Общество

5 спосабаў адсвяткаваць Дзень Волі

Арганізатары вырашылі адмовіцца ад пляцоўкі на Бангалор і прапануюць іншыя варыянты, каб кожны беларус змог паўдзельнічаць у свяце.

Фота Сяргей Гапон

У панядзелак арганізатары свята атрымалі канчатковую адмову па ўсіх годных пляцоўках для святкавання Дня Волі 2019.

На bnr.by беларусам прапануюць правесці святкаванне 101-ых угодкаў БНР у любым выпадку, у Мінску, іншых гарадах Беларусі і па ўсім свеце, офлайн і ў Інтэрнэце. Для гэтага распрацавалі магчымыя варыянты дэцэнтралізаванага святкавання, і кожны беларус зможа ў ім узяць удзел.

1. Вывесіць сцягі і гербы БНР

25-ага сакавіка можна паказаць свой удзел у свяце, а таксама любоў і павагу да беларускай нацыянальнай сымболікі.

Яе можна вывесіць на сваім балконе, завесіць акно ў сваёй кватэры, змясціць у сваім аўта, усталяваць у двары прыватнага дому.

Гэтыя дзеянні абсалютна законныя і кожны беларус мае на іх права.

2. Зладзіць вялікі супольны салют

Увечары 25 сакавіка, роўна а 21:00 можна далучыцца да святочнага феерверку.

Для гэтага дастаткова: набыць феерверк у любой легальнай краме піратэхнікі; запусціць яго, згодна з інструкцыяй па бяспецы на пакунку.

Гэта абсалютна легальна, апроч таго – гэта весела! Велічэзны салют на ўсю краіну – вы самі пачуеце, як з суседніх двароў, стадыёнаў і офісных парковак вас падтрымліваюць землякі. Будзе файна!

3. Прыехаць на святочны канцэрт у Горадні

Другая сталіца БНР у гэтым годзе стане адным з галоўных цэнтраў святкавання. 23 сакавіка ў Каложскім парку, з 13:00 па 17:00 адбудзецца святочны мітынг і канцэрт.

4. Прынесці кветкі

У любы час 25 сакавіка прынесці кветкі да дому на Валадарскага 9 г. Менску, дзе была падпісаная 3-ая ўстаўная грамата БНР.

5. Адсвяткаваць у любой установе

Можна склікаць сяброў ды блізкіх увечары ва ўстановы вашага гораду, а ў 21:00 выйсці паглядзець на нацыянальны салют.

Арганізатары лічаць забарону святкавання 101-ых угодкаў БНР у цэнтры сталіцы палітычна матываванай

— Мы да апошняга намагаліся, каб беларусы зноў маглі годна адсвяткаваць 101-годдзе БНР, як і ў мінулым годзе — вялікай імпрэзай. Але паўгода перамоваў, спробаў знайсці кампраміс не дапамаглі. Пабачыўшы летась дзясяткі тысяч беларусаў каля Опернага Тэатра, улады спужаліся паўтору і забаранілі маштабнае святкаванне ў цэнтры гораду, а Лукашэнка публічна паслаў нас усіх на Бангалор, — з такім зваротам арганізатары БНР100 звярнуліся да людзей.

Каманда патлумачыла, чаму вырашыла адмовіцца ад пляцоўкі на Бангалор (і іншых падобнага кшталту).

Арганізатары лічаць, што Бангалор не адпавядае маштабу і характару імпрэзы, і прапанова святкаваць незалежнасць сваёй краіны там — гэта знявага для беларусаў, для якіх важныя каштоўнасці свабоды і незалежнасці.

Яны падкрэсліваюць, што нацыянальныя святы вартыя месцаў у цэнтры гораду.

Акрамя таго, арганізатары звярнулі ўвагу на тое, што пляцоўка тэхнічна не змяшчае больш за 3000 чалавек. Гэта проста небяспечна, калі людзей будзе больш.

— Мы лічым забарону святкавання 101-ых угодкаў БНР у цэнтры гораду палітычна матываванай, якая кажа пра няздольнасць уладаў весці дыялог з грамадзянскай супольнасцю і знаходзіць кампрамісы дзеля такіх каштоўнасцяў, як дэмакратыя і незалежнасць нашай краіны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(35)