Политика

Зміцер Панкавец, Наша ніва

32-гадовая дэпутатка-камуністка: Не чытала Маркса і Леніна, на працу дабіраюся на папутках

Адной з наймаладзейшых дэпутатак новага склікання Палаты прадстаўнікоў стала Наталля Голуб. Ёй 32 гады, а абраная Голуб па Івацэвіцкай акрузе ў Брэсцкай вобласці.

Голуб узначальвае БРСМ у Бярозоўскім раёне.

Каб болей даведацца пра абранніцу, «Наша Ніва» патэлефанавала ёй і задала некалькі пытанняў.

– Раскажыце крыху пра сябе.

– Нарадзілася я ў Бабруйску, але па размеркаванні трапіла ў Бярозаўскі раён. Гэта не чужыя для мяне мясціны, з вёскі Галіцы была мая мама. Яна там нарадзілася, сталела, хадзіла ў школу. Калі я прыехала па размерканні, то жывым быў яшчэ мой дзядуля. Ён быў перадавіком працы, працаваў трактарыстам у калгасе «Запаветы Леніна». Узнагароджаны ордэнам Леніна ў 1984 годзе.

– Вы ж скончылі Сельскагаспадарчую акадэмію?

– Так, скончыла ў 2010 годзе. Факультэт бухгалтарскага ўліку і аўдыту, скончыла з адзнакай. Так я і трапіла на працу ў СПК «Вінец». Перад гэтым я праходзіла тут сваю практыку, мне ўсё падабалася, таму і размеркавалася сюды.

– Да размеркавання розныя стаўленні. Адны называюць гэта ледзь не рабствам, іншыя радуюць, што моладзі даюць першае месца працы. Што вы думаеце?

– Канечне, добра. Гэта ж першае працоўнае месца. Калі пайсці на нейкую працу, у цябе спытаюць пра досвед і працоўны стаж. А дзе яго ўзяць маладому спецыялісту? Толькі па размеркаванні. І вельмі добра, што ёсць такая магчымасць.

У СПК «Вінец» я адпрацавала пяць гадоў. Спачатку была проста бухгалтарам, пасля стала намеснікам галоўнага бухгалтара. У 2011 годзе я сама паступіла ў Акадэмію кіравання пры прэзідэнце атрымліваць другую вышэйшую адукацыю. Гэта быў інстытут кіраўнічых кадраў, а спецыяльнасць - «Дзяржаўнае кіраванне і права». Вучылася завочна чатыры гады. Скончыла ў 2015 годзе. У гэты час у сельскай гаспадарцы «Вінец» я ўжо працавала сакратаром і юрыст-консультам.

– А потым пайшлі па лініі БРСМ?

– Я калісьці прафесійна займалася турызмам. На прадпрыемстве стала арганізоўваць каманды, ездзілі на турзлёт, дзе занялі першае месца. Былі футбол, валейбол. Маімі задачамі было знайсці моладзь і арганізаваць каманду. «Дні моладзі» арганізоўвалі, іншыя мерапрыемствы. У мяне ўсё гэта выдатна атрымлівалася, так мяне заўважылі.

– І запрасілі на працу ў Бярозу?

– Так. Хаця я ў горад не пераязджала, па-ранейшаму жыву ў вёсцы, езджу ў Бярозу на працу. Раней у «Вінец» было 3,5 кіламетра да працы, а цяпер - 10.

– На працу ездзіце аўтамабілем?

– Не, як атрымаецца.

– Што, і папуткі бывае ловіце?

– Так, і такое ёсць.

– Жыллё вы маеце сваё?

Так, мне ж у спадчыну засталося. Спачатку там жылі бацькі маёй мамы, потым маме перайшло, а шэсць гадоў таму мама загінула, і гэта адышло мне.

– А што вы робіце ў БРСМ?

– У мяне ёсць галоўны бухгалтар і вядучы спецыяліст у Белаазёрску. Найперш мне давялося арганізаваць камандную працу. Гэта не было складана, бо яшчэ падчас працы ў сельскай гаспадарцы перад мной ставілася шмат задач, і важна было ўсё паспець: і адказаць на званкі, і напісаць лісты і г.д. Таму я працы такой не баялася. Злёту стала разумець сутнасць працы, што на ёй рабіць. У нас жа кірункі ёсць: і патрыятычнае выхаванне, і студэнцкія атрады, і валанцёрская дзейнасць, ахова парадку, сацыяльныя сеткі. Вельмі шмат абавязкаў, па якіх патрэбны быў дакладны план, што трэба рабіць. Вось гэта і ёсць мая праца.

– Наталля, чаму вы пайшлі ў палітыку?

– Напэўна, мне хочацца прасоўваць не толькі ўласныя ініцыятывы, а больш гаварыць пра тое, што хвалюе народ. Гэта звычайныя жыццёвыя пытанні: і добраўпарадкавання горад, і іншыя.

– Гэта была ваша ўласная ініцыятыва пайсці ў дэпутаты ці нехта прапанаваў?

– Уласная, я ў мінулым годзе дэпутатам сельскага савета. Мабыць, і няправільна казаць, што гэта самы нізкі ўзровень. Але гэта якраз тыя дэпутаты, якія непасрэдна працуюць з насельніцтвам. Год ужо прайшоў і я пабачыла свае магчымасці і веды, каб дапамагаць людзям. Калі ў гэтым годзе абвесцілі парламенцкія, то я падумала, а чаму б і не?

– Людзі не баяліся вас падтрымліваць праз узрост?

– Ды не. Яны ж бачылі, які я чалавек, як спраўляюся са сваімі задачамі, як выходжу на кантакт з людзьмі, магла нешта падказаць у рашэнні пытанняў. Я ж маю досвед як эканамічны, так і юрыдычны. Таму і падтрымалі моладзь.

– Вы сябра Камуністычнай партыі Беларусі. Чаму маладая дзяўчына прыйшла да камуністаў?

– Ну было такое. Здаецца, у 2018 годзе, а можа і не. Прыйшла на адно мерапрыемства, паразмаўляла. Паслухала, якія яны падтрымліваюць ініцыятывы, кірункі дзейнасці… Так і ўступіла ў гэтую партыю. Значыць, раздзяляю іх погляды.

– Маркса і Леніна вы чыталі?

– Напэўна, не чытала.

– Дык а якія іх погляды вы падтрымліваеце? Былі сталінскія рэпрэсіі, што вы пра іх думаеце?

– Вы хочаце пра гэта напісаць?

– Канечне, хочам. Нечым жа вы кіраваліся, калі прыходзілі ў КПБ.

– Ну кіравалася. Я б, мабыць, не адказвала б на гэтае пытанне.

– З якім адчуваннем вы паедзеце ў Мінск на першую сесію?

– Хваляванне ў першую чаргу. Мне хочацца… як гэта выразіць словамі? Хачу адстойваць інтарэсы сваіх выбарцаў, каб у мяне ўсё атрымалася, і я не падвяла людзей.

– Можа, ужо маеце нейкія ідэі законапраектаў? Пэўныя «хатнія нарыхтоўкі».

– Нейкія ёсць, але больш я хачу прасоўваць ініцыятывы, што будуць сыходзіць ад выбарцаў, што хвалюе народ.

– А што хвалюе народ у Бярозе і Івацэвічах?

– У першую чаргу іх хвалюе добраўпарадкаванне населеных пунктаў, якасць пітной вады. Гэта хвалюе жыхароў нашага рэгіёну.

– Але гэта ўсё праца на месцы, а што вы будзеце рабіць у парламенце?

– Былі думкі… Былі адносна ўдасканалення сістэмы адукацыі.

– Раскажыце пра гэта.

– У мяне ёсць на гэты конт думкі. Ну, не ведаю. Каб у нашых бацькоў было больш адказнасці за дзяцей. Педагог адказвае за дзіця толькі на тэрыторыі школы. Адказвае за веды, за патрыятычнае выхаванне моладзі, а ўжо бацькі адказваюць за дзіця за межамі школы. Павінна адбывацца такое размежаванне зоны адказнасці.

– Наталля, што вы думаеце пра саюз Беларусі і Расіі? Патрэбны ён нам ці не?

– Ведаеце, вы такія пытанні задаеце…

– Вы ж палітык!

– Мы пачынаючыя палітыкі. Тыя, хто адпрацаваў больш часу, у каго быў тэрмін у парламенце, у іх больш поглядаў.

– У вас ёсць у палітыцы ўзор на каго хочацца раўняцца?

– Я, можа, не так і моцна сачыла. Але раней кіраўнік «Вінеца» Яўген Шымчук, кандыдат эканамічных навук, быў у парламенце. Я б хацела на яго раўняцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.2(34)