Общество
Алесь Дашчынскі, ”Радыё Свабода”

“92% бізнэсоўцаў ня выканалі ўказ”

Завяршыўся тэрмін льготнага пераходу індывідуальных прадпрымальнікаў у прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы. У гандлёвым цэнтры “Імпульс” у Менску шэраг боксаў зачынены. На дзьвярах аб’явы: “Не працуе ў сувязі з пераафармленьнем дакумэнтаў”.

Лідэры прадпрымальніцкага руху заявілі, што ў прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы перайшла нязначная частка бізнэсоўцаў.

Лідэр кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў заявіў, што толькі 7-8% бізнэсоўцаў пад прымусам альбо дабравольна перайшлі ў прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы. Таму ўсяго па краіне будзе каля 12 тысячаў так званых “ЧУПаў”.

“92% не выказалі жаданьня выканаць гэты ўказ. І адпаведна працуюць у старой форме індывідуальнага прадпрымальніка.

Самае галоўнае наперадзе — гэта адмена фіксаванага падатку ад 1 студзеня. Гэта ўсё ўваходзіць ва ўказ №760, таму ён яшчэ да канца ня выкананы. І прадпрымальніцтва яшчэ сваё апошняе слова скажа. Ёсьць катэгорыя прадпрымальнікаў, якая шкадуе, што перайшла ў “ЧУПы” і пачынае афармляць дакумэнты на адмову ад “ЧУПа”.

Нагадаем, ад 1 студзеня гэтага году індывідуальныя прадпрымальнікі маюць права наймаць на працу толькі блізкіх сваякоў. Да 1 студзеня, згодна з указам прэзыдэнта, бізнэсоўцы мусілі перайсьці ў прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы. Аднак бальшыня прадпрымальнікаў праігнаравала гэты ўказ. Тады 29 сьнежня кіраўнік Беларусі падпісаў указ, якім працягнуў тэрмін спрошчанага пераходу ў прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы. Аднак масавай перарэгістрацыі зноў не адбылося, заявіў лідэр рэспубліканскага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка:

“Калі ўрад рапартуе, што недзе тысяча перайшла ў “ЧУП”, то літаральна за пару месяцаў наноў адкрылася індывідуальных прадпрымальнікаў каля 15 тысячаў. Зноў зарэгістраваныя індывідуальныя прадпрымальнікі — гэта адказ бізнэсоўцаў на тыя крокі дзяржавы па загону прадпрымальнікаў у “ЧУПы”. Прадпрымальнікі не ідуць у “ЧУПы”. І для таго, каб не адкрываць гэтыя прадпрыемствы, яны альбо зачыняюць гандлёвыя кропкі, альбо яны застаюцца самі, звальняючы сваіх гандляроў, альбо афармляюць у індывідуальных прадпрымальнікаў сваіх гандляроў”.

Паводле Анатоля Шумчанкі, сытуацыя нагадвае “тлеючы канфлікт, які будзе разгарацца пад час палітычных кампаній”.

Напярэдадні прадстаўнікі ўладаў заявілі, што тэрмін спрошчанай перарэгістрацыі пераносіцца больш ня будзе.

Бізнэсоўцы ў Баранавічах зьбіраліся правесьці сёньня сход на каапэратыўным рынку, але ўлады не дазволілі. Сёньня з раніцы рынак знаходзіўся пад пільным наглядам міліцыі. Актывіст Мікалай Чарнавус сказаў:

“Міліцыя, КДБ ведае, што сёньня будзе сход. І сёньня рынак аблажылі. А 8-й раніцы ў дырэктара ўжо былі міліцыянты”.

Адносна сытуацыі зь пераходам у прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы спадар Чарнавус сказаў:

“З рынку ніхто ў гэтыя “ЧУПы” не ўступіў — ці то па льготах, ці то бяз льготаў”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)