Политика

Абранне Канапацкай разбурыла адзінства ў АГП

Кіраўнік Менскай абласной арганізацыі Абʼяднанай грамадзянскай партыі Віктар Малочка вырашыў пакінуць пасаду. Сваё рашэньне ён абгрунтаваў так:

«У сувязі з тым, што партыя дала згоду на «прызначэнне» аднаго з яе сябраў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу... лічу для сябе далейшае кіраўніцтва Менскай абласной арганізацыяй АГП немэтазгодным. Адпаведную заяву накірую 25 верасьня на сустрэчу спікераў партыі».

У размове з «Радыё Свабода» спадар Малочка ўдакладніў:

— Зразумела, размова ідзе пра Ганну Канапацкую. Я нічога ня маю супраць яе. Але я разважаю так — калі спадарыня Ганна хоча стаць дэпутатам, няхай напіша заяву аб выхадзе з партыі.

Мой сын Аляксандар, які працуе электраслесарам на «Беларуськаліі», таксама балятаваўся ў дэпутаты — па Салігорскай гарадзкой выбарчай акрузе № 68. У нас з ім няма сумневу ў перамозе. Але ж у нас тут былі такія падтасоўкі! Я напісаў сёння заявы паўсюль — у КДБ, міліцыю, пракуратуру, суд — пра тое, як на некаторых участках былі «арыштаваныя» бюлетэні.

Раніцай учора я пайшоў з сынам на абвяшчэнне вынікаў галасавання. І сустракаем там Андрэя Рыбака — намесніка гендырэктара «Беларуськалія». Я яму і кажу: Андрэй, ты прызначаны дэпутат. А ён мне адказвае: калі так, то і ваша Канапацкая таксама прызначаная. Пасля гэтага я і вырашыў напісаць заяву аб сыходзе».

На ўдакладняльнае пытанне Свабоды, ці спадар Малочка пакідае толькі пасаду кіраўніка абласной філіі, ці наагул выходзіць з партыі, Віктар адказаў так:

— Пакуль толькі сыходжу з пасады. Але не выключаю, што і выйду з партыі наагул. Магчыма, зробім гэта разам з сынам, бо ён таксама ўваходзіць у АГП.

Старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька пра сытуацыю разважае так:

— Чаму цэлы дзень не было камунікацыяў Ганны Канапацкай з прэсай? Мы наўмысна ўзялі паўзу. Мы праводзілі кансультацыі ўнутры партыі. Найперш сярод чальцоў Палітрады. Таксама ў нас створаная такая інтэрнэт-пляцоўка «Спікер». На ёй прысутнічаюць кандыдаты ў дэпутаты і некаторыя сябры іх камандаў. Учора была дыскусія.

Я нічога не хаваю. Ёсьць розныя падыходы, розныя погляды. Але істотная бальшыня чальцоў «Спікера» выступае за тое, каб выкарыстаць мандат Ганны Канапацкай для новага парадку дня. Першы пункт — свабодныя і справядлівыя выбары са змяненнем выбарчага заканадаўства. Другі пункт — сыстэмныя рэформы ў эканоміцы, уключаючы нашу партыйную праграму «Мільён новых працоўных месцаў». Трэці пункт — эўрапейскі выбар. Гэта пазыцыя большасьці.

Віктар Малочка паступае правільна. У нас такі ўнутрыпартыйны закон — калі ты маеш нейкую пасаду, то мусіш выконваць рашэньні бальшыні. А шараговы сябра партыі можа зь нечым не пагаджацца, мець свой погляд на праблему і адстойваць свой пункт гледжаньня.

У нас ёсьць, напрыклад, Вольга Маёрава — чалавек вельмі эмацыйны. Яна ачольвае адну з раённых арганізацыяў сталіцы і таксама ўдзельнічала ў выбарах. Магчыма, і яна нешта вырашыць для сябе. Так што могуць быць і дэмаршы, і выхады з партыі. Але гэта ўсё нармальна — у АГП існуе ўнутрыпартыйная дэмакратыя.

А што тычыцца перамогі, якую ўкралі ў Аляксандра Малочкі, то, на жаль, пацярпеў ня ён адзін. Гэтаксама ўлады абышліся з Сашам Кабанавым, Ірынай Давідовіч, Анатолем Зьмітровічам…».

Як Лябедзька выкрываў псэўдаапазыцыянераў

***

Тым часам сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Вольга Маёрава заявіла пра гатовасць выйсці з арганізацыі, бо там прынялі мандат дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай, якая балатавалася ад партыі. Пра гэта Маёрава напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

«Я, Вольга Маёрава, паспрабавала зрабіць усё, каб перадухіліць тую ганьбу, якая лягла на Аб’яднаную грамадзянскую партыю і на мяне асабіста ў выніку згоды партыі прыняць мандат “дэпутата” “парламента” Ганны Канапацкай. Галоўнае пытанне — як можна адначасова прызнаваць выбары нелігітымнымі ва ўсёй краіне і рабіць выключэнне для асобна ўзятай акругі? Наконт простага выказвання салідарнасці з іншымі чальцамі партыі гаворка ўжо нават не ідзе».

Са словаў Маёравай, яна задавала аднапартыйцам іншыя пытанні: як чалавек, вінаваты ў развале працы гарадской арганізацыі АГП, спадзяецца супрацьстаяць усяму праўладнаму парламенту, чаму факты фальсіфікацый на акрузе Канапацкай прызнаваліся ў каментарах, але ж пры гэтым партыя радуецца абранню сваёй кандыдаткі? Таксама Маёраву цікавіць як Ганна Канапацкая будзе прасоўваць ідэі партыі, калі на перадвыбарчым білбордзе яна не пазначыла ні сваю партыйнасць, ні спасылку на праграму «Мільён новых працоўных месцаў», адзначае Еўрарадыё.

25 верасня АГП будзе падводзіць вынікі выбарчай кампаніі і Вольга Маёрава прадставіць свой пункт гледжання і будзе патрабаваць адказу на свае пытанні.

«Калі я не пачую пераканаўчых адказаў і не сустрэну разумення нашай пазіцыі сярод калег па партыі, то не буду ў далейшым лічыць для сябе магчымым быць сябрам партыі, якая прымае такія рашэнні», — заяўляе яна.

Маёрава балатавалася ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па 107-й Усходняй акрузе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)