8 гадоў невядомасці

Дзмітрый Завадскі знік пры нявысветленых абставінах па дарозе ў аэрапорт «Мінск-2», куды скіроўваўся сустрэць з Масквы журналіста ОРТ Паўла Шарамета. З таго часу пра лёс журналіста нічога невядома. Ён афіцыйна прызнаны памерлым, аднак за яго забойства ніхто не адказаў — некалькі асобаў асуджаны­я на розныя тэрміны пазбаўлення волі толькі за выкраданне і незаконнае ўтрыманне Дзмітрыя ў няволі.

Дзмітрый Завадскі нарадзіўся 28 жніўня 1972 года.

З 1994 па 1997 гг. быў асабістым аператарам Аляксандра Лукашэнкі.

Са студзеня 1997 г. працаваў аператарам Грамадскага расійскага тэлебачання (ОРТ).

Вясной 1997 г. быў арыштаваны разам з журналістам ОРТ Паўлам Шараметам і абвінавачаны ў незаконным перасячэнні беларуска-літоўскай мяжы (падчас здымкаў рэпартажу пра яе празрыстаць) і ўмоўна асуджаны на паўтара гады пазбаўлення волі.

З кастрычніка 1999 па травень 2000 працаваў у Чачні, дзе разам з Паўлам Шараметам здымаў для ОРТ фільм «Чачэнскі дзённік».

7 ліпеня 2000 г. знік пры нявысветленых абставінах па дарозе ў аэрапорт «Мінск-2».

Па факце знікнення Дзмітрыя была ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле «забойства», аднак потым абвінавачанне было перакваліфікавана на «выкраданне і незаконнае пазбаўленне чалавека волі».

14 сакавіка 2002 г. Мінскі абласны суд прызнаў вінаватымі ў выкраданні Завадскага афіцэраў спецпадраздзялення МУС «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча і Максіма Маліка (асуджаныя на пажыццёвае знявлоленне), былога курсанта Акадэміі МУС Аляксея Гуза (асуджаны на 25 гадоў пазбаўленя волі), а таксама грамадзяніна Сяргея Савушкіна (ужо выйшаў на волю).

Паводле абвінавачання, матывам злачынства сталася помста: Завадскі публічна абвінаваціў Ігнатовіча ва ўдзеле ў чачэнскай вайне на баку баявікоў. Аднак ніхто з асуджаных не прызнаў сваёй віны ні па адным з эпізодаў.

27 лістапада 2003 г. суд Фрунзенскага раёна г. Мінска прызнаў зніклага журналіста памерлым. Між тым, цела Дзмітрыя Завадскага дагэтуль не знойдзена.

Спецыяльны дакладчык паліткамітэта Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Хрыстас Пургурыдэс, які ў 2004 годзе па выніках візіту ў Беларусь падрыхтаваў справаздачу «Зніклыя асобы ў Беларусі», патрабаваў адмысловага крымінальнага расследавання з мэтай высветліць магчымую спрычыненасць высокіх дзржаўных чыноўнікаў да знікнення Завадскага.

Сёння сябры ГА «БАЖ» ушаноўваюць памяць свайго калегі. У офісе арганізацыі пад партрэтам Дзмітрыя — свежыя кветкі. Некаторыя супрацоўнікі прыйшлі на працу ў адмысловых кашулях з выяваю Д. Завадскага. Прэс-служба арганізацыі разаслала калегам банеры для размяшчэння ў СМІ з выяваю зніклага журналіста і патрабаваннем праўды пра яго лёс.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)