А вы б падалі руку Аляксандру Лукашэнку?

Лідэр дэмакратычных сілаў Аляксандр Мілінкевіч працягнуў руку Лукашэнку, зьярнуўшыся да яго з адкрытым лістом з прапановамі па дэмакратызацыі сытуацыі ў краіне. «Наша Ніва» запыталіся ў дзеячоў культуры і грамадзтва: а яны гатовыя былі б падаць руку Аляксандру Лукашэнку?

Алесь Бяляцкі, праваабаронца: «Цяжка сказаць адназначна. Напэўна, ёсьць выключныя выпадкі, у якіх я б згадзіўся паціснуць яму руку. Калі, напрыклад, гэтае пацісканьне магло б канкрэтна нешта зьмяніць у нашай краіне. Тады б я зрабіў гэта. Аднак магу сказаць, што гэты чалавек мне абсалютна непрыемны».

Валянцін Акудовіч, філёзаф: «На дадзены момант зрабіць гэта мне было б вельмі складана. За гады нашага супрацьстаяньня ў маёй ісьце назьбіралася шмат нэгатыву да гэтага чалавека. Ён абражаў і ганьбіў на працягу ўсіх гэтых гадоў тое, што мне было дарагім і каштоўным. Я разумею, што гэта кіраўнік маёй дзяржавы і я мушу адносіцца да яго менавіта як да кіраўніка, але не магу так зрабіць. Я не выключаю, што мог бы паціснуць Лукашэнку руку пры нейкай афіцыйнай сустрэчы ці прыёме, калі б яна была, але разам з тым я б рабіў усё магчымае, каб такой сустрэчы ў нас не адбылося».

Зьміцер Вайцюшкевіч, музыка: «На разьвітаньне паціснуў бы».

Максім Жбанкоў, культуроляг: «Гэта залежыць ад кантэксту. Зараз я б наўрад ці гэта зрабіў. Але б у выпадку, калі б ён адрэагаваў на ліст Мілінкевіча, калі б зрабіў некалькі крокаў нам насустрач, калі б адмовіўся ад сваёй манаполіі на лёс краіны, то я не выключаю такой магчымасьці».

Уладзімер Колас, дырэктар зачыненанага Беларускага ліцэю: «Калі б гэта пайшло на карысьць нейкай справы, то, напэўна, паціснуў бы. Аднак ня думаю, што ў мяне зьявіцца такая магчымасьць, бо ўсе спробы апазыцыі пайсьці на збліжэньне з уладамі марныя».

Пятро Марцаў, выдавец: «Калі гаварыць у прамым кантэксьце, то, натуральна, паціснуў бы на якімсьці прыёме. Калі гаварыць пра пераносны сэнс, то паціснуў бы ў тым выпадку, калі б Лукашэнка пайшоў насустрач нам у зьменах унутранай і замежнай палітыкі краіны, калі быў бы гатовы пайсьці на трансфармацыю эканомікі. У праціўным выпадку я ня бачу ў гэты сэнсу».

Пятро Садоўскі, былы пасол Беларусі ў Нямеччыне: «Невітаньне — прыкмета пэўнага комплексу. Трэба шкадаваць сваіх ворагаў і прабачаць ім. Кажу гэта шчыра, хаця не зьўляюся ўзорным хрысьціянінам. Зычу шчасьця нават тым, хто пісаў на мяне даносы. Што канкрэтна да пытаньня, то, як чалавек старэйшы за Лукашэнку, павінен першы падаваць яму руку. На чужых людзей, як на сваіх блізкіх, нельга трымаць крыўду. За злачынствы ж кожны павінен адказваць перад судом зямным і нябесным».

Алесь Цыркуноў, мастак: «Гэта розыгрыш? Зь якой нагоды я буду паціскаць руку чалавеку, які ганьбіў усе нацыянальныя каштоўнасьці? Ніколі і ні ў якіх умовах, бо дракону не паціскаюць руку».

Алесь Разанаў, паэт: «Лукашэнка за час свайго кіраваньня шмат куды заходзіў і шмат адкуль сыходзіў. Мала, каб ён прыйшоў адзначыць Дзень Волі, важна, каб ён увайшоў з намі ў тую самую Волю, у нашу Беларусь. Толькі ў такім выпадку яму можна паціснуць абедзьве рукі, бо калі ты паціскаеш толькі адну руку, то ніколі ня ведаеш, што робіць другая».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)