«Адчуваю сябе жудасна зьняважаным»

Лідэр гурта Neuro Dubel ня возьме ўдзел у вечарыне памяці Вольгі Самусік.

Як і шэраг іншых айчынных выканаўцаў, гурт Neuro Dubel сёлета быў пазбаўлены магчымасьці легальна выступаць. Нягледзячы на негалосную забарону і зрыў некалькіх сольных канцэртаў, пару разоў каманда Аляксандра Кульлінковіча здолела выступіць. Напрыклад, на фэсьце «Рок па вакацыях» яны былі заяўлены, як Kull orchestra, а перад выступам у межах праекту «Тузін.Unplugged» музыкі самі сабе прыдумалі назву – «Група Велосипедистов».

Але, як кажа музыка, тыя хітрыкі не дапамаглі. На тым жа «Року па вакацыях» дырэкцыя клюбу папрасіла перапыніць выступ, а арганізатары невялікіх клюбных канцэртаў адмовіліся ад пэрспектывы ладзіць далейшыя выступы Neuro Dubel.

Дайшло нават да таго, што Кульлінковіча наогул папрасілі не выходзіць на сцэну. Нават на вечарыне памяці Вольгі Самусік, заплянаванай на 8 сьнежня.

«Мне ясна далі зразумець: калі я нават проста вырашу выйсьці на сцэну без гурта, канцэрт можа не адбыцца, а клюбу пагражае закрыцьцё. Мне вельмі прыкра з гэтай нагоды, бо Вольга была маёй калегай і сяброўкай, а я нават слова пра яе не магу сказаць. Адчуваю сябе жудасна зьняважаным у гэтай сувязі», – кажа Аляксандар Кульлінковіч.

Тым ня менш, музыкі гурта рукі не складаюць. Поўнай хадой ідзе запіс новага дыска пад працоўнай назвай «Жаба». «Мы не зьбіраемся распадацца. Не даюць рабіць канцэртаў – будзем актыўней працаваць над дыскам», – кажа лідэр Neuro Dubel. Хутка на

афіцыйным сайце каманды плянуецца выкладаць відэа з рэпетыцый новых песень, каб прыхільнікі змаглі бачыць, як ідзе праца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)