500 дзеячоў грамадства і культуры Беларусі звярнуліся да Далі Грыбаўскайце

Зварот датычыць перапахавання парэшткаў паўстанцаў 1863—1864 гадоў, павешаных царскімі ўладамі.

Парэшткі знайшлі на гары Гедыміна ў Вільні. Генетычная экспертыза выявіла: сярод пахаваных — і Кастусь Каліноўскі. Беларуская грамадскасць звяртаецца да прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайце, прэм'ер-міністра Літвы Саўлюса Сквярняліса, іншых упаўнаважаных асоб.

Зварот ўжо падпісалі прыкладна 500 чалавек. Подпісы працягваюць надыходзіць.

«Беларуская грамадскасць з хваляваннем сочаць за працэсам перапахавання паўстанцаў 1863—1864 гадоў, знойдзеных на гары Гедыміна. Тыя паўстанцы — нацыянальныя героі не толькі Літвы і Польшчы, але і Беларусі.

Сярод іх Кастусь Каліноўскі — сімвал змагання Беларусі за сваю незалежнасць, чалавек, які выдаваў першую газету на беларускай мове. Яго прыклад натхняе і цяперашняе пакаленне беларускай моладзі на барацьбу за свабоду і самавызначэнне.

Паўстанцы — літоўцы, беларусы, палякі — разам змагаліся з царскімі акупантамі, разам аддавалі сваё жыццё, разам размаўлялі па-беларуску, літоўску, польску, каб Літва, Беларусь, Польшча сталі свабоднымі.

Магілы паўстанцаў будуць месцам паломніцтва маладых беларусаў. Дзеля будучыні Беларусі важна, каб надпісы на іх магілах былі і на беларускай мове. Просім улічыць гэта пры вырашэнні пытанняў перапахавання. Гэта дапаможа збліжэнню беларускага і літоўскага народаў, якія маюць супольную тысячагадовую гісторыю».

Зварот, у прыватнасці, падпісалі Станіслаў Шушкевіч, Радзім Гарэцкі, Алесь Бяляцкі, Івонка Сурвіла, Аляксандр Мілінкевіч, Уладзімір Арлоў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(43)