Абраны новы старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў

10 снежня ў Мінску прайшоў ХVІ з'езд грамадскага аб'яднання «Саюз беларускіх пісьменнікаў» (СБП.).

Новым старшынёй СБП абраны рэдактар часопіса "Дзеяслоў" Барыс Пятровіч. Яго кандыдатура на пасаду старшыні незалежнага Саюза беларускіх пісьменнікаў разглядалася на з'ездзе на безальтэрнатыўнай аснове.

«Па вялікім рахунку гэта было прадказальна, — падзяліўся Барыс Пятровіч з БелаПАН, — шкада, што не было альтэрнатывы. Для мяне гэта праца — не новая, усё-ткі я дзевяць гадоў працаваў разам з Алесем Пашкевічам. Бачу сваю ў тым, каб працягваць тое, што рабілася ў апошнія гады, развіваць нашыя выданні, наш сайт, шчыльней працаваць з рэгіянальнымі арганізацыямі саюза.

Наступны год — год юбілеяў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка. Варта будзе годна адзначыць гэтыя юбілеі».

На пытанне, ці магчымае збліжэнне пазіцый двух пісьменніцкіх аб'яднанняў — афіцыйнага і неафіцыйнага, якім з'яўляецца СБП, Пятровіч адказаў: "Што тычыцца збліжэння саюзаў, у многім гэта залежыць не столькі ад нас, таму што, калі казаць на спартыўнай мове, мяч сёння на іхнім баку. Мы вымушаны у большай ступені абараняцца. Калі будуць ініцыятывы з іхняга боку, будзем спрабаваць іх разгледзець".

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)