Общество
Арцём Гарбацэвіч, «Наша Ніва»

21-гадовы беларус расказаў, як кінуў універсітэт і пайшоў служыць ва Французскі легіён

Усяго ў легіёне служаць сотні дзве беларусаў.

Беларус «Марк» не хоча называць свае прыватныя дадзеныя, хаваецца за пазыўным. Яму толькі 21 год, але хлопец ужо служыць у Французскім Легіёне і паспеў паваяваць ва Украіне.

Кажа толькі, што з’ехаў з Беларусі два з паловай года таму, кінуўшы ўніверсітэт на другім курсе.

«Шукаў, даруйце, прыгодаў на сваю дупу. Купіў сабе аўтобусны тур па Еўропе, выйшаў ва Францыі і падаўся на вербовачны пункт Французскага легіёну», — распавёў «Нашай Ніве» «Марк».

«Праз два тыдні ўжо апрануў форму легіёна, — працягнуў хлопец, — фізічныя выпрабаванні былі не такімі цяжкімі, упор рабіўся на бег. Апроч таго, былі і медыцынскія, псіхалагічныя тэсты, на інтэлект таксама. Ну і галоўнае — не мець праблем з законам».

Хлопец расказаў, што, апроч яго, у роце служыць яшчэ некалькі беларусаў. Агулам жа ў Легіёне іх чалавек з 200.

«Плацяць нам у залежнасці ад палка. Скажам, ад 1300 еўра да 2000 плюс розныя надбаўкі, за місіі ў замежжы заробак падвойваецца. Спачатку я служыў парашутыстам у другім парашутным палку (2-ieme regiment etrangere de parachutistes), цяпер перавёўся ў пехоту мінамётчыкам, паехаў служыць у Французскую Гвіяну на тры гады.

Потым вярнуся ў парашутысты», — расказаў «Марк» і падкрэсліў, што ў Легіёне сумна і шмат непатрэбнай муштры.

Самай запамінальнай падзеяй для «Марка» стаў ягоны ўдзел ва ўкраінскім канфлікце — хлопец паехаў туды на месяц падчас водпуску.

«У шэрагах Легіёна я не ваяваў. Ён цяпер рэдка ваюе, дый вайной гэта можна назваць з вялікай нацяжкаю. Адзінае, дзе ваяваў — гэта месяц ва Украіне. Гэты час я хацеў выкарыстаць на максімум — атрымаць баявы досвед і дапамагчы братняй краіне ў абарончай вайне. Я быў байцом атрада «Пагоня», служыў у «Азове» пад пазыўным «Марк». Але я не забіваў. Страцілі таварыша пад абстрэлам. У тым канфлікце мяне ўразіў вэрхал і бяздзеянне камандавання, якое літаральна стрымлівала байцоў. А яшчэ гэтая місія АБСЕ, якая, відаць, займаецца толькі шпіянажам на карысць г.зв. «сепаратыстаў», — падзяліўся ўражаннямі «Марк».

Разам з гэтым хлопец падагульніў, што гэтая вайна, на яго думку, працуе на палітыкаў і стварае ўмовы для нажывы кіроўнай вярхушкі.

А калі хлопец вярнуўся ў легіён, то вырашыў даслужыць там яшчэ некалькі гадоў, каб атрымаць французскае грамадзянства і потым толькі вярнуцца ў Беларусь.

«Грамадзянства французскае можна атрымаць толькі пра 5 гадоў. Як мне вядома, служба ў Легіёне не падпадае пад адказнасць за наёмніцтва [тут «Марк» памыляецца — служба ў Лёгіене лічыцца ў Беларусі крымінальным злачынствам. Праўда, не вядома, ці быў хоць хтосьці рэальна асуджаны — АГ] Раней за вызначаны час вярнуся на Радзіму, калі на нас хтосьці нападзе. Бараніць буду не раздмуваючы», — падагульніў «Марк». 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)