9 гадоў таму знік Дзмітрый Завадскі

Дзмітрый Завадскі нарадзіўся 28 жніўня 1972 года. З 1994 па 1997 гг. быў асабістым аператарам Аляксандра Лукашэнкі. Са студзеня 1997 г. працаваў аператарам Грамадскага расійскага тэлебачання (ОРТ).

Вясной 1997 г. быў арыштаваны разам з журналістам ОРТ Паўлам Шараметам і абвінавачаны ў незаконным перасячэнні беларуска-літоўскай мяжы (падчас здымкаў рэпартажу пра яе празрыстаць) і ўмоўна асуджаны на паўтара гады пазбаўлення волі.

З кастрычніка 1999 па травень 2000 працаваў у Чачні, дзе разам з Паўлам Шараметам здымаў для ОРТ фільм «Чачэнскі дзённік».

7 ліпеня 2000 г. знік пры нявысветленых абставінах па дарозе ў аэрапорт «Мінск-2». Па факце знікнення Дзмітрыя была ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле «забойства», аднак потым абвінавачанне было перакваліфікавана на «выкраданне і незаконнае пазбаўленне чалавека волі».

14 сакавіка 2002 г. Мінскі абласны суд прызнаў вінаватымі ў выкраданні Завадскага афіцэраў спецпадраздзялення МУС «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча і Максіма Маліка (асуджаныя на пажыццёвае знявлоленне), былога курсанта Акадэміі МУС Аляксея Гуза (асуджаны на 25 гадоў пазбаўленя волі), а таксама грамадзяніна Сяргея Савушкіна (ужо выйшаў на волю).

Паводле абвінавачання, матывам злачынства сталася помста: Завадскі публічна абвінаваціў Ігнатовіча ва ўдзеле ў чачэнскай вайне на баку баявікоў. Аднак ніхто з асуджаных не прызнаў сваёй віны ні па адным з эпізодаў.

27 лістапада 2003 г. суд Фрунзенскага раёна г. Мінска прызнаў зніклага журналіста памерлым. Між тым, цела Дзмітрыя Завадскага дагэтуль не знойдзена.

Спецыяльны дакладчык паліткамітэта Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Хрыстас Пургурыдэс, які ў 2004 годзе па выніках візіту ў Беларусь падрыхтаваў справаздачу «Зніклыя асобы ў Беларусі», патрабаваў адмысловага крымінальнага расследавання з мэтай высветліць магчымую спрычыненасць высокіх дзржаўных чыноўнікаў да знікнення Завадскага.

З таго часу расследаванне па справе аб знікненні Завадскага некалькі разоў аднаўлялася — «у сувязі з наноў адкрытымі абставінамі» — і прыпынялася зноў — са спасылкай на «необнаружение безвестно исчезнувшего лица», аднак выніку не прынесла.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)