30 Seconds To Mars папрасілі рэклямаваць іх выступ па-беларуску
Амэрыканскі рок-гурт увойдзе ў гісторыю айчыннага шоў-бізнэсу як першая каманда міжнароднага маштабу, якая высунула патрабаваньне анансаваць іх выступ на беларускай мове.
– Мы ўпершыню сутыкнуліся з такой просьбай, але яна нам спадабалася, – кажа арганізатар канцэрту Павал Багдановіч з агенцтва «Канцэртхолгруп».
У 30 Seconds To Mars у патрабаваньнях ёсьць пункт, датычны таго, што афішы іх канцэртаў павінны быць надрукаваныя на нацыянальнай мове той краіны, куды яны прыязджаюць. Такім чынам, гурт Джарэда і Шэнана Лета прадставіць у Менску праграму пад назвай «Каханьне + палкасьць». Канцэрт заплянаваны ў «Чыжоўка-Арэне» на 4 красавіка 2015 году.
30 Seconds To Mars лічыцца адным з самых гастралюючых калектываў у сьвеце і зьбірае аншлягі на ўсіх кантынэнах. Гурт нават уключаны ў «Кнігу рэкордаў Гінэса» за тое, што ў межах свайго туру ў падтрымку альбому «This Is War» далі больш за 300 канцэртаў.
Квіткі на іх менскі канцэрт будуць прадавацца з 16 кастрычніка праз сайт і касы Kvitki.by, а таксама ў офісе арганізатараў на вул.К.Маркса, 25, офіс 10. Кошт пачынаецца ад 350 000 руб.
Оцените статью
1 2 3 4 5Избранное