбываецца. Мяне пазвалі да радзільнага стала, далі заданне — трымаць падушкі і цягнуць галаву Жэні да грудзей, калі ідуць патугі. Тое, што ты сам часткова прымаў роды, дае пачуццё прычынення — не так, што здаў жонку ў шпіталь і забраў праз тыдзень. Ты праходзіш усё з ёй ад пачатку да канца.

Маленькага Стрыжака назвалі Альбертам. «Па-першае, гэта імя ў яго на твары напісана, — з усмешкай тлумачыць тата. — А па-другое, так звалі дзядулю Жэні, Эйнштэйна і яшчэ многіх годных людзей».

«Цябе ўспрымаюць як чалавека, а не як адзінку статыстыкі»

Тое, што прыемна здзівіла сям'ю, дык гэта стаўленне дактароў. Па словах Андрэя Стрыжака, у шпіталі цябе ўспрымаюць як чалавека, а не як адзінку статыстыкі.

Ніхто не кажа пра цябе ў трэцяй асобе, абсалютна ўсе маніпуляцыі і дзеянні не толькі прагаворваюцца, але і абмяркоўваюцца з табой.

Лекары гатовы адказаць на пытанні, нават зададзеныя па некалькі разоў.

— Асобна варта сказаць пра поўную адсутнасць «сіндрому вахцёра» — увесь медперсанал ад рэгістратуры да лекара з самай першай сустрэчы настроены добразычліва і пазітыўна. Гэта не штучнае «платнае» добрае стаўленне, а медыцынскі стандарт, па якім працуе клініка, — заўважае суразмоўца. — На першае месца ставяць менавіта бацькоў і будучае дзіця.

У Беларусі не рэдкія сітуацыі, калі дзверы ў палату расчыняюцца, уваходзіць група студэнтаў-медыкаў і ўрач на табе, як на трэнажоры, пачынае штосьці паказваць і расказваць. Ляжыш і адчуваеш сябе паддоследным трусам.

— Якое ж было маё здзіўленне, калі я заўважыў, што пры ўваходзе ў палату медперсанал стукае ў дзверы і спраўляецца, ці ўсё добра. Кожны ад санітаркі да ўрача наладжвае кантакт, але пры гэтым не пераходзіць межы.

Пасля родаў жанчыну пераводзяць у двухмесную палату — для яе і таго, хто суправаджаючае. Там жа знаходзіцца і немаўля. У палаце ёсць халадзільнік, мікрахвалёўка, электрычны імбрык. Уключана чатырохразовае харчаванне для жанчыны. Каштуе ўсё каля 30 еўра за суткі. Калі пакой з асобнымі душам і прыбіральняй, то на пяць еўра даражэй. Але варыянтаў «люкс» менш, таму яны звычайна занятыя

— Палата выглядае як пакой у санаторыі, і сам рэжым знаходжання свабодны. Калі мы пыталіся пра абмежаванні, лекары падумалі-падумалі і сказалі: не дапускаем прысутнасці свойскіх жывёл. Уявіце беларускі шпіталь, у якім бы сказалі, што адзінае, што нельга — прыйсці з сабакам, — усміхаецца грамадскі актывіст.

З мінусаў — маленькаму Альберту, у якога была інфекцыя, не адразу аказалі належную меддапамогу.

«Мы трапілі на каталіцкі Вялікдзень, і таму атрымалася, што некалькі дзён было прапушчана, можна было б хутчэй зрэагаваць і пачаць лячэнне».

«У дэкрэт пайду я»

У большасці краін Еўропы грамадзянства дзіцяці даюць такое ж, як у бацькоў. Таму Альберта запісалі беларусам. Каб вярнуцца з немаўля на радзіму, неабходна было атрымаць у беларускім консульстве адпаведнае пасведчанне. Па словах Андрэя, усё ўдалося аформіць хутка, без бюракратычнай затрымкі.

— Калі нейкіх дакументаў не хапае — прынесяце потым, фота дзіця якое дасце, такое паставім. Дакументы я падаў у чацвер у абед — у пятніцу ў 10 раніцы пасведчанне ўжо было ў мяне на руках, і мы маглі ехаць дадому.

У адпачынак па доглядзе за дзіцем збіраецца пайсці Андрэй. Кажа, хоча прасоўваць падыход, пры якім тата актыўна ўдзельнічае ў жыцці малога.

Плюс яму, як праваабаронцу, цікава, як гэта працуе, ці няма перашкод пры афармленні «дэкрэту».

Цяпер грамадскі актывіст стараецца як мага больш часу праводзіць з жонкай і маленькім сынам — не хоча прапусціць першыя моманты з жыцця дзіцяці.

— Для мяне нараджэнне Альберта — гэта абнаўленне, перажыванне свайго дзяцінства. І магчымасць легальна пагуляць у машынкі, — жартуе Андрэй Стрыжак.