40 дзён па Паўлу Шарамету
Жорсткае забойства вядомага журналіста, заснавальніка сайта «Беларускі партызан», да гэтага часу не раскрытае.
Нягледзячы на гэта калегі ў Беларусі, Украіне, Расіі і іншых краінах свету спадзяюцца, што вінаватыя будуць знойдзеныя і панясуць пакаранне.
Павел Шарамет быў забіты 20 ліпеня гэтага года падчас тэракта ў Кіеве. Выбух здарыўся ў 7.45 раніцы на рагу вуліцы Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка. Машына, у якой спрацавала выбухоўка, належала сузаснавальніцы "Украинской правды" Алене Прытуле, але яе ў аўтамабілі не было.
Павел Шарамет пахаваны ў Паўночных могілках у Мінску.
Павел Шарамет нарадзіўся 28 лістапада 1971 года ў Мінску. Пасля школы паступіў на гістарычны факультэт БДУ, дзе правучыўся тры курсы. Скончыў факультэт міжнародных эканамічных адносінаў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Да 1992 года працаваў у адным з беларускіх банкаў. Затым прыйшоў на беларускае тэлебачанне. Вядомасць атрымаў як вядучы штотыднёвай аналітычнай праграмы "Праспект".
У 1996 годзе працаваў галоўным рэдактарам "Белорусской деловой газеты". У тым жа годзе быў прызначаны загадчыкам беларускага бюро Грамадскага расійскага тэлебачання (цяпер Першы канал) і ўласным карэспандэнтам ОРТ па Беларусі.
У ліпені 1997 года, падчас здымкі рэпартажу аб сітуацыі на беларуска-літоўскай мяжы, быў арыштаваны супрацоўнікамі сілавых структур Беларусі паводле абвінавачання ў незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы, у атрыманні грошай ад замежных спецслужбаў і ў незаконнай журналісцкай дзейнасці. Быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна і да аднаго года выпрабавальнага тэрміну, правёў у турме ўвогуле тры месяцы.
У 1998 годзе Шарамет пачаў працаваць спецыяльным карэспандэнтам праграм "Новости" і "Время" дырэкцыі інфармацыйных праграм ОРТ, а ў студзені 1999 года заняў пасаду шэф-рэдактара расійскай і замежнай карэспандэнцкай сеткі дырэкцыі інфармацыйных праграм ОРТ. Быў вядучым штотыднёвай аналітычнай праграмы "Время".
У 2000 годзе Шарамет пайшоў з праграм навін і працягнуў працаваць на Першым канале як аўтар дакументальных фільмаў і спецыяльных праектаў у межах інфармацыйных праграм. Канчаткова пакінуў тэлеканал у 2008 годзе. З 2009 года з`яўляўся рэдактарам аддзела палітыкі і грамадства ў часопісе "Огонёк". У 2011 годзе Шарамет нядоўга вёў перадачу "Приговор" на тэлеканале РЕН ТВ.
Быў адным з заснавальнікаў "Беларускага партызана". У 2012 годзе стварыў сайт навукова-папулярнага гістарычнага інтэрнэт-выдання "Историческая правда". З 2012 года вёў блог журналіста ў інтэрнэт-газеце "Украинская правда", у далейшым стаў яе выканаўчым дырэктарам.
З верасня 2013-га па 2014 год працаваў вядучым праграмы "Прав? Да!" на Грамадскім тэлебачанні Расіі. У чэрвені 2015 года запусціў аўтарскі праект "Диалоги" на ўкраінскім тэлеканале 24. З верасня 2015 года па красавік 2016 года — вядучы на ўкраінскім радыё "Вести".
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное