5 словаў пра Беларусь
«Салідарнасць» папрасіла прэтэндэнтаў на месца ў парламенце ахарактарызаваць сённяшнюю краіну з дапамогай паўдзясятка вобразаў.
Алесь Лагвінец
Радзіма. Гэта самае блізкае, самае дарагое.
Гасціннасць. Тое, што найлепш характарызуе нашых людзей.
Прыгажосць. Думаю, тут не варта нічога тлумачыць.
Нерэалізаванасць. Беларусы могуць жыць нашмат лепш, яны могуць працаваць, яны — разумны і адэкватны народ, але ёсць улада, якая не дазваляе задзейнічаць гэты невыкарыстаны патэнцыял. Палітычныя і эканамічныя варункі не дазваляюць Беларусі быць лідарам у нашым рэгіёне.
Бязвер’е. Многія беларусы не вераць у саму магчымасць зменаў, ва ўласныя сілы нешта памяняць.
Вадзім Леван
Надзея. Вера ў магчымасць здзяйснення жаданняў.
Трываласць. Здольнасць пераносіць цяжкія часіны.
Патэнцыял. Мы маем людскія, інтэлектуальныя рэсурсы, але яны пакуль не рэалізаваныя.
Рэзервацыя. Наша краіна — гэта герметычная сацыяльная прастора.
Цыклічнасць быцця. Жыццё тут часта нагадвае «Дзень сурка».
Таццяна Караткевіч
Перспектыва. Я кажу выбаршчыкам, што сёння нам не хапае адчування перспектывы эканамічнага развіцця. Людзі пераносяць сваё жыццё і важныя рашэнні на будучыню, думаюць пра эміграцыю, часам яны вельмі нерашучыя. Мой паход у парламент — гэта намер даць людзям перспектыву.
Павага. Прорва паміж уладай і простымі людзьмі расце. Людзі не задаволеныя тым, што іх не чуюць. Што ўлады вырашаюць свае праблемы за кошт простых грамадзян, не прапануючы нічога істотнага ўзамен. Гэта і падвышэнне пенсійнага ўзросту, і новыя падаткі. Гэта выклікае вялікую незадаволенасць. Я хачу змяніць сітуацыю, каб людзі адчулі павагу да сябе, каб законы былі на іх баку.
Дабрабыт. Сёння мы чытаем у СМІ, што многія беларускія сем’і не даядаюць, абмяжоўваюць сваё культурнае жыццё. Наша праграма мірных пераменаў скіраваная на тое, каб жыццё беларусаў змянялася да лепшага, каб дабрабыт кожнай сям’і рос.
Дыялог. Наш прынцып і каштоўнасць. Сёння, калі грамадства падзелена на тых, хто не хоча нічога мяняць, і тых, хто прагне зменаў, мы лічым, што механізмам для набліжэння праменаў з’яўляецца дыялог.
Добрасуседства. Суседства павінна быць адказным. І праз 25 гадоў незалежнасці мы застаемся моцна залежнымі эканамічна. Як ад суседзяў з усходу, так і ад заходніх суседзяў. Мы мусім будаваць сваю палітыку добрасуседства так, каб гэта станоўча ўплывала на нашу эканаміку.
Мікалай Уласевіч
Еўрапейская. Беларусь — гэта еўрапейская краіна. Гэта факт.
Недэмакратычная. На жаль. Народ адхілены ад кіравання дзяржавай, у краіне няма выбараў.
Неправавая. З аднаго боку маем уседазволенасць і беспакаранасць чыноўнікаў, з другога — застрашаны і зацугляны кантрактнай сістэмай народ.
Таталітарная. Канстытуцыя гарантуе нам палітычны плюралізм, але на справе мы бачым, што ўлада навязвае нам адзіную для ўсіх дзяржаўную ідэалогію. Прызначэнне гэтай ідэалогіі палягае ў адным: каб тыя, хто сёння ўтрымлівае ўладу, кіравалі краінай як мага даўжэй.
Карумпаваная. Таталітарная сістэма не можа быць чыстай ад карупцыі. У нас кіраўнік дзяржавы вырашае лёс чыноўнікаў свайго кадравага рэестра — каго вызваліць ад крымінальнай адказнасці, а каго пакараць. То бок, карумпаванасць у нас мае самы высокі ўзровень.
Аляксей Янукевіч
Незалежнасць. Беларусь усё больш адчувае сябе незалежнай. Беларусы ўсё больш прыходзяць да ўсведамлення сваёй краіны менавіта як незалежнай. Гэтыя працэсы грунтуюцца не толькі на 25 гадах суверэнітэту, але і проста зараз усведамленне важнасці незалежнасці, яе абароны і захавання робяцца мэйнстрымам.
Нечаканасць. З гэтым сутыкаюцца як госці краіны — з Расіі і з Захаду — так і ўласна беларусы. У пераважнай большасці нечаканасць гэтая прыемная. Мы адкрываем для сябе суайчыннікаў з мінулага, і сучаснікаў — творцаў і лідараў, чые жыццёвыя прыклады вартыя для гонару і пераймання.
Незапатрабаванасць. Вельмі шмат сёння людзей з вялікім патэнцыялам, гатовых працаваць на карысць краіны, але незапатрабаваных з боку дзяржавы. Шмат якія галіны эканомікі, асабліва сучасныя, на жаль, вельмі часта застаюцца па-за ўвагай чыноўнікаў, дзяржапарата.
Няпэўнасць. Вялікая частка людзей не мае ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Найперш гэта тычыцца стану эканомікі, заробкаў, магчымсці забяспечыць годнае жыццё сваім сем’ям. З няпэўнасцю сутыкаюцца і заможныя беларусы, якія ў сённяшніх варунках баяцца страціць свой бізнес. Дзяржчыноўнікі баяцца апынуцца за кратамі. І гэтую няпэўнасць агулам узмацняе нявызначаная геапалітычная сітуацыя ў нашым рэгіёне.
Надзея. Беларусы спадзяюцца на лепшае. На тое, што эканамічны крызіс не пойдзе занадта глыбока, што вайна абміне. І значная частка грамадства спадзяецца, што нацыянальнае адраджэнне, хваля якога зараз уздымаецца, неўзабаве прывядзе да трансфармацыі Беларусі. Якая стане моцнай, незалежнай і сапраўды беларускай.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное