Общество
Павал Севярынец, "Наша ніва"

«А цяпер — салідарнасьць»

Алёшча страйкуе. Старшыня мясцовай выбарчай камісіі, няйнакш за выкананьне пляну волевыяўленьня акурат пасьля выбараў прызначаны начальнікам лесапункту, павялічыў працоўны дзень на гадзіну: маўляў, затое зробім выходны ў суботу. Люд спраўна працаваў тыдзень з 8-й да 17-й у першую зьмену й ад 17-й да 2-й начы ў другую... а напярэдадні ўікэнду новы начальнік выдаў загад: «У сувязі з вытворчай неабходнасьцю аб’явіць суботу працоўным днём». Здавалася б, фінт немудрагелісты, накшталт гульні ў напарсткі са скрынямі для галасаваньня — але ж гэтым разам народ абурыўся.

Раней, за былым начальнікам, падобныя штукі праходзілі ці не штотыдня. Людзей выганялі працаваць і па нядзелях, і на вялікія сьвяты. Загад на такі выпадак выдаваўся бяз пячаткі й часьцяком нават бяз подпісу — бо паводле працоўнага заканадаўства гэткія фокусы могуць і пасады каштаваць. Цішкам лаяліся, але выходзілі. А вось цяпер рабочыя пабачылі «свабодныя й справядлівыя выбары», паглядзелі, што пасьля кампаніі ўлада проста перастала саромецца — і вырашылі: досыць.

Спадзеючыся, што рабочыя спалохаюцца пісьмовай адказнасьці, у канторы разьлінавалі аркушы паперы з загадам, напісалі ўсе прозьвішчы рабочых і два варыянты: «згодны» і «ня згодны». У другой графе расьпісаліся ўсе: штрэйкбрэйхера не знайшлося ніводнага. Начальства тэрмінова прыехала ў Алёшчу ды заявіла: «Не дамо пляну ў гэтым месяцы — леспрамгас зачыняць». «Штогод зачыняеце, — адрэагавалі рабочыя, — хлусьня». Тады ім паабяцалі аплату ў двайным памеры ды прыгразілі, што завадатараў скароцяць. Марна: у суботу на працу людзі ня выйшлі.

За восем месяцаў у Сітне мне даводзілася бачыць небагата рэчаў, якія тутэйшыя рабілі разам (і гэта пры тым, што ў вёсцы ўсе адзін аднаму сваякі ці суседзі). Разам прапівалі заробак, пачынаючы з крамнага «віна» й завяршаючы павальным ужываньнем «максімкі». Аднадушна, але ціхма, на перакурах, клялі начальства, міліцыю, сельсавет ды ўладу ўвогуле. І дружна, апусьціўшы долу вочы, брылі па загадзе працаваць у выходныя. А зараз, нечакана нават для саміх сябе, азіраючы паплечнікаў са зьдзіўленьнем ды неспадзяванай радасьцю, адкрыта зьядналіся супраць уладнага ўціску. Хай сабе, як той казаў, і зь непалітычнае прычыны — але ж з падобнага працоўнага адзінства калісьці пачалася і «Салідарнасьць».

Такое ўражаньне, што падзеі сакавіка-2006 у Беларусі скаланулі нейкія глыбінныя пласты масавае сьвядомасьці. У гэтую вясну Беларусь на поўныя грудзі ўдыхае дух салідарнасьці.

Сотні людзей, не знаёмых паміж сабой і не прыналежных да палітычных партыяў, зьбіраліся ўначы ля ізалятараў ды прыёмнікаў, каб сустрэць вязьняў. Перадавалі прадукты й цёплыя рэчы, развозілі герояў Плошчы па хатах, дзякавалі й абяцалі адно аднаму — наступным разам быць разам. Тысячы наведнікаў Інтэрнэту, дагэтуль занятых гульнямі ды тусоўкамі на чатах, некалькі тыдняў ставілі на вушы сталічную міліцыю нечаканымі й вынаходлівымі пэрформансамі. Дзясяткі тысячаў каталікоў, пратэстантаў, уніятаў ды праваслаўных упершыню супольна пасьцілі й маліліся да Адзінага Бога за свабоду, праўду й справядлівасьць у Беларусі. Менавіта акцыі салідарнасьці зрабіліся гітом Вясны-2006.

Бадай што наймацнейшым выклікам гэтаму змагарнаму адзінству сталася шалёная атака КДБ і МУС на Малады Фронт. На менскіх плошчах рэжым убачыў дзясяткі тысячаў маладых, цэлае новае пакаленьне, беларускую будучыню — і жахнуўся. Рэпрэсіі разгарнуліся з размахам колішняй «справы нацдэмаў». На пяцёх маладафронтаўцаў былі заведзеныя 3 «крыміналкі» за графіці, яшчэ аднаго абвінавацілі ў «падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў», яшчэ аднаго — у «зьнявазе дзяржаўных сымбаляў», яшчэ кагосьці — у «разгалошваньні таямніцы сьледзтва» і больш як паўсотні сябраў Маладога Фронту ў 12 гарадох выклікалі на допыт ды абшукалі на 5-ці крымінальных справах паводле драконаўскага 193-га артыкулу — «выступ ад імя незарэгістраванай арганізацыі». Пэўна, спадкаемцы Цанавы хацелі расьсекчы рух на кавалкі, каб маладафронтаўскія шарагоўцы ды хаўрусьнікі пахаваліся ў бульбу: раней часьцяком даводзілася назіраць такую дзіўную адстароненасьць ад абвінавачаных у «крыміналках». Але ў адказ маладафронтаўцы ўжылі адзіную сілу, здольную паралізаваць ды зламаць рэпрэсіўную машыну — сілу салідарнасьці. Масавы збор подпісаў пад зваротам ад імя «незарэгістраванага Маладога Фронту» паставіў рэжым перад фактам: ідэю, рух, ды ўвогуле народ судзіць немагчыма. Бо калі з рэжымам змагаецца толькі апазыцыя — яна асуджаная на паразу. Калі ж пачынае змагацца нацыя — асуджаны рэжым.

І ў інтэрнэт-гасьцёўнях, і ў «Нашай Ніве», і на кухнях тысячы беларускіх галасоў, разбуджаных сакавіком-2006, хорам пытаюцца: а што цяпер? Адказ просты: цяпер салідарнасьць. Штодня. Менавіта тыя, хто ўдзельнічае сёньня ў акцыях салідарнасьці — падпісваецца ў абарону маладаронтаўцаў, становіцца са сьвечкамі на Нямізе, далучаецца да пятнічнага Нацыянальнага посту й малітвы — тут і цяпер ствараюць беларускую нацыю. Само адчуваньне адзінства, дадзенае Богам кожнаму народу, і ёсьць першапачаткам, наймацнейшым грунтам і асноватворным падмуркам нацыянальнага абуджэньня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)