5 вершаў Генадзя Бураўкіна
Ад «Незнаёмкі» да «Малітвы».
***
Дагарала ў сорак трэцім восень
Ціхім арабінавым агнём,
Нас мінаў вясковы лістаносец,
І старэла маці з кожным днём.
А затым, у лютаўскую замець,
На парозе позняю парой
Бацька абдымаў мяне і маму
Леваю адзінаю рукой.
Аднагодак кожны мой раскажа,
Колькі меў у першым класе бед:
Як рабілі мы чарніла з сажы,
Як пісалі на лістах газет…
Я пазнаў тады акрайца хлеба
Самую суровую цану,
Палюбіў густую просінь неба,
Люта зненавідзеўшы вайну.
НЕЗНАЁМКА
Яна ішла сцяжынкай вузкай
Да вечаровага сяла.
І ветразем над сіняй блузкай
Касынка белая плыла.
Ішла няспешна і стамлёна,
Спакой дзявочы несучы.
І шаўкавістай пасмай лёну
Каса ляжала на плячы.
І ў затуманеным прасторы
Ці то ў душы маёй плылі
Вачэй бяздонныя азёры,
Крылатых броваў жураўлі.
Ах, незнаёмка, незнаёмка,
Неспадзяваная бяда!
І прыпыніць цябе няёмка,
І адпусціць цябе шкада.
Калі яшчэ на сцежцы вузкай
Цябе сустрэну ля сяла?..
Як ветразь, над блакітнай блузкай
Касынка белая плыла…
***
Я не ганю землі чужыя –
Хай іх сонца не абміне.
Толькі дзе за морам ні жыў я,
Беларусь мая снілася мне.
Так карцела – сляза закіпала –
Каб да сэрца хаця б здалёк
Прыплывалі жалейка Купалы,
Багдановічаў васілёк…
Гэта ўсё, безумоўна, не нова.
А ці трэба каб новым было
Поле бацькава, матчына мова
І над хатай буслова жытло?
Хіба душы свае не лечым
Ад бяздомных бядот і згрызот
Самым простым і самым вечным,
Што пранёс праз вякі народ?
І якія б шляхі не схадзіў я,
Кліча полацкая сенажаць…
А калі не спяваць аб Радзіме,
Дык навошта наогул спяваць?
ЛІСТОК АЛЬБОМА З ХІХ СТАГОДДЗЯ
“У шляхетным палацы,
У аздобленай мармурам зале,
Дзе грымела мазурка
І свечкі гарэлі ледзь-ледзь,
Перад дамамі сэрца
Паэты калені схілялі –
І жанчыны шчасліва
Пачыналі ўміг маладзець.
Гнеўны верш, як пальчатку,
Кідалі збялелым тыранам,
Ад сябе лёгкім жэстам
Адвёўшы знямелую смерць,
На світанні паэты
Прыносілі кветкі каханым –
І жанчыны шчасліва
Абяцалі ім век не старэць.
З-пад чужых небасхілаў,
Дзе крыж свой пакутніцкі неслі,
Дзе ў душы дагаралі
Летуценні былыя і злосць,
Прысылалі паэты сяброўкам
Лебядзіныя песні –
І жанчыны шчасліва
Бераглі праз гады маладосць.
І няхай у высокіх палацах
Пацямнеюць паркеты
І прыглухне мазуркі
Шляхотная медзь –
Пакуль будуць жанчыны,
Не замоўкнуць паэты,
Пакуль будуць паэты,
Жанчыны не будуць старэць…”
МАЛІТВА
Мы здалёку ўбачылі свабоду
I яшчэ не вырваліся з пут…
Божа,
Не дабаў майму народу
Пошасці,
Няпраўды
I пакут.
У чужым нялюдскім землятрусе
Хіба ў нечым мелі мы віну?..
Божа,
Адвядзі ад Беларусі
Здраду,
Вераломства
I вайну.
Смутнаю парою нелюдзімай,
Калі ўсё вакол ідзе на злом,
Божа,
Захіні маю Радзіму
Мудрасцю,
Спакоем,
I цяплом.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное